Унікальна і ні на што не падобна

№ 42 (1481) 17.10.2020 - 23.10.2020 г

Сакрэты стварэння мультфільмаў
Анімацыйны фільм “Паданне пра гуслі” рэжысёра і мастака-пастаноўшчыка Таццяны КУБЛІЦКАЙ працягвае збіраць прызы на міжнародных фестывалях. Цягам мінулага месяца беларускую стужку адзначылі на фестывалі дзіцячага і сямейнага кіно “Ноль плюс” у Цюмені, на севастопальскім “Залатым Віцязі”, а раней і на іншых фэстах. Падобны пераможны лёс ва ўсіх фільмаў рэжысёра Таццяны Кубліцкай — у гэтую прафесію яна прыйшла 10 гадоў таму, а як мастак-пастаноўшчык свой першы мультфільм зрабіла яшчэ ў 1985 годзе. “Піліпка”, “Сараканожка”, “Вясна ўвосень” — творы не проста папулярныя і любімыя дзіцячай аўдыторыяй, але і высока ацэненыя сусветнай прафесійнай суполкай. “Паданне пра гуслі” — стужка мінулага года, беларуская і па мове, і па выявах, і па гісторыі. З Таццянай Кубліцкай мы пагаворым і пра самы новы фільм, і пра прынцыпы працы — паспрабуем разгадаць сакрэт стварэння яе знакамітых фільмаў.

/i/content/pi/cult/820/17547/17.jpg— У цюменскім фестывалі “Ноль плюс” я ўжо неаднойчы ўдзельнічала — і з фільмамі, якія атрымлівалі ўзнагароды, і сама працавала ў складзе журы. Сёлета ў “Падання пра гуслі” спецыяльны прыз міжнароднага журы “За выхаванне сілы духу і веры ў сябе”. Але што найбольш мяне парадавала і нават трохі здзівіла — дзіцячае журы прызнала наш фільм лепшым сярод анімацыйных. А дзеці ж часта абіраюць вясёлыя, гэгаўскія стужкі — паглядзеў, пасмяяўся. Потым, праўда, і хутка забыўся. А тут яны выбралі не самую простую гісторыю — выбралі героя, якому суперажывалі.

/i/content/pi/cult/820/17547/18.jpg— Сюжэт, як мне падаецца, дзецям зразумелы: бацька ваюе, сям’я без бацькі гаруе і галадае, сын ідзе яго шукаць, па дарозе сустракае казачных персанажаў. Вы не толькі рэжысёр і мастак-пастаноўшчык, але і аўтар сцэнарыя.

— Пад час працы над фільмам, канешне, у першую чаргу я згадвала гісторыю Беларусі — вайна для нас не абстрактная з’ява. Думала і пра многія пакаленні суайчыннікаў, і пра свайго бацьку, які ў 12 гадоў застаўся галоўным у сям’і. Думала пра беларускія казкі — гісторыя ж пабудавана па законах казкі. Вецер дапамагае герою знайсці Далёкае поле, на якім сабраліся войскі. І хлопчык робіць з ваярскага шчыта і цяціў з лукаў гуслі, чароўная музыка якіх прымушае ваяроў згадаць пра сем’і і ранейшае мірнае жыццё. Бацька вяртаецца дадому. Сапраўды — гісторыя агульначалавечая і зразумелая дзецям у розных краінах.

Праўда, бываюць нюансы. Вось летась мы яшчэ паспелі з’ездзіць на фестываль “Зуброўка” ў Беласток, і там маленькія гледачы з цікавасцю абмяркоўвалі ўбачанае, задавалі нам пытанні. Адно з іх мяне прыемна здзівіла. У стужцы ёсць персанаж — такі тоўсты хлопчык з заможнай сям’і, які крыўдзіць нашага героя. Дык дзеці пыталіся — а чаму гэты багаты хлопчык такі нядобры, чаму ён так паступае? Для іх гэта было дзіўна. Разумееце, там дзеці з маленства ўжо выхоўваюцца на тым, што людзі не павінны крыўдзіць адзін аднаго, не павінны нікога зневажаць і ганьбіць, дзеці ўжо ведаюць, што такое павага да асобы, да чалавека.

— Пра паказы на тэлебачанні і пракат гаворка зараз не ідзе, затое фестываляў у “Падання пра гуслі” ўжо багата.

