«У пошуках страчанага»

№ 39 (1478) 26.09.2020 - 02.10.2020 г

Выстава “Тайны канцылярыі”, якая адкрылася 24 верасня ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, у нейкім сэнсе атрымалася не падобная да іншых. Бо, здаецца, ўпершыню ў нашай краіне была здзейснена спроба шырока прадставіць вядомую і зусім невядомую гісторыю пісьменства праз дэманстрацыю рарытэтных пісьмовых прыладаў.

/i/content/pi/cult/817/17487/01.jpgНа выставе можна пабачыць, чым пісалі нашы продкі ў XV—XX стст.; першыя алоўкі і асадкі, пер’ечысткі, пясочніцы, чарніліцы і інш.; пісьмовыя прылады знакамітых людзей (і, нават, якой магла быць ручка Скарыны!). Тут таксама можна даведацца, які хадавы тавар айчынных і замежных вытворцаў быў у продажы ў канцылярскіх і папяровых крамах Мінска і Гродна ў старыя часы. І нават як і што рэкламавалі на канцылярскіх прадметах пачатку ХХ ст., якія адмысловыя пісьмовыя прылады рыхтавалі ў валізку падарожнікі.

Школьная тэма экспазіцыі адкрывае змесціва ранца гімназістаў розных эпох (сшыткі, алоўкі, асадкі, тачылкі, закладкі, пеналы…), а таксама дэманструе, як выглядала парта ліцэіста А. Пушкіна.

Выстава прадстаўляе ўвазе наведвальніка пісьмовыя прылады вядомых асоб і іх сям’яў — князёў Радзівілаў, родных кампазітара С. Манюшкі, краязнаўцы і гісторыка О. Гедэмана, фінансіста Л. Палякова, нямецкага фатографа Ф. Краўскопфа, маршала С. Цімашэнкі і іншых.

Для сапраўдных “гурманаў канцылярыі”прадстаўлены пісьмовыя наборы, чарніліцы ў розных мастацкіх стылях, а таксама ўзоры пісьмовых прылад высокамастацкай работы з каштоўных матэрыялаў.

Трэба адзначыць, экспазіцыя падрыхтавана ў межах аўтарскага праекта лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне” У. Ліхадзедава “У пошуках страчанага” і дазваляе праз прадметы калекцыі даследчыка адкрыць цэлы мацярык, забыты пласт матэрыяльнай культуры, звязаны з традыцыяй пісьменства.

Выстава “Тайны канцылярыі” будзе працаваць з 24 верасня 2020 г. да 15 лістапада 2020 г. штодзень, акрамя панядзелка і дзяржаўных свят. Уваход — па чытацкаму білету ці квітку сацыякультурнага цэнтра.

Паводле інфармацыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і сацыяльных сетак