Там, дзе вучаць майстроў экрана

№ 38 (1477) 19.09.2020 - 26.09.2020 г

Факультэт экранных мастацтваў з’явіўся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў 10 гадоў таму. Такім чынам, сёлета наша нацыянальная кіна- і тэлешкола святкуе невялічкі юбілей. Пра тое, чым жыве гэты параўнальна новы і сучасны факультэт, якіх спецыялістаў выпускае, з якімі праблемамі сутыкаецца і якімі дасягненнямі ганарыцца, мы пагаварылі з дэканам Паўлам ІВАНОВЫМ, які ўзначальвае факультэт з самага першага яго дня. Сам Павел Уладзіміравіч мае багаты прафесійны вопыт — па першай адукацыі ён акцёр і іграў у тэатрах, у сценах нашай жа Акадэміі атрымаў прафесію “рэжысёра драмы”, ставіў спектаклі ў розных гарадах Беларусі, многа гадоў быў галоўным рэжысёрам маладзёжнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання. Лаўрэат кінафестываляў, сцэнарыст, драматург, і вось ужо амаль 20 гадоў педагог, якому ёсць чым падзяліцца са студэнтамі, ёсць чаму навучыць, і за якіх ён адказвае не толькі па абавязку, але і як старэйшы калега ў творчай справе.

/i/content/pi/cult/816/17476/4_1.jpg— Давайце ў гонар юбілею згадаем, з чаго ўсё пачыналася, як з’явіўся факультэт экранных мастацтваў?

— Спачатку пры тэатральным факультэце існавала кафедра кінатэлемастацтва, і там у свой час працавалі насамрэч вялікія майстры, рэжысёрскія курсы выпускалі і Віктар Тураў, і Міхаіл Пташук. Навучалі спецыялістаў і для тэлебачання — я сам восем гадоў адпрацаваў мастацкім кіраўніком творчай майстэрні па падрыхтоўцы рэжысёраў тэлебачання. 10 гадоў таму прыспеў час з’явіцца асобнаму факультэту, бо, натуральна, Беларусь як незалежная дзяржава мусіла займець сваю ўласную кінашколу. Да таго часу ў нашай краіне ў асноўным жа карысталіся кадрамі, якія рыхтаваліся ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. А цяпер мы выпускаем усіх спецыялістаў, патрэбных для таго, каб існавала беларускае тэлебачанне, каб існавала беларускае кіно. І шчыра скажу — нашы выпускнікі маюць вельмі добрае рэнамэ. Рэжысёраў тэлебачання, аператараў, гукарэжысёраў разбіраюць як гарачыя піражкі, дазвольце такое параўнанне: і ў Расію запрашаюць, і з Украіны, здаралася, спецыяльна прыязджалі на выпуск і забіралі да сябе спецыялістаў нават без усялякіх папярэдніх конкурсаў. Увогуле, нашы колішнія студэнты зараз працуюць практычна на ўсіх кантынентах. Вось пра Аўстралію я дакладна не ведаю, але не здзіўлюся, калі і там знойдзецца. (смех) Беларуская кінашкола вельмі высока каціруецца.

 

— Кіна- і тэлешкола?

— У наш час гэта амаль адно і тое ж. Я сам, напрыклад, зараз не бачу вялікай розніцы паміж вялікім экранам у кінатэатры і маленькім экранам на чыёйсці кухні. Ды мы ўсе зараз маем справу з экранамі ў смартфоне, усе нешта здымаем! А кантэнт што для кіно, што для тэлебачання, што для інтэрнэт-каналаў нехта павінны ствараць — здымаць, манціраваць, агучваць… Паўсюль такія спецыялісты патрэбныя.

Пра належны ўзровень адукацыі на нашым факультэце сведчыць і тое, якія ўзнагароды мы атрымліваем на конкурсах, напрыклад, студэнцкага кіно. Такой колькасцю дыпломаў далёка не ўсе нацыянальныя кінашколы могуць пахваліцца. Нас адзначалі і на знакамітым фестывалі “Тэлеманія” ў Маскве, і на фестывалі кінашкол у Алма-Аце, і на падобных фестывалях у Грузіі, Украіне, Малдове. Але мы перамагаем не толькі на студэнцкім узроўні — напрыклад, на гучным кінафестывалі “100 секунд” у Тэгеране, дзе былі прадстаўлены 46 краін свету, наша Акадэмія ўзяла Гран-пры! Свае фільмы мы паказвалі і ў Амерыцы, і ў Аўстраліі, і ў шэрагу еўрапейскіх краін. За 10 гадоў мы выпусцілі нямала паспяховых рэжысёраў. З дакументалістаў, напрыклад, можна згадаць і Аляксея Раковіча — аўтара поўнаметражных дакументальных і ігравых стужак, і Дар’ю Юркевіч, якая летась ужо сама была ў журы кінафестывалю “Лістапад”, і іншых. Хаця выпускнікам-рэжысёрам і цяжка потым бывае рэалізавацца менавіта ў кіно.