— Фільм пабываў больш чым на 10 фестывалях. Нядаўна атрымаў прыз на “Залатым Віцязі” ў Севастопалі, адзначаўся на фестывалі ў Кітаі, удзельнічаў у еўрапейскіх фестывалях, у мінскім “Лістападзе”. Прыемна, што фестываль у Хірасіме з 2300 анімацыйных стужак у лік 59 канкурсантаў адабраў і “Паданне”. Пакуль доўжыцца фестывальная гісторыя, па тэлебачанні паказваць яго не варта. Пасля тэлепаказу стужкі імгненна трапляюць у інтэрнэт — зразумела, незаконна. І гэта прыносіць стваральнікам вялікую шкоду. Нядаўна так было, напрыклад, з другой часткай нашай “Азбукі небяспек”, а раней і з “Вясна ўвосень”, калі ў сеціва трапіла ўвогуле рабочая версія.

— Але ж тэлебачанне ў сучасных умовах — практычна адзіная магчымасць беларускаму мультфільму сустрэцца са сваёй мэтавай аўдыторыяй. Хацелася б, каб беларускія дзеці раслі ў першую чаргу не на амерыканскіх ці расійскіх, а на нашых родных беларускіх творах — тым больш што яны выдатныя і ацэненыя ўсім светам, а многія і на беларускай мове, з беларускай тэмай.

— Тэлебачанне час ад часу паказвае нашы мультфільмы. На “Лістападзе” і на магілёўскім фестывалі “Анімаёўка” ёсць анімацыйныя праграмы. Неяк у Мінску была рэтраспектыва стужак беларускіх рэжысёраў у кінатэатры “Піянер”, у Музеі кіно. Падчас дзіцячых канікул школы могуць дамаўляцца з кінастудыяй і рабіць прагляды ў нашай кіназале. На афіцыйным YouTube-канале “Беларусьфільма” ёсць нямала анімацыйных стужак. Ды й іншымі шляхамі фільмы пранікаюць у інтэрнэт, праўда, у нялепшай якасці. Вось мая “Сараканожка” даўно там ходзіць, і многія яе нават лічаць расійскай, бо на рускай мове. Я нядаўна натрапіла на такі каментар, калі маладая дзяўчына піша: “Ой, гэта мой любімы фільм з дзяцінства, я рада, што ён цяпер у інтэрнэце!”

А можна з анімацыйнымі фільмамі працаваць і так: стужку 2015 года “Вясна ўвосень” паводле апавядання Уладзіміра Караткевіча набыў французскі канал — дык і дыскі зрабіў, і розныя гульні прыдумаў, і праграму для дзяцей выпусціў, у якой абмяркоўваецца, чаму герой паступіў так ці інакш, чаму сястрычка дапамагае брату, і гэтак далей. Я нават бачыла, што прадаюцца асобныя карцінкі з “Вясна ўвосень”, скрыншоты — у фільме яскравая, выразная графіка. Такім чынам, канал набыў правы і зарабляе на фільме, ад чаго добра ўсім — і дзецям-гледачам, і аўтарам, і ўладальнікам.

Дарэчы, я тады доўга дамагалася, каб тая дамова з французамі была падпісаная. Мне казалі — а дзе мы возьмем 200 долараў на пераклад тэкста дамовы? Вось на такім узроўні нашы праблемы. Пасля і Польшча хацела набыць наш фільм, але справа так нічым і не скончылася. А як мне казаў польскі прадзюсар — прадаць можна ўсё! Тым больш у нас жа вельмі добрыя анімацыйныя стужкі, іх запрашаюць на фестывалі па ўсім свеце. Творцы сваю справу робяць годна.

— Фільмы для самых маленькіх — гэта ваш выбар? З такой па-сапраўднаму мастацкай графікай можна было б рабіць карціны і для дарослых эстэтаў.

 — Магчыма, калі б трапілася нейкая тэма, ідэя, то я захапілася б і зрабіла. Але працаваць для дзяцей мне вельмі цікава. Да таго ж я разумею, наколькі гэта важна. У малым узросце яны яшчэ ні чытаць, ні пісаць не ўмеюць, і мультфільмы на іх вельмі моцна ўплываюць — што з маральнага, што з мастацкага боку. І для дзяцей я здаўна працавала як кніжны мастак-ілюстратар. А на кінастудыю трапіла па размеркаванні пасля заканчэння аддзялення графікі ў тэатральна-мастацкім інстытуце.

— Усе ведаюць, што ў “Беларусьфільма” сур’ёзныя фінансавыя праблемы, тым не менш вы працягваеце працу над новай стужкай.

