Музычная канстанта ў час пандэміі

№ 35 (1474) 29.08.2020 - 05.09.2020 г

“Сёння кансерваторыя аснашчана музычнымі інструментамі на 100%”, — канстатуе гатоўнасць слыннай ВНУ да новага вучэбнага году прарэктар па навуковай працы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Нэлі Мацаберыдзе. Адрамантавана сцэна вялікай канцэртнай залы Акадэміі ў вучэбным корпусе №1, шэраг аўдыторый у двух карпусах, здадзеная камерная зала ў інтэрнаце… — пералічвае Нэлі Вячаславаўна завершаныя будаўнічыя праекты. “Ды яшчэ для факультатыўных заняткаў сёлета быў набыты нямецкі клавесін фірмы “Neupert” (на здымку), — нагадвае яна пра новага суседа міні-аргану ў адмысловай арганнай зале. Пра падрыхтоўку да новага вучэбнага году гутарым са спецыялістам.

/i/content/pi/cult/813/17424/7.jpg— Нэлі Вячаславаўна, пачатак новага вучэбнага году — гэта для Акадэміі музыкі ў пэўнай ступені рабочы працэс, ці адказная падзея, якая дае ўяўленне пра стан і далейшы вектар развіцця навучальнай установы?

— Кожны новы вучэбны год для студэнтаў і педагогаў Акадэміі музыкі — гэта заўжды новыя адчуванні ад сустрэч, рэалізацыі творчых праектаў, атрымання новых ведаў. Гэта — памкненне да дасягнення поспеху, пашырэння інтэлектуальнага гарызонту, бо калектыў Акадэміі — творча паспяховыя асобы. Кожная хвіліна іх жыцця прысвечана Музыцы, Мастацтву, Прыгажосці. Так я магу апісаць настрой, які пануе зараз у нашых сценах.

Што да канкрэтыкі, то 2020 стаў для нас усіх асаблівым годам, напоўненым выключнымі падзеямі. Складаная эпідаміялагічная сітуацыя сфарміравала новыя ўмовы і формы адукацыйнага працэсу. Варта адзначыць, што ў адукацыі музыканта вельмі важны кантакт з аднадумцамі, магчымасць сумеснага музіцыравання і стасункаў. Таму зараз мы прынялі такое рашэнне: падзялілі нашых навучэнцаў на дзве плыні. 1 верасня пачнуцца заняткі для першакурснікаў, 7 верасня — для астатніх курсаў. Пачынаючы новы вучэбны год, спадзяемся, што нягледзячы на ўсе складанасці, здолеем правесці яго паўнавартасна, цікава і насычана.

— Літаральна некалькі тыдняў таму газета “Культура” пісала пра завяршэнне рэстаўрацыі будынка Рэспубліканскай гімназіі-каледжа. Ці паўплывала гэта падзея на працу кансерваторыі?

— Для ўсіх нас завяршэнне рэстаўрацыі будынка Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ сталася вялікай і значнай падзеяй. Жыццё гэтай вучэбнай установы непасрэдным чынам сувязная з нашай alma mater. Яшчэ ў далёкім 1935 годзе адкрылася гэта аддзяленне юных дараванняў пры кансерваторыі. Мэтай яго было і ёсць — раскрыццё талентаў, развіццё іх здольнасцей і прафесійнае станаўленне. Сёння дзякуючы дзейнасці сваіх педагогаў, навучэнцаў і выпускнікоў, гімназія-каледж займае асаблівае месца сярод устаноў беларускай сістэмы прафесійнай падрыхтоўкі музычна адораных дзяцей і моладзі. Яна, па-сутнасці, з’яўляецца ўвасабленнем сістэмы непарыўнай музычнай адукацыі: школа — каледж — ВНУ. Агульная тэма развіцця талентаў адзіная для нашых устаноў і таму шматлікія выкладчыкі Акадэміі музыкі зараз працуюць у гімназіі-каледжы.

Хачу падкрэсліць, што ў перыяд рамонту будынку, калі навучэнцы не мелі магчымасці ў поўнай меры ажыццяўляць сваю канцэртную дзейнасць, ствараліся сумесныя творчыя праекты студэнтаў і навучэнцаў гімназіі-каледжа. Яны ладзіліся ў канцэртных залах Акадэміі музыкі. Зараз шматлікія творчыя праграмы, што склаліся, плануем ажыццяўляць і далей, у тым ліку ў новай канцэртнай зале гімназіі-каледжа.

— Магчыма, у будынку Акадэміі музыкі таксама адбыліся пэўныя змены? Адкрыліся новыя класы? Былі закупленыя новыя інструменты?