— Цяпер ў вас вялікі факультэт, на якім адначасова навучаецца недзе пад 300 чалавек. Каго зараз набіраеце, каго выпускаеце?

— Сапраўды, у нас значна вырасла колькасць студэнтаў, і мы часам нават крыху штучна яе змяншаем. Напрыклад, ужо некалькі гадоў на завочным аддзяленні не набіраем гукарэжысёраў і рэжысёраў тэлебачання. На вочным кожны год набіраем і выпускаем рэжысёраў тэлебачання, аператараў і гукарэжысёраў. На жаль, сітуацыя з рэжысёрамі мастацкага кіно не такая бліскучая. Апошні курс, які вяла вучаніца Віктара Турава рэжысёр Рэната Грыцкова, мы выпусцілі ў 2017 годзе, і болей пакуль не набіралі. Зараз вучацца толькі рэжысёры анімацыйнага кіно — гэты курс вядзе эліта, так бы мовіць, беларускай анімацыі Міхаіл Тумеля і Аляксандр Ленкін. За 10 гадоў мы выпусцілі два курсы рэжысёраў дакументальнага кіно, выпускалі сцэнарыстаў, рэдактараў, арганізатараў кіна- і тэлевытворчасці.

Сёлета набіраліся толькі тры курсы — тэлевізійных рэжысёраў, аператараў і гукарэжысёраў. Традыцыйна конкурс быў недзе чатыры чалавекі на месца, але на аператарскае аддзяленне адзначылі нават невялічкі бум — шэсць чалавек на месца. Групы ў нас невялікія, бо прафесіі мы вучым штучнай, а не патокавай: шэсць чалавек на бюджэтную форму навучання, і плюс яшчэ тры-чатыры чалавекі на платнай аснове. Такім чынам, кожная група не больш за 10 чалавек.

— Ці былі нейкія асаблівасці ў сёлетняга набору студэнтаў, ці заўважаеце змены ў складзе абітурыентаў?

— Вы закранулі даволі вострую тэму, бо мы зараз набіраем студэнтаў, якім па 16—17 гадоў, — гэта практычна падлеткі. Я згадваю сябе, калі паступаў на рэжысуру, — у мяне ўжо была вышэйшая адукацыя, я прайшоў армію, як акцёр папрацаваў у тэатры, мне было 28 гадоў. А цяпер студэнтам няма і 18-ці, і ўзровень іх падрыхтаванасці, узровень іх агульнай адукаванасці і інфармаванасці з кожным годам падае. І нам даводзіцца па першым часе іх не прафесіі вучыць, а прыкладаць намаганні, каб яны дабралі тое, чаго ім не дала школа. Яшчэ 10 гадоў таму пачынаючаму студэнту лёгка можна было кінуць фразу: “Памятаеце, як там у “Трох сёстрах” Чэхава?”, і пабачыць у адказ разуменне. Цяпер жа размова на такім узроўні амаль немагчымая, і даводзіцца спецыяльна ўказваць, што трэба дачытаць, што трэба даглядзець, перш чым пачынаць вучыць ужо менавіта рэжысуры. Такое ж і на іншых спецыяльнасцях.

— Ва ўсіх на слыху праблемы беларускага ігравога кіно, нам не хапае якасных мастацкіх фільмаў. Вось і курс рэжысёраў кіно не набіраўся ўжо многа гадоў, і планаў, як я разумею, на бліжэйшы час няма…

— Сітуацыя, сапраўды, нярадасная. Цяпер у Акадэміі такі падыход, што нейкі курс мы набіраем толькі тады, калі ёсць заказ хаця б на шэсць спецыялістаў. На рэжысёраў тэлебачання і іншыя прафесіі такія заказы ў спецыяльнай электроннай форме ад тэлекампаній і многіх іншых арганізацый і ўстаноў, якія займаюцца вырабам аўдыя- і відэапрадукцыі, нам ідуць. З рэжысёрамі ігравога кіно сітуацыя адваротная. Акрамя ўсяго іншага, студэнты-рэжысёры павінны пад час вучобы здымаць свае мастацкія фільмы! А на гэта патрэбныя грошы. І я, калі ў нас навучаўся курс рэжысёраў, прасіў у міністэрства літаральна пад сваю адказнасць: “У нас восем студэнтаў, дайце нам 800 тысяч долараў, і праз год-паўтара беларускае кіно атрымае восем поўнаметражных мастацкіх фільмаў! Так, малабюджэтных, але крэатыўных, з маладой энергіяй. І гэта будуць паўнавартасныя цікавыя карціны!” На жаль, да нас не прыслухаліся, аддалі грошы на даволі спрэчныя стужкі “Беларусьфільма”, якія ў выніку не мелі вялікага розгаласу, і кожная з якіх каштавала нашмат болей, чым тая сумма, якую мы прасілі на восем фільмаў. А гэта ж магло даць такі штуршок усяму нашаму беларускаму кіно, магло стаць адпраўной кропкай для пачатку нейкай новай яго гісторыі! Падобныя праблемы знаёмыя і тым, хто вучыўся і вучыцца ў нас на дакументалістаў, на рэжысёраў анімацыйнага кіно.