— Зараз мы робім трэцюю частку “Азбукі небяспек” — гэта такая больш-менш прыкладная серыя мультфільмаў. І значная частка каманды пакуль працуе без грошай, без аплаты. Падобная сітуацыя нават на самім фільме адбіваецца, бо немагчыма рабіць яго на такім жа ўзроўні якасці, на якім рабіўся, напрыклад, “Піліпка”. Калі мы дзеля добрага выніку па многу разоў штосьці перараблялі, удасканальвалі. Але — не адмаўляцца ж увогуле ад анімацыйных фільмаў.

— У мультфільмах, дзе вы былі і рэжысёрам, значную ролю адыгрывае музыка. І музыканты ў вас адметныя.

— Як рэжысёр я і пачынала з музычнага фільма. Гэта была невялічкая “Калыханка” з народным тэкстам пра зайчыка, якую мне заспявала Маша Яр. Потым я рабіла “Песню жаўрука” — а як тут без музыкі, без птушыных мелодый? Мне пашчасціла тады пазнаёміцца з Леанідам Паўлёнкам з групы “Нагуаль” — гэтыя жывыя інструменты, дудачкі проста ідэальна падышлі, я не ўяўляю, якой атрымалася б стужка без Леаніда. Звычайна музыка ў анімацыйных фільмах з’яўляецца ўжо на апошнім этапе, а для меня яна важная ад самага пачатку, яшчэ на этапе стварэння аніматыка, распрацоўкі сцэн, пры стварэнні вобразаў — я ад яе таксама адштурхоўваюся.

І “Паданне пра гуслі” мы рабілі з Леанідам Паўлёнкам — я адразу ведала, што музыка павінна быць менавіта яго. А нашаму знакамітаму кампазітару Уладзіміру Кандрусевічу я вельмі ўдзячная за “Піліпку”, “Сараканожку” і “Вясну ўвосень”. Там ізноў жа — усё супала, на працягу працы музыка натхняла ўсю нашу здымачную групу. Сапраўды, для мяне музыка ў фільме мае вялікае значэнне.

— У “Паданні пра гуслі” мяне як гледача зачапілі нашы родныя краявіды, сялянскія хаткі, нарэзаныя палеткі. Як звычайна ў вашых фільмах — можна і без сюжэта і дзеяння разглядаць малюнкі. У знакамітай стужцы “Піліпка” 2012 года, якая атрымала мноства прызоў, кожны кадр як карціна. Мне здаецца, самая гэтая эстэтыка мастацтва вельмі важная для развіцця маленькага гледача.

— Што тычыцца “Падання” — то я да 12-ці гадоў расла ў вёсцы, і ўвогуле менавіта беларуская тэма мне найбольш блізкая, я многа з ёй працавала і як ілюстратар, і як кінатворца. І падумала, што такі традыцыйны, а не наватарскі відарыс сюды падыдзе лепей. Мастакамі-пастаноўшчыкамі на гэтым фільме былі я і яшчэ адна таленавітая дзяўчына Аліна Прастак, а дапамагала нам вядомы мастак-графік Лізавета Пастушэнка.

А “Піліпку” сапраўды можна спыняць на любым месцы, і кадр будзе закампанаваны, завершаны, жывапісны: калі ў мяне ёсць магчымасць зрабіць добра, зрабіць якасную графіку — я буду рабіць. Гэта мой выбар. Хаця ў нашых складаных вытворчых умовах падчас мільгае думка — можа, прасцей? Аднак я лічу, калі персанаж занадта схематычны, спрошчаны, за ім нецікава назіраць — ты не бачыш яго эмоцый, ты яму не спачуваеш. Спытай потым дзіцёнка, пра што мультфільм — ён і не скажа, акрамя таго, што гэты стукнуў, той упаў, трэці пабег. І ніякага суперажывання. Стужкі з такой яркай, агрэсіўнай стылістыкай, ці ў якіх персанаж увогуле — гэта адныя вочы ці нешта падобнае выродлівае, я і сама стараюся не глядзець, не хачу, каб непрыемныя карцінкі забівалі мне галаву. І бацькам я б параіла звяртаць увагу на тое, што іх дзеці глядзяць.

У нас кожны фільм ствараецца як адзінкавы твор, як унікальны і ні на што не падобны. “Вясна ўвосень”, які пабываў на неверагоднай колькасці фестываляў, менавіта сваёй графікай заўсёды выклікаў захапленне, тым, што зроблены рукамі і душой, так бы мовіць. Пакуль ёсць магчымасць і далей так працаваць — я буду гэта рабіць, прыгожа і па-мастацку.