Днямі ў сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя, што ў Стоўбцах, што на малой радзіме Якуба Коласа, могуць без пэўнай павагі паставіцца да сядзібы, якая калісьці мела гучную назву, “фальварак Кавалёўшчына”, а цяпер месціцца ў вёсцы Задвор’е. Па словах мясцовых жыхароў, усе будынкі комплексу колішняй школы-інтэрната, а іх там даволі шмат, і старых, адносна сучасных, нібыта неўзабаве будуць пушчаны пад нож бульдозера. Але, на шчасце, усё аказалася не зусім так. Сёлета плануецца знос некалькіх будынкаў савецкага часу, якія сапраўды (як я пераканаўся на ўласныя вочы) прадстаўляюць пэўную небяспеку для мінакоў. Гістарычныя ж сядзібныя пабудовы, як мне паведамілі мясцовыя адпаведныя адмыслоўцы, хоць і праходзяць па пашпартах “савецкага часу”, руйнавацца не будуць.
Вошкаўцы. Млын. 2006 год.
Але засцярога застаецца, бо для тых, хто цікавіцца гісторыяй нашай роднай Беларусі знайсці ў дакументах, літаратуры ці сеціве згадкі пра які-небудзь маляўнічы куток Бацькаўшчыны з сядзібкай, стаўком, паркам, прыехаць туды, каб пабачыць усё гэта на свае вочы — справа зразумелая. Але ж ўбачыць там замест сваіх мараў… гаспадарчую групу мясцовага ЖКГ з ламамі ў руках над гарой “друзу”, пні, дзе яшчэ нядаўна махаў мінакам галінамі волат-дуб ці клён — справа зусім іншая, хаця, на жаль, амаль звычайная. На памяць адразу прыходзіць менавіта такі “гаспадарча-ламавы” выпадак з ўласнага досведу ў вёсцы Галошава, які я апісаў у артыкуле “Беларускі Манчэсцер або спісаная торба?” (гл. у “К” № 16 за 2019 год). Таму не марудзячы час, каб не прыехаць да “шапачнага разбору”, узяўшы фотаапарат я і адправіўся ў Стоўбцы.
Вошкаўцы. Сядзіба. 2006 год.
Едучы на цягніку ў Стоўбцы, я перабіраў у памяці падобныя чуткі, якія пазней аказваліся праўдай, і іншыя змрочныя старонкі спадчыннай гісторыі. Мяркуючы па колькасці падобных выпадкаў, такая справа ў Беларусі пастаўлена на шырокую нагу. Часам будынкі даводзяць да аварыйнага стану, а потым спісваюць. За імі, убачыўшы такі “мясцовы клопат і гаспадарлівасць”, а можа і маючы ўзаемны інтарэс, у бой ідуць вандалы рангам паменей, якія вырываюць з сядзібаў дзверы, вокны, зрываюць падлогу, выносяць брусы і нават здымаюць стары шыфер. Не кажу ўжо пра шукальнікаў “скарбаў”, якія разбіваюць печы, дымаходы і сцены. І нават рыюцца ў магілах. На слыху нядаўні выпадак, які здарыўся ў Магілёве. Там на каталіцкіх могілках спярша скралі вялізарную надмагільную металёвую пліту Грум-Грымайлаў ХІХ стагоддзя, а потым раскапалі магілу Янчэўскай з Грум-Грымайлаў. Зразумела, любы падобны рух можна было спыніць “на раз”.
Нача-Глябоўская (Свянціцкая). 2004 год.
Але ці ёсць на тое воля тых, хто павінен клапаціцца пра родную спадчыну, кіравацца адпаведным розумам? Увогуле, калі б існавала адзіная ўсебеларуская сець, дзе б рэгулярна выкладаліся любыя выпадкі, звязаныя са знішчэннем гістарычнай і культурнай спадчыны, мяркую, мы б жахнуліся ад памераў з’явы. І такая сець патрэбна… яшчэ ўчора.
