"Стварэнне свету": падчас спектаклю і рэпетыцый.

№ 40 (1479) 03.10.2020 - 10.10.2020 г

У Вялікім тэатры Беларусі адбыўся 300-ты паказ балета “Стварэнне свету”. Падзея прайшла разам з іншымі культурнымі прэзентацыямі, якія аказаліся звязанымі між сабой не толькі храналагічна, але і сэнсава.

/i/content/pi/cult/818/17505/1.jpgПачатак кастрычніка адзначаны ў нашым Вялікім тэатры адразу некалькімі трыма падзеямі, няўлоўна звязанымі між сабой. 1 кастрычніка адбыўся 300-ты паказ балета “Стварэнне свету”, пастаўленага Валянцінам Елізар’евым у 1976-м і праз 43 гады адноўленага ў новай аўтарскай рэдакцыі. У гэты ж вечар прайшла прэзентацыя аднайменнага фотаальбома Аляксея Казнадзея, дзе занатавана падрыхтоўка і прэм’ера елізар’еўскай версіі 2019 года. У фае працягваецца выстава да 90-годдзя з дня народзінаў мастака-пастаноўшчыка гэтага спектакля (і многіх-многіх іншых) Яўгена Лысіка. А 6 кастрычніка віншаванні з юбілеем будзе прымаць галоўны харэограф тэатра, народны артыст Беларусі Юрый Траян, які ў свой час быў першым Адамам. Тэатр пакажа пастаўлены ім балет “Анастасія”, а да пачатку прагляду юбіляр сустрэнецца з публікай.

/i/content/pi/cult/818/17505/2.jpgБом-бом, пагартаем альбом

Перш чым ацаніць мастацкую важкасць альбома “Стварэнне свету”, давядзецца пераадолець яго фізічную вагу — як-ніяк, больш за дзвесце старонак, прычым квадратных, дзе трыста міліметраў з кожнага боку становяцца быццам сімвалічнай згадкай пра трохсоты спектакль. Але куды больш важным за ўнушальныя знешнія параметры аказваецца ўнутранае змесціва — надзвычай змястоўнае.

/i/content/pi/cult/818/17505/3.jpgРыхтуючы выданне, фотамастак Аляксей Казнадзей, які сціпла называе сябе проста фатографам, зрабіў больш як 12 тысяч здымкаў. Але ж справа зноў-такі не ў колькасці. Гэта ўжо яго трэці альбом з серыі “Імгненні Валянціна Елізар’ева”: першым быў “Спартак”, што выйшаў тры гады таму, праз год пасля яго — “Рамэа і Джульета”. У дзяцінстве Аляксей займаўся ў тэатральнай студыі, а рабіць здымкі ў нашым Вялікім тэатры пачаў, патрапіўшы неяк на Навагодні баль. З гэтага, можна сказаць, і ўзраслі далейшыя стасункі з балетным светам, што прывялі ў святая святых — на рэпетыцыі.

/i/content/pi/cult/818/17505/4.jpgВідавочна, як ад кнігі да кнігі расце майстэрства і самога аўтара, якому апроч фота належаць ідэя, дызайн, вёрстка, і ўсіх, хто працаваў над тэкстам. Бо цяперашняе выданне — гэта больш, чым альбом. Тут ёсць неверагодная літаратурная паэтыка, калі кожны з пастаноўчай каманды (і не толькі) высказваецца пра задуму — ёміста, дакладна, акцэнтуючы нейкае адно слова. Так выбудоўваецца шэраг: спектакль-легенда, паветра, стварэнне свету (у самым шырокім сэнсе слоў, а не толькі як назва), хваляванне, чалавек, думка, любоў. Разглядаючы далейшыя старонкі, пачынаеш разумець, што ўсе гэтыя словы (і асабліва апошнія тры: чалавек-думка-любоў) аказваюцца вызначальнымі і для альбома, і для самога спектакля, і для ўсёй творчасці Валянціна Елізар’ева, бо канцэнтруюць у сабе самыя бадай істотныя рысы культуры і мастацтва.