— Як мы перайшлі на тэму рэжысёраў ігравога кіно, вы пачалі ўздыхаць. Відавочна, яна для вас балючая.

— На раней згаданым курсе Рэнаты Грыцковай, які выпусціўся ў 2017 годзе, было нямала таленавітых студэнтаў. Зразумела, яны зараз недзе працуюць: хто рэкламу здымае, хто музычныя кліпы, хто тэлевізійныя праекты — дзякуй Богу, у свой час я настаяў на тым, каб студэнты засвойвалі ўсе жанры і віды, у тым ліку і тэлевізійныя. Але ж вялікае кіно, чым трэба было б займацца ў першую чаргу, яны не робяць. Я пастаянна на гэтую тэму выказваюся, і нават заклікаю чыноўнікаў. Вось як я выступаў на канферэнцыі, прысвечанай 95-годдзю беларускага кіно: “Вам трэба ўмець знайсці агульную мову з гэтымі маладымі творцамі, з нашымі выпускнікамі — яны людзі іншага пакалення, людзі іншага не тое што стагоддзя — іншага тысячагоддзя! А вы да іх — па мерках далёкага мінулага, і хочаце, каб іх вучылі гэтак жа, як вас вучылі гадоў 50 таму”. Я даўно працую ў гэтай сферы, многа езджу на кінафестывалі, і бачу, якое стаўленне ў іншых краінах, — абсалютна адрознае ад таго, што ў Беларусі. Калі не змяніць падыходы, то і ў беларускім кіно нічога ў лепшы бок не зменіцца. Вось колькі гадоў я дэкан, столькі гадоў пастаянна спрачаюся і спрабую нешта даказаць, у нечым пераканаць і растлумачыць, якім чынам дзяржава павінна карыстацца тым, што ёй дае наша Акадэмія. Але дагрукацца пакуль ўсё яшчэ не ўдаецца.

— Факультэт экранных мастацтваў у параўнанні з усімі іншымі творчымі факультэтамі павінны найбольш хутка рэагаваць на патрабаванні часу, бо менавіта ў вашай сферы тэхналогіі імкліва змяняюцца. Ці задаволены вы тэхнічнай навучальнай базай?

— Тэхналогіі, сапраўды, змяняюцца вельмі хутка, і наконт задаволенасці — канешне, ёсць чаго жадаць. (смех) Але ж цяпер нават смартфон дае цалкам годны тэхнічны ўзровень карцінкі, а мантаж можна рабіць на ноўтбуку. У кожнага студэнта, лічы, ужо ёсць свая маленькая кінастудыя, якая дазваляе вучыцца прафесіі, і тым самым здымаюцца многія пытанні па тэхнічнай базе. Але што тычыцца гукарэжысуры — у гэтым выпадку тэхнічная забяспечанасць мае большае значэнне, і з гэтым у нас ёсць праблемы. Вучэбная студыя гуказапісу патрабуе абнаўлення. Але гукарэжысёраў навучаюць не нейкія тэарэтыкі, а дзейныя майстры сваёй справы, і ўсе студэнты маюць магчымасць практыкавацца ў студыях і на тэлебачанні, і ў іншых месцах. Тут яшчэ іграе ролю тое, што на гукарэжысуру ідуць людзі, самі моцна зацікаўленыя ў прафесіі, і кожны нават у сябе дома збірае ўласную студыю.

— Ці святкавалі вы ўжо юбілей факультэта, ці плануеце?

— Урачыстасцяў пакуль не ладзілі: афіцыйная дата стварэння прыпала на 5 красавіка, а на той час усё было складана з-за каранавіруса. Зараз іншыя надзённыя праблемы. Акрамя таго, цяпер мы рыхтуемся да 75-годдзя ўсёй нашай Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — яно будзе адзначацца ў лістападзе. У мінулым навучальным годзе наша кафедра пачынала здымаць юбілейны фільм да гэтай даты, але з-за пандэміі планы, на жаль, адклаліся. Але, упэўнены, і юбілей кафедры, і юбілей Акадэміі мы адзначым неяк яскрава і крэатыўна.