Культура — сродак пашырэння дыялогу і даверу

№ 40 (1479) 03.10.2020 - 10.10.2020 г

У выбудоўванні эфектыўнай камунікацыі паміж народамі адным з галоўных паказчыкаў у сучасным свеце з’яўляецца культура.

/i/content/pi/cult/818/17506/6.jpgЯк адзначыў журналістам па выніках пленарнага пасяджэння VII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі міністр культуры Юрый Бондар, масты ўзаемаразумення і сяброўства народаў насамрэч заўсёды трымаюцца на добрым культурным супрацоўніцтве.

“Менавіта культура з’яўляецца падмуркам для пашырэння дыялогу і даверу, што ў сваю чаргу, безумоўна, спрыяе і ўсталяванню больш моцных эканамічных стасункаў, — сказаў міністр. — Сучасныя дзеячы культуры Беларусі і Расіі працягваюць замацаваную стагоддзямі традыцыю, цэняць узаемныя зносіны, адкрыты душой, маюць цвёрдае жаданне накіраваць свае плённыя намаганні на карысць духоўнага ўдасканалення нашых народаў. Адной з важных задач з’яўляецца развіццё агульнай культурнай прасторы Беларусі і Расіі, яе адаптацыя да выклікаў і ўмоў сучаснага свету”.

Асаблівае месца ў двухбаковым супрацоўніцтве займае захаванне памяці пра агульную гісторыю нашых народаў. Юрый Бондар спаслаўся на яскравы прыклад таму — мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, дзе ў 2018 — 2020 гадах былі ажыццёўлены капітальны рамонт аб’ектаў і створаны новыя музейныя экспазіцыі — “Летапіс Брэсцкай крэпасці”, “Абарона Усходняга форта”.

У чэрвені гэтага года прэзідэнтамі Беларусі і Расіі быў адкрыты Ржэўскі мемарыял. Пры ўдзеле сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы таксама ствараюцца мемарыялы па лініі абароны ў гады Першай сусветнай вайны ў Смаргоні. “Гэта наша агульная гісторыя, а што тычыцца святой памятнай старонкі Вялікай Айчыннай вайны, то яна знаходзіць адлюстраванне ў шматлікіх сумесных беларуска-расійскіх праектах. Мы ніколі не рабілі паўзы ў гэтай працы, маем мноства ідэй, якія можна і трэба рэалізаваць”, — адзначыў міністр.

Не лішне будзе дадаць, што падчас YII Форума рэгіёнаў Беларусі і Расіі дэлегацыя сферы культуры на чале з міністрам культуры Юрыем Бондарам прыняла ўдзел у пасяджэнні секцыі “Подзвіг савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне — аснова выхавання патрыятызму і грамадзянскай адказнасці”.