Валянцін РАДЗІВОНАЎ:

№ 40 (858) 04.10.2008 - 10.10.2008 г

“Беларускую ікону ўбачылі 17 тысяч масквічоў”

 /i/content/pi/cult/177/1754/Radzivonau.jpg
— Валянцін Аляксеевіч, міжнародныя праекты для
Траццякоўскай галерэі, відаць, звычайная практыка?

— За мяжой у нас штогод праходзіць каля 20 выставак і прыкладна столькі ж праектаў з іншаземнымі “каранямі” ажыццяўляецца ў межах самой Траццякоўскай галерэі. У той жа час, сённяшні праект даволі незвычайны, можна сказаць, унікальны. Нават калі адзначалася 1000-годдзе Хрышчэння Русі, падобная выстаўка не была арганізавана. Толькі паўтара года таму ў нас разам з дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімірам Іванавічам Пракапцовым з’явілася ідэя арганізаваць такі праект, да якога далучыўся таксама і ўкраінскі Нацыянальны Кіева-Пячэрскі гісторыка-культурны запаведнік. Вельмі прыемна, што выстаўка выклікае велізарную цікавасць у грамадстве ды паспяхова ажыццяўляецца.

Наогул, у вашым музеі мы ўжо правялі тры дастаткова ўдалыя праекты. Акрамя таго, і ў Траццякоўскай галерэі можна было неаднаразова ўбачыць каштоўныя экспанаты, прывезеныя ў межах разнастайных праектаў з вашай дзяржавы. Дарэчы, у нас заключана пагадненне аб супрацоўніцтве на дзесяць гадоў, таму ёсць усе перадумовы, каб плённа працаваць у межах сумесных праектаў.

— Ці былі думкі падключыць да выставак праваслаўных ікон іншыя краіны, дзе распаўсюджана канфесія, — Сербію, Чарнагорыю, Грэцыю, Балгарыю?..

— Думаю, што гэтая ідэя цікавая і патрабуе прапрацоўкі. Я не выключаю, што ў далейшым такі праект можа адбыцца.

— Мінск — гэта фінішны адрэзак праекта. Цікава было б даведацца, як выстаўку ўспрыняла маскоўская публіка?

— Думаецца, пра поспех праекта кажуць, у першую чаргу, лічбы: прыкладна 17 тысяч чалавек наведалі ў Траццякоўскай галерэі гэтую выстаўку, дзе была годна прадстаўлена і цудоўная беларуская ікона. У грамадстве існуе вялікая цікавасць і павага да помнікаў старажытнага мастацтва, тым больш, калі ёсць магчымасць параўнаць, супаставіць розныя стылі і мастацкія школы іканапісу духоўна і гістарычна блізкіх народаў.

— Ці была ў вас магчымасць бліжэй пазнаёміцца з новымі экспазіцыямі ў нашым Нацыянальным мастацкім музеі?

— За даволі кароткі прамежак часу, пасля таго, як дырэктарам стаў Уладзімір Пракапцоў,я пабываў у музеі чатыры разы і стаў сведкам працэсу істотнага паляпшэння экспазіцый музея. Установай гэтай можна па праве ганарыцца! Ведаю таксама, што вялікую ўвагу музею надае Кіраўнік беларускай дзяржавы, што таксама не можа не радаваць.

— Якая ваша пазіцыя ў працэсе абмену каштоўнасцямі паміж музеямі? Напрыклад, для нашага народа такімі скарбамі, што захоўваюцца ў фондах музеяў Расіі, з’яўляюцца слуцкія паясы.

— У першую чаргу, паміж музеямі павінны адбывацца кансультацыі на высокім дзяржаўным узроўні. Перадача ж кожнага прадмета павінна быць абгрунтавана і прадумана. Асабіста я гэтага не выключаю.

— Сёння музеі ва ўсім свеце карыстаюцца ў той ці іншай ступені спонсарскай дапамогай. А якая роля фундатараў для Траццякоўскай галерэі?

— З агульнай сумы бюджэту нашага музея такая дапамога складае ўсяго 5,6 працэнта за мінулы год. І галоўная прычына — адпаведная заканадаўчая база, што не прадугледжвае падатковыя льготы спонсарам музеяў. Але, тым не менш, і гэтыя некалькі працэнтаў — істотная падтрымка, асабліва пад час сур’ёзных міжнародных праектаў, кшталту гэтага.

— Многія музеі свету імкнуцца пашыраць сферу свайго ўплыву на грамадства, і ў тым ліку за кошт развіцця інфармацыйных мультымедыйных тэхналогій. Ці запатрабаваны такія сродкі папулярызацыі гістарычных і мастацкіх скарбаў у Траццякоўскай галерэі?

— Безумоўна, мы імкнёмся не выпадаць з сусветнага працэсу сучаснага інфармавання грамадства: на нашым сайце ёсць інфармацыя пра многія праекты, выстаўкі і выданні музея.

— Апошнім часам у беларускім грамадстве назіраецца павелічэнне цікавасці да шматлікіх культурных праектаў, і, у прыватнасці, расце колькасць заўзятараў музеяў. Ці склалася падобная сітуацыя ў Расіі?

— У пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя адбываўся працэс спаду цікавасці людзей да культурнага жыцця краіны. Гэта адбілася і на колькасці наведвальнікаў музеяў. Але цяпер сітуацыя нармалізавалася, і нават адбыўся істотны штуршок да ўзроўню 20-гадовай даўніны, калі ў музей арганізавана прыходзілі працоўныя калектывы фабрык і заводаў, школы. Праўда, людзі шмат прыходзяць у індывідуальным парадку, самі па сабе, нават вучні школ — без настаўнікаў і бацькоў. Больш за тое, у нас звыш 50 працэнтаў наведвальнікаў складаюць дзеці і моладзь, з якімі вядзецца вялікая работа па далучэнні іх да свету мастацкай культуры.

— Валянцін Аляксеевіч, думаецца, нашым чытачам будзе цікава даведацца, што для вас азначае пасада дырэктара Траццякоўскай галерэі?

— Апрача выставак і выданняў каталогаў, навуковай літаратуры, у нас ёсць шэраг надзённых клопатаў, звязаных, да прыкладу, з аховай экспанатаў, рамонтам і рэканструкцыяй, кадравымі праблемамі, што, у сваю чаргу, патрабуе вялікай самааддачы. І ў гэтым таксама сутнасць пасады, а не толькі ў судакрананні з творамі высокага мастацтва.