— У Акадэміі музыкі два вучэбных корпусы, інтэрнат, адноўлены парк музычных інструментаў, які быў набыты ў рамках дзяржаўнай праграмы. Сёння наша ўстанова абсталявана музычнымі інструментамі на 100%. У кансерваторыі 94 раялі, 253 фартэпіяна і 278 іншых інструментаў. У 2020 годзе быў набыты нямецкі клавесін фірмы “Neupert” для факультатыўных заняткаў у рамках вывучэння старадаўняй музыкі.

Зараз у нас працуе некалькі канцэртных залаў, а да новага вучэбнага году здадзены камерны зал у інтэрнаце, адрамантаваная сцэна вялікай канцэртнай залы ў вучэбным корпусе №1, на якой адбываюцца ўсе значныя мерапрыемствы ВНУ. Акрамя таго, адрамантаваны шэраг аўдыторый у двух вучэбных карпусах, адноўлены фасад будынка. Безумоўна, Акадэмія музыкі да пачатку вучэбнага года гатова.

— Зараз мы праяснілі момант вучэбнай базы, аднак пытанне новых навучэнцаў, на маю думку, варта ўвагі гэтаксама. Ведаю, што сёлета прыёмныя экзамены былі перанесены на жнівень з-за каранавіруса. Ці сказаўся перанос на вынік уступнай кампаніі?

— Вядома, эпідаміялагічная сітуацыя наклала свой адбітак на кампанію 2020-га. Акрамя пераносу тэрмінаў — з ліпеня па жнівень, яна да ўсяго адбывалася ў сціслыя часовыя рамкі — з 1 па 7 жніўня. Былі прадуманыя меры бяспекі — разгрупаваны “плыні” абітурыентаў, мінімізаваныя групы па правядзенні профільных іспытаў па дысцыпліне “Творчасць”. Тым не менш, цяжкасці не перашкодзілі паспяхова правесці ўступныя экзамены. На вочную (дзённую) форму атрымання адукацыі за рахунак сродкаў рэспубліканскага бюджэту сёння залічана 160 чалавек ці
100% ад кантрольных лічбаў прыёму (была пададзена 221 заява). У тым ліку 12 чалавек залічаны ў Магілёўскі філіял Акадэміі музыкі.

— Сёлета ў цэлым быў вялікі конкурс на спецыяльнасці?

— Конкурс на атрыманне адукацыі склаў у сярэднім 1, 4 чалавека на месца. Для параўнання: у тым жа 2019 годзе конкурс быў таксама 1, 4 чалавека на месца, у 2018-тым - 1.3, у 2017 - 1,2. Адметна, што ўжо многія гады самы вялікі конкурс у Акадэміі музыкі  — 1,7 чалавека на месца — захоўваецца па кірунку спецыяльнасці “Спевы (акадэмічныя)”.

— У мінулым годзе ў Акадэміі музыкі разглядалася магчымасць увядзення новых магістэрскіх праграм, напрамкаў: “сучасныя метады працы з гукам”, “менеджмент у галіне музычнага мастацтва”, “сучасны выканаўчы стыль”. Ці ўдалося ўвесці гэтыя спецыялізацыі, ініцыятывы?

— Зараз у БДАМ існуе магістэрская праграма “Актуальныя напрамкі развіцця сучаснага музычнага мастацтва”. У яе рамках ёсць такія дысцыпліны як “менеджмент у галіне музычнага мастацтва”, “сучасны выканаўчы стыль”. Аднак пакуль гэтыя дысцыпліны не сфарміраваліся ў асобны магістэрскі кірунак. Аднак у планах пашырэнне ёсць.

— Якую падзею ў новым навучальным годзе чакаеце з нецярпеннем?

— Планаў у новым вучэбным годзе шмат — гэта і правядзенне нашых буйных творчых праектаў Міжнароднай Асамблеі ансамблевай музыкі (кастрычнік), Рэспубліканскія конкурсы выканаўцаў фартэпіяннай музыкі і вакалістаў імя Станіслава Манюшкі, міжнародныя навуковыя мерапрыемствы, традыцыйныя фестывалі, падрыхтоўка да святкавання 100-годдзя з дня нараджэння прафесара акадэміі В. У. Роўды. Усё гэта — толькі невялікая частка нашых планаў. Падзей, паўтаруся, шмат.

Але вяртаючыся да пачатку размовы і вашага пытання пра вектар развіцця ВНУ, адзначу, што гэты год для нас азнаменаваны і падрыхтоўкай да 90-гадовага юбілею нашай Акадэміі музыкі, што адбудзецца ў 2022 годзе. Створаны план падрыхтоўкі, у якім намечаны цэлы шэраг творчых і навуковых мерапрыемстваў, робіцца пералік нотных, метадычных і навуковых выданняў, і ўжо ў 2021 годзе будзе ажыццёўлена распрацоўка навуковай тэмы па даследаванні архіўнага фонду кансерваторыі. Вынікам яго стане макет выдання “Беларуская дзяржаўная кансерваторыя-Акадэмія музыкі: гісторыя ў дакументах”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"