Музычны марафон без пераможцаў

№ 42 (1481) 17.10.2020 - 23.10.2020 г

Беларуская дзяржаўная філармонія афіцыйна адкрыла сезон — паводле традыцыі, у Сусветны дзень музыкі 1 кастрычніка. Вечарына была незвычайнай, бо з’яднала адразу некалькі творчых калектываў і салістаў. Дый праграма ўтрымлівала ледзь не скрозь прэм’еры ды “разыначкі”.

/i/content/pi/cult/820/17545/15.jpgПершае аддзяленне было аддадзена камерным філарманічным складам — аркестру і хору, другое — старэйшаму ў краіне (і вечна маладому) сімфанічнаму аркестру, што вядзе адлік ад 1927 года. Своеасаблівы гала-канцэрт? А лепей — аркестравы дыялог. Прычым не першы ў гісторыі нашай філармоніі. Памятаю, як збіраліся тут аркестры і адзін насупраць другога, і, летась да 90-годдзя з дня народзінаў кампазітара Яўгена Глебава, у чарадзе адзін за адным. Што ж мы пачулі на гэты раз?

Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі на чале з Яўгенам Бушковым не толькі “закалыхваў” музыкай В.А.Моцарта і “Калыханкай” П.Чайкоўскага — С.Рахманінава ў апрацоўцы галоўнага дырыжора калектыву, але і ўзрушыў першым у Беларусі выкананнем Варыяцый Н.Паганіні — Э.Ізаі. Гэты твор стаў сапраўдным хіт-парадам артыстаў аркестра, якія па чарзе дэманстравалі сваё віртуозныя магчымасці: сваё сола змог паказаць кожны з дзевяці скрыпачоў і альтыст Ігар Цхаўтрэбаў. Калі і дзе такое пачуеш ды ўбачыш?

Ды ўсё ж у цэнтры ўвагі апынуўся шматчасткавы сучасны аргенцінскі “Магніфікат” Марціна Палмеры, што з’яднаў аркестр з Дзяржаўным камерным хорам Беларусі і чатырма салістамі. Дарэчы, паходжанне аўтара было зразумела і без вывучэння ягонай біяграфіі: у музыцы відавочна “чыталася” творчая спадчына старэйшага суайчынніка і калегі кампазітара — Астара П’яцолы, а менавіта ўласцівыя аргенцінскай культуры “ірваныя” рытмы, вострыя сінкапіраваныя гучанні, элементы танга — асабліва ў партыі банданеона, падобнага да гармоніка ці невялічнага акардэона (саліст — Андрэй Сівакоў). Але ж былі ў творы і іншыя павевы — старадаўняй поліфаніі, джаза і асабліва блюза, бахаўскія матывы крыжа (асабліва ў партыі хору), працяг класіка-рамантычных традыцый, адпаведных характару твора. Уразілі пранікнёная фартэпіянная імправізацыйнасць Марыны Рамейка, пяшчотнае сапрана Настассі Храпіцкай, сакавітае меца Кацярыны Міхнавец. А стылёвая размаітасць быццам дадаткова сведчыла, што да гэтага тэксту кампазітары звяртаюцца, пачынаючы з эпох Адраджэння і Барока, штораз знаходзячы свае музычныя павароты.

Аляксандр Анісімаў, фарміруючы праграму Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі, што выступіў пасля антракту, таксама імкнуўся паказаць салістаў — запрошаных і ўласных, узрошчаных у самім калектыве. Пра гэтым акурат палова выкананых твораў належала беларускім кампазітарам. Хай арыя Галькі з аднайменнай оперы С.Манюшкі гучала на мове арыгінала па-польску (салістка — Ірына Крыкунова з Расіі), сёння ўжо шырока вядома, што першую рэдакцыю твора кампазітар родам з Міншчыны напісаў на нашых землях. У інструментальнай “Арыі” Льва Абеліёвіча саліравала першая скрыпачка аркестра, заслужаная артыстка краіны Юлія Стэфановіч. У Канцэрціна Андрэя Мдзівані — валтарніст калектыву, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Белакурскі. Аздоблены дзвюма сольнымі кадэнцыямі і кодай, твор аказаўся звернутым найперш да прызыўных якасцяў інструмента як аднаго з далейшых нашчадкаў паляўнічых ражкоў.

Кампазітару пераваліла за 80, ён амаль страціў зрок, таму аркестроўку паводле аўтарскага клавіру, што вядзе адлік ад 1986 года, ажыццявіў малодшы калега — Канстанцін Яськоў.

Акрамя згаданых трох партытур, у другім аддзяленні канцэрта гучалі ўверцюра да оперы “Вільгельм Тэль” Дж.Расіні, амаль невядомыя ў нас “Танцы з Галанты” З.Кодаі (на кларнеце саліраваў Пётр Навуменка), Арганны канцэрт № 1 Г.Гендэля, што пакуль не атрымаў у нас заслужана шырокай папулярнасці, як гэта адбылося, да прыкладу, з музыкай І.С.Баха. Салістам выступіў народны артыст Беларусі, прафесар Ігар Алоўнікаў, у чарговы раз даказаўшы, што выдатна валодае не толькі фартэпіяннай ігрой.

І ўсё б добра, ды вечарына аказалася надта перагружанай. Адно толькі першае аддзяленне заняло амаль дзве гадзіны, што было б дастаткова для ўсяго канцэрта. Пэўна, з-за гэтага давялося адмовіцца ад раней заяўленай “Сімфоніі псальмаў” І.Стравінскага. Магчыма, музыканты так стаміліся ад вымушанай разлукі са слухачамі, што імкнуліся ўціснуць у адзін канцэрт паўнавартасныя два. А ці варта было? Можа, варта ўлічваць і ўспрыманне публікі? Невыпадкова ж зала значна парадзела пасля антракту.

 Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"