/i/content/pi/cult/818/17505/5.jpgВока фотааб’ектыва засяроджваецца не толькі на балетмайстры і салістах. У поле зроку багата трапляе кардэбалет — і як агульная маса, і як асобныя індывідуальныя рысы таго ці іншага з артыстаў. Зняты нават працэс манціроўкі сцэны, усталявання дэкарацый — і так да канца спектакля з фінальнымі паклонамі: паводле паслядоўнасці сцэн балета, кожная з якіх становіцца новым раздзелам: ад “Хаосу” да “Адраджэння” (вядома, адбіраць здымкі дапамагаў В.Елізар’еў). І гэта дае зусім не “партрэты” работнікаў і ўсіх-усіх артыстаў (маўляў, а мяне таксама надрукавалі, хай і са спіны), а дадатковае разуменне спектакля. Невыпадкова здымкі не падпісаны, як гэта бывае “паводле традыцыі”: нідзе не пазначаны ні іх назвы, ні імёны тых, хто патрапіў у кадр. Але гэта не “обезличивание” герояў: апошнія старонкі выдання ўтрымліваюць поўны пералік усіх занятых у балеце складаў з маленькімі партрэтнымі выявамі салістаў, каб пры неабходнасці можна было “правесці ідэнтыфікацыю”. А галоўнае — нанова перажыць увесь спектакль (ці далучыцца да яго ўпершыню), але адразу — з мноствам філасофскіх, псіхалагічных, мастацкіх падрабязнасцяў, што яшчэ больш глыбока раскрываюць сэнс стварэння свету і зямнога быцця.

Святло сусвету

Я бачыла балет незлічоную колькасць разоў, пачынаючы з прэм’еры 1970-х. І “жыўцом”, прычым з розных ракурсаў, з рознымі складамі, і ў тэлезапісах. Штораз адкрывала ў ім штосьці новае. Але колькасць “маленькіх адкрыццяў”, зробленых праз альбом, папросту зашкальвае. Бо працэсуальнае, часавае мастацтва, дзе “ўсё цячэ, усё змяняецца”, паўстае ў спыненых імгненнях. І становіцца яшчэ больш “скульптурным”, бо дазваляе многія рэчы ўбачыць не адно франтальна, а з розных бакоў, літаральна “абыйсці вакол”, як скульптуру ў цэнтры музейнай залы. Невыпадкова так часта выкарыстоўваюцца люстэркавыя адбіткі: не таму, што балетная зала ўтрымлівае абавязковыя люстэркі, а з-за магчымасці ўбачыць іншы бок, часам супрацьлеглы па сэнсу. Да таго ж, увага аддадзена і асобным дэталям сцэнаграфіі, часам нябачным ці папросту незаўважным з залы, дзе мы імкнемся “ўхапіць” найперш сцэнічную дзею.

Ці ж не сімвалічна, што і 300-ты спектакль, і прэзентацыя фотаальбома адбыліся менавіта ў Дзень музыкі? Дадатковая нагода прасачыць сімфанізм не музыкі і харэаграфіі, пра што згадвалі многія даследчыкі, а яшчэ і жывапісу Я.Лысіка, калі вобразы з адных палотнаў пераносяцца на іншыя і пры гэтым развіваюцца, ператвараюцца ў новыя. Альбом дапамагае і ў гэтым.

Фрагмент манціроўкі — і востраносы човен становіцца боегалоўкай. Ці ж не яшчэ адзін сімвал? А конскія капыты на адным са шматлікіх заднікаў маюць неверагоднае падабенства да званочкаў — мабыць, невыпадкова іх бачна не чатыры, а толькі тры. Адзін з намаляваных жаночых тварыкаў — ці то дзяўчынкі, ці то старой. Мудрасць дзяцінства? Заклік захоўваць дзіцячае ўспрыманне да старасці? Акрамя галубоў, што з лёгкай рукі Пабла Пікаса сімвалізуюць мір, бачым там журавоў, што літаральна “на Палессе ляцяць”, а таксама ластаўку, што нечакана становіцца яшчэ адной “спасылкай” да Беларусі: тут і паданне пра Станіслава Манюшку, над калыскай якога ластаўка звіла гняздзечка, і песня “Белая ластаўка” з рэпертуару Алёны Ланской, а насамрэч — з мюзікла Уладзіміра Кандрусевіча “Соф’я Гальшанская”. Анёлы з трубамі “ў райскіх кушчах” — як на старых фрэсках, з даволі дарослымі тварамі. Яшчэ на адным з заднікаў — амаль фальклорнае аблічча змея. А “жырафа-алень” з рожкамі-галінкамі! Ці не пачатак новай казкі?

