Адшукаць Нясвіж на глобусе Радзівілаў

№ 40 (858) 04.10.2008 - 10.10.2008 г

На мінулым тыдні была ўрачыста адкрыта першая чарга Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”. Цалкам здаць гэты аб’ект плануецца ў маі 2010 года.

 /i/content/pi/cult/177/1752/Radzivily1.jpg
“К” неаднаразова пісала пра рэстаўрацыю аднаго з найбольш каштоўных помнікаў архітэктуры Беларусі — Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу. Пошукавыя і праектныя работы пачаліся з канца 1997 года, пасля таго, як Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся распачаць рэстаўрацыю гэтага гістарычнага аб’екта. І вось цяпер, больш як праз дзесяць гадоў, наведвальнікі могуць пераканацца ў прыгажосці замка, убачыць яго каштоўныя экспанаты ўвачавідкі, тым самым, па словах кіраўніка рэстаўрацыі аб’екта Сяргея Друшчыца, дакрануцца да гісторыі роднай краіны.

Робячы першыя крокі па адноўленых залах нясвіжскага палаца Радзівілаў, адразу адчуваеш веліч старадаўніх муроў, іх адроджаную раскошу. Агульную ўрачыстасць стварае афармленне экспазіцый, якое з’ядноўваюць у адно рэчы радзівілаўскіх часоў: карціны, стол, кнігі з бібліятэкі магнатаў, падлога, зробленая нашымі продкамі стагоддзі таму, а таксама якасныя копіі каштоўных прадметаў, у тым ліку глобус, на якім пазначаны славуты Нясвіж. Праводзіцца ў нядаўна адчыненых для наведвальнікаў залах і выстаўка экслібрысаў Радзівілаў. Усё гэта перадае атмасферу мінуўшчыны і дазваляе яшчэ раз адчуць гонар за нашу багатую гісторыка-культурную спадчыну.

Цяжка не пагадзіцца з меркаваннем першага намесніка старшыні Мінскага аблвыканкама Віктара Шчэцькі, які адзначыў, што такі унікальны помнік дзяржаве страціць было нельга. Па яго словах, шмат было планёрак, спрэчак з архітэктарамі, у цэнтры якіх — максімальна правільнае правядзенне працы і захаванне першаснага, аўтэнтычнага аблічча палаца. У сваю чаргу, намеснік міністра культуры Віктар Кураш падкрэсліў, што, акрамя рэстаўрацыі аб’ектаў у Нясвіжы і Міры, па краіне ў цэлым праводзіцца вялікая работа па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. У Беларусі налічваецца больш за 4,5 тысячы помнікаў гісторыі, з якіх 1590 — архітэктурныя.

Віктар Кураш выказаў падзяку міністэрствам культуры Літвы і Польшчы, якія стала дапамагаюцьу музеефікацыі старадаўняга палаца. Па словах намесніка міністра культуры, пасля завяршэння ўсіх работ палац займее цікавыя музейныя экспазіцыі, канцэртныя залы, дзе будзе гучаць камерная, сімфанічная музыка, сетку рэстаранаў, у якіх можна будзе
 /i/content/pi/cult/177/1752/Radzivily2.jpg

У адноўленай партрэтнай зале нясвіжскага
палаца Радзівілаў.

паспытаць стравы па рэцэптах Радзівілаў.

Перад урачыстым адкрыццём першай чаргі Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” у будні дзень горад быў запоўнены шматлікімі турыстычнымі аўтобусамі.

Горад, нягледзячы на будаўнічыя работы, застаецца аб’ектам павышанай увагі турыстаў. “За 9 месяцаў гэтага года, — адзначыў старшыня Нясвіжскага райвыканкама Ігар Макар, — Нясвіж наведала больш за 60 тысяч аматараў старасветчыны, а за той час, як адкрылася экспазіцыя (Першыя наведвальнікі маглі ўбачыць яе ўжо 1 верасня. — К.А.), — ужо 2,5 тысячы”. І ёсць усе падставы спадзявацца, што колькасць наведвальнікаў музейнага комплексу, як і самога горада, павялічыцца ў некалькі разоў.

Па словах другога сакратара Сакратарыята Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА Наталлі Шчасновіч, гістарычнаму комплексу сёння надаецца вялікая ўвага як айчынных, так і міжнародных арганізацый. Не выпадкова ў 2005 годзе архітэктурна-культурны комплекс у Нясвіжы быў унесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Зараз Камісія сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай і гістарычным архівам рэспублікі працуе над праектам “Віртуальная рэканструкцыя бібліятэкі і архіваў Радзівілаў”. Яго мэта — даць магчымасць кожнаму пазнаёміцца з матэрыяламі пра славуты род, што сёння захоўваюцца ў Літве, Польшчы і Украіне. Таксама плануецца размясціць у палацы інфармацыйны тэрмінал для турыстаў.

Навуковы кіраўнік працоўнай групы па музеефікацыі Нясвіжскага палаца Ала Сташкевіч паведаміла, што перад навуковымі супрацоўнікамі пастаўлена задача не ствараць музей, але — аднавіць той культурны тэкст, які стагоддзямі закладваўся князямі Радзівіламі. Менавіта дзякуючы рабоце членаў групы па інвентарызацыі калекцыі сёння можна знайсці літаральна кожны захаваны і вывезены за мяжу аб’ект.

Вядома, нельга не ацаніць працу, зробленую ў даволі сціслы адрэзак часу айчыннымі спецыялістамі. Мастацкую канцэпцыю першай чаргі палаца Радзівілаў стварыў мастак Генадзь Чысты. Аўтарам рэканструкцыі старадаўніх карт, што адлюстроўваюць Нясвіж у еўрапейскай прасторы, стаў кандыдат гістарычных навук, картограф Леў Казлоў. Акрамя таго, Беларускі саюз дызайнераў курыраваў пытанні афармлення палаца. Па словах Алы Сташкевіч, было закуплена вельмі шмат экспанатаў, а айчынныя музеі выдзелілі на часовае экспанаванне шэраг каштоўных прадметаў. Напрыклад, Нацыянальным мастацкім музеем краіны перададзены арыгіналы карцін з калекцыі Радзівілаў.

Шлях музеефікацыі толькі пачынаецца. Запуск першай чаргі экспазіцыі — першы крок у стварэнні вялікага культурнага тэксту, які ўмоўна назвалі “Гісторыя Нясвіжскага замка і роду Радзівілаў у кантэксце адзінай еўрапейскай культурнай прасторы”. І хочацца верыць, што гэты праект зойме годнае месца сярод лепшых музеяў свету.


Канстанцін АНТАНОВІЧ
Фота аўтара