Тэрапія любоўю

№ 38 (1477) 19.09.2020 - 26.09.2020 г

Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы зачыніў мінулы сезон прэм’ерай у жанры сну па п’есе Дзмітрыя Багаслаўскага “Ціхі шолах сыходзячых крокаў”. Рэжысёрская праца Дзяніса Фёдарава стала трэцяй пастаноўкай п’есы ў беларускім тэатры і першай на рэгіянальнай сцэне.

Займае цэнтральнае месца ў сцэнаграфіі і стварае ключавы візуальны вобраз спектакля дом, які складаецца з аднаго каркаса светлага дрэва, што першым узводзіцца пры пабудове і застаецца трухлець на папялішчы (мастак-пастаноўшчык — Мікола Палтарака). Каркас робіць канструкцыю празрыстай, нябачнай, як іншасказальны вобраз бацькоўскай хаты, што ў сцэне на могілках ужо бачыцца царквой, калі паварочваецца да гледача бакавіцай. На крузе сцэны дом штурхуе Саша (Вячаслаў Цыцкоўскі), як Сізіф свой камень, а кружка, з якой галоўны герой п’е калодзежную ваду — з прабітым дном, нібы збан данаід. Усе духоўныя намаганні Сашы марныя, ён — антыгерой нашага часу. Звычайны міліцыянт-адстаўнік не жыве, а пакутуе, нідзе не знаходзячы свайго месца, свайго сусвету.

/i/content/pi/cult/816/17478/8_1.jpg

Тое, што Саша звяртаецца да Альберта (Генадзь Чурыкаў), які ў спектаклі хутчэй некалькі аўтычны ў сваіх рэакцыях псіхатэрапеўт, чым празорца, гаворыць пра нетутэйшую глыбіню ўнутранага свету былога сілавіка. Калі Саша ўпершыню распавядае Альберту аб адносінах з сёстрамі, над імі запальваецца цьмянае святло лямпы, што сімвалізуе душу кожнай з іх. Гераіні аказваюцца нібы ў асобных пакоях — ракавінах свайго аднастайнага жыцця. У цэлым, стрыманае жоўтае святло лямпы ў вясковай хаце дыктуе ўсю аскетычную светлавую партытуру спектакля і яго аўдыёвізуальны вобраз. Касцюмы артыстаў вынікаюць гістарычна-бытавой падрабязнасці, таксама раскрываючы дастатак і сацыяльна-культурныя рысы персанажаў (мастак — Таццяна Карвякова). Драўляныя фотарамкі ўяўляюцца парталамі ў іншы свет. Такую ж ролю адыгрывае двухбаковае люстэрка, якое, разгойдваючыся, кідае ў глядзельню кругавыя мігатлівыя блікі. Свяцільні на стойках, падобныя да калодзежных жораваў, у руках сямейнікаў ператвараюцца ў драпежных птушак, якія імкнуцца задзяўбці Сашу ў яго гіпнатычным сне.

Бацька Сашы Дзмітрыч (Сяргей Пяткевіч) — каларытны, паўнакроўны і цалкам рэалістычны герой. Артыст маладзей свайго персанажа, але ён суадносіцца са сваім сцэнічным сынам, і, акрамя таго, у памяці дзяцей бацькі нярэдка застаюцца маладымі. Аднавясковец Юрасік (Мікалай Маршын) на першы погляд прасты рабочы, але ў яго тонкая паэтычная душа. Шпацыруючы па могілках, ён заўважае вершаваныя эпітафіі на надмагіллях, і для яго гэта сустрэчы з прыгожым. Прыйшоўшы да суседа з роспытамі пра бацьку Саша, знураны бессанню, правальваецца ў раптоўны сон, у якім Юрасік, зняўшы ватоўку, аказваецца ў чорным пінжаку, гальштуку-матыльку і бліскучым белым кашнэ, паўстаўшы элегантным сівавалосым “мхатаўскім старым”, які вычварна чытае з эстрады свой маналог.

/i/content/pi/cult/816/17478/8_1.jpg

Як асобны самадастатковы арганізм існуе ансамбль сясцёр з дакладнымі сацыяльна-псіхалагічнымі тыпажамі. Зінка (Таццяна Зелянко) працуе настаўніцай, пакутуе і п’янствуе, але служыць дзяржаўнай машыне, а Саша не вытрымаў гэтага і адразу, як толькі сталася магчымым, выйшаў на міліцэйскую пенсію. З самага дзяцінства ён у блізкіх адносінах толькі з сястрой Аняй (Таццяна Васількова) і, згодна з рэжысёрскай інтэрпрэтацыяй, іх аб’ядноўвае вера ў Бога. Ніхто з сясцёр, акрамя Ані, не чакае ад Сашы выканання ролі галавы роду — як і ў дзяцінстве, ён, самы малодшы, павінен папросту не блытацца пад нагамі. Пластычная сцэна, дзе над Сашам лётаюць сямейныя фатаграфіі, рухомыя сёстрамі і шваграм, акцэнтавана на графічнай постаці Наташы (Таццяна Юрык), паставе яе рук, драматычнасці гучнага шэпату. У зацыклаваным сне-лейтматыве сёстры ў жалобных хустках зацягваюць Сашу і бацьку ў калодзеж, як на той свет.

У фінале спектакля Саша хутчэй за ўсё не ўтапіўся ў калодзежы, які для беларускага народа — святыня, і апаганіць яго самагубствам, а гэта значыць грахом, неймаверна, а нарэшце палез яго чысціць і сарваўся. Ён не здолеў знайсці сваё пакліканне, пабудаваць адносіны, не змог і выканаць апошнюю волю бацькі. Сашы няма, ён духоўна мёртвы ці так і не нарадзіўся, не зведаўшы любові і таму сам няздатны любіць. У акцёрскай прыродзе і выкананні Вячаслава Цыцкоўскага гэтая смерць — збаўленне. Песня Віктара Цоя “Спакойная ноч” гучыць музычным эпілогам, суадносным з часам дзеяння, а таксама надае фіналу філасофскую адкрытасць.

Галоўным поспехам новай пастаноўкі Дзяніса Фёдарава з’яўляецца яе терапеўтычнасць для суайчынніка з партэра ў наш адмысловы, зменлівы час эпідэміі і грамадска-палітычных пераўтварэнняў, не пазбаўлены страху і раз’яднанасці, калі чалавеку так неабходна суцяшэнне і зварот да духоўна-этычных аксіёмаў.

Зміцер Ермаловіч-Дашчынскі, тэатразнаўца

Фота Таісіі Осіпавай