На адным з чорна-белых здымкаў, што зроблены са сцэны, — пражэктар успрымаецца сонцам. А цень ззаду артыста дазваляе нафантазіраваць што заўгодна — і найперш класічны стан “на ростанях”, на скрыжаванні ўсіх дарог. Якую абраць? Ці рушыць іншай — да сонца?

Раптам зважаем трагічнасць постаці Д’ябла, бо ён жа не толькі сімвал зла, але і, не забываемся, чалавек — як і ўсе астатнія героі. І разумеем, што псіхалагічныя праблемы яго самога (а значыць, і зла, што ён з сабой нясе) — з-за жудаснай адзіноты і няўмення яе пераадолець. Бо ягоныя паплечнікі — не проста хуліганы, а сляпыя ўхваляльнікі, гатовыя выканаць любы самы абсурдны загад. Дадаецца грым (чытай, маска) — і з чалавека нараджаецца пачвара. А вочы застаюцца поўнымі страху і адчаю і крычаць аб трагедыі, што адбываецца не звонку, а ўнутры.

Кранальныя рукі, дапытлівыя вочы часам становяцца самастойнымі “персанажамі”. Уся музычнасць харэаграфіі — у двух здымках, змешчаных побач. Наш погляд слізгае злева направа — і рукі дырыжора Вячаслава Чарнухі-Воліча літаральна даюць імпульс балетнаму руху. Ногі кардэбалета, знятыя з пэўнага ракурсу, нагадваюць урбаністычны відарыс з хмарачосамі. А колькі розных выяваў крылаў, што нараджаюцца з рук ці ног? Іх прыкмеціў фатограф — і перадаў сваё бачанне нам.

З часоў Адама

Глядзіш альбом — і пачынаеш шкадаваць, што такая традыцыя як мага больш падрабязна і рознабакова фіксаваць імгненні рэпетыцый з’явілася толькі цяпер. Узнікае неадольнае жаданне знайсці машыну часу і перанесціся ў тыя часы, калі ставілася першая елізар’еўская версія “Стварэння свету” і іншых балетаў. Колькі новага можна было б заўважыць!

6 кастрычніка, акурат у дзень свайго 70-годдзя (колькі-колькі — ды няўжо?), народны артыст Беларусі Юрый Траян, якому больш за “сорак з хвосцікам” не дасі, у Камернай зале тэатра будзе распавядаць пра сваё жыццё ў мастацтве. Як харэограф (а цяпер — галоўны балетмайстар тэатра), ён паставіў такія балеты, як “Крылы памяці”, “Бахчысарайскі фантан”, “Трыстан і Ізольда”, “Вітаўт”, “Анастасія” (нагадаю, менавіта гэты спектакль будзе паказаны пасля творчай сустрэчы). Як саліст выконваў усе вядучыя партыі тагачаснага рэпертуару. Тут і руская, еўрапейская класіка (“Лебядзінае возера”, “Спячая прыгажуня”, “Раймонда”, “Жызэль”, “Сільфіда”). І беларускія балеты, у тым ліку “Пасля балю” Генрыха Вагнера, “Выбранніца” Яўгена Глебава. І шматлікія пастаноўкі Валянціна Елізар’ева, дзе Юрыю Траяну выпаў лёс станцаваць Хазэ ў “Кармэн-сюіце”, Ціля ў “Ціле Уленшпігелі”, Спартака ў аднайменным балеце, Прынца ў “Шчаўкунку”, Паэта ў “Карміне Буране”, Рамэа ў “Рамэа і Джульеце”, Спартака ў аднайменным балеце.

Але для многіх прыхільнікаў артыста ён застаецца найперш Адамам у “Стварэнні свету”. Дарэчы, шмат у чым на такое ўспрыняцце паўплываў не толькі колішні спектакль, але і шматлікія фотаздымкі, зробленыя самымі рознымі фатографамі і растыражаваныя па газетах, часопісах, кнігах — усе тыя “спыненыя імгненні”, што праз час абрастаюць новымі сэнсамі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"