А далей думка паляцела ў больш далёкае мінулае. І першае, што ўзгадалася, гэта падзея дзесяцігадовай даўніны.
Вошкаўцы (вёска Ураджайная, Ляхавіцкі раён). Сядзіба славутага роду Бохвіцаў, сваякоў Адама Міцкевіча і Гальяша Капіевіча. Дзесяць гадоў таму сярод старых дрэваў стаяў будынак, якому па самых сціплых падліках даследчыкаў было не менш за трыста гадоў! Ён быў складзены з лістоўніцы, таму прастаяць мог яшчэ столькі ж. Будынак паспяхова перажыў войны, паўстанні, калектывізацыі і шмат чаго пабачыў за свой час. Уявіце сабе, якую каштоўнасць для нашай культуры і гісторыі ён уяўляў! Пасля таго, як з яго вывелі амбулаторыю, яго, як таго “маўра”, па рашэнню мясцовых уладаў знеслі — “на дровы”. Хаця сумнеўна, што каштоўны брус пайшоў у печ. Гэта было б занадта нават для вандалаў. Ва ўсялякім разе сядзіба, дзе Фларыян Бохвіц (адвакат, філосаф, асветнік і пісьменнік) напісаў сваю першую кнігу пад дзіўнай назвай — “Выява маёй думкі пра мэты існавання чалавека” (Вільня, 1841), цяпер “не жыве”. На яе месцы бадыллё. Туды ж у нябыт адправіліся і гаспадарчыя пабудовы, якія спярша згарэлі, а потым былі разабраны “печнікамі”. Кажучы пра гэты род згадаем іншы выпадак. Сядзіба Бохвіцаў у Фларыянава займела гаспадара, які даглядае яе і прымае бясконцыя турыстычныя групы. Пашанцавала, інакш не скажаш.
Нача-Глябоўская (Свянціцкая). 2015 год.
А між тым, ва Украіне ў горадзе Драгобычы, на ўласныя вочы пабачыў дзве драўляныя царквы, якія нарадзіліся ў часы Францішка Скарыны! То бок ім па 500 гадоў! І яны выкарыстоўваюцца як філіялы музея і знаходзяцца ў выдатным стане. Гэта да таго, што трыста гадоў — не падстава для ўтылізацыі важных аб’ектаў. А наадварот стымул для іх захавання!
Праца для Шэрлака Холмса
Сядзіба О’Руркаў ва Уселюбе, Навагрудскі раён. Гэта гісторыя ўвогуле магла б стаць сюжэтам для вядомай праграмы “Следства вялі”, толькі ў якасці следчага трэба было б выклікаць з небыцця беларускага Шэрлака Холмса — “копнага суддзю Станкевіча” (герой Уладзіміра Караткевіча — ад рэдакцыі). Мяркую, ён хутка б разабраўся, чаму драўляная сядзіба шатландскага роду О’Руркаў, якую мясцовыя ўлады дарэмна намагаліся прадаць з аўкцыёну за 10 000 даляраў, раптоўна згарэла дазвання ў 2012 годзе. Адбылося гэта менавіта тады, калі ёй зацікавіўся нашчадак О’Руркаў (у 1939 годзе сядзібу адабралі бальшавікі). Сваяк знакамітага роду адмаўляўся набываць яе за вызначаную суму, бо меркаваў, што гэтыя грошы трэба пусціць на рэстаўрацыю. І тады ў мястэчку, як чэрці з табакеркі, з’явіліся “нейкія бамжы”, якія заначавалі ў сядзібе пры агеньчыку, з якога і разгарэлася полымя.
Чарапоўшчына. Сядзіба. 2009 год.
Сядзіба Маліноўскіх, вёска Чарапоўшчына, Ушацскі раён. Роўна праз два гады пасля таго як пайшла дымам драўляная сядзіба О’Руркаў, 9 мая 2014 года здарыўся пажар у сядзібе 1890 года пабудовы. Неверагоднай прыгажосці і захаванасці будынак, перліна тых мясцінаў, пераўтварыўся ў дым, попел і друз. Фота таго, што там цяпер нагадвае здымкі часоў вайны, калі ад беларускіх хат засталіся толькі закопчаныя коміны і “журавель” студні. Сядзібы, якія перажылі дзве зруйнавальныя сусветныя вайны, гараць зараз, калі самы час даць ім другое жыццё.
Чарапоўшчына. Сядзіба пасля пажару. 2014 год.
У 2015 годзе дымком пацягнула ад сядзібы ў вёсцы Лукі, што ў Віцебскім раёне. Каменны будынак меў прыгожы стары дах, і нават новага прыватнага ўласніка.
Прыкладна ў гэты самы час ізноў у смутныя “зводкі з фронту” патрапіў Ляхавіцкі раён. Абышлося без дыму, але сядзіба ў Начы-Свянціцкай (яна ж Нача-Глебаўская) жыць перастала. Ізноў такі, шыкоўная драўляная сядзіба, брус з лістоўніцы. Як распавялі мясцовыя жыхары, якія жылі ў гэтай сядзібе да апошняга часу, будынак быў разабраны, перавезены нейкімі мясцовымі жыхарамі і сабраны ізноў, недзе ў межах раёна. Якую ён там выконвае функцыю, і так гэта ці не, пакуль выявіць не ўдалося. Можна было б пацешыцца, што “будынак выратаваны”, але культурныя страты і “халатнасць” да захавання такіх перлінаў мясцовага значэння проста ўводзяць у жах.
Кішчына слабада, Барысаўскі раён
Сядзіба Цюндзявіцкіх, у надбярэзінскім краі. Цюнзявіцкіх, тых самых, з якіх выйшлі Міхал, паўстанец, які лічыцца першай ахвярай Мураў’ёва-Вешальніка. Ганна, аўтар бестселера ХІХ стагоддзя “Гаспадыні літоўскай”. Кніга, якая на сёння мае ўжо 14 перавыданняў (некалькі на беларускай мове). Збудаваная акурат у часы, калі Напалеон, як яму здавалася, нёс на штыках сваёй арміі надзеі на вызваленне. Двухсотгадовы будынак сядзібы, па класічнай схеме, з лістоўніцы, да самага апошняга часу актыўна выкарыстоўваўся, нейкі час прастаяў закрыты. Знайшліся людзі (праект Жорны), якія хацелі зрабіць там пякарню. Але не атрымалася. Ім не прадалі, а неўзабаве, недзе ў траўні 2016-га, нехта запусціў пад страху сядзібы “чырвонага пеўня” (“Сляды пажару ў маёнтку “Гаспадыні” гл. “К” № 20, 2019 год). А выпадак, калі журналіст “К” Ілья Свірын заспеў у Горным Снове пажар на сядзібе Гартынгаў? (“Каб дах зусім не пацёк...” гл. “К” № 25, 2020 год).
А колькі такіх выпадкаў увогуле? І, самае цікавае, ніхто не вінаваты. І гэта як “індульгенцыя на вандалізм”.
Але раней ці пазней знойдуцца і “бамжы”, і “брусы”, і “сведкі”, а галоўнае “матыў”. У наш час цяжка нешта схаваць, бо нават у Сярэднявеччы гэтага не заўсёды ўдавалася зрабіць..
Аб тым, што я ўбачыў і даведаўся ў Стоўбцах, а таксама пра сам маёнтак Кавалёўшчына, з якога можна выводзіць радавод Стоўбцаў, будзе ў наступным нумары.
Фота Канстанціна Шастоўскага, Ірыны Кузьміч, Андрэя Дыбоўскага, Валерыя Зезялея і Аляксея Капчыкава