Таленавіты і непрадказальны

№ 34 (1473) 22.08.2020 - 29.08.2020 г

(Працяг. Пачатак у № 33)

/i/content/pi/cult/812/17405/010.jpgДругое ўваходжанне ў тую ж раку

У 1991-м Барыса Луцэнку ізноў запрасілі ўзяць на сябе мастацкае кіраўніцтва Рускім тэатрам імя Горкага.

Ён вярнуўся з “пасагам”, як быццам ужо загадзя падрыхтаваным: цэлым куфэркам новай драматургіі.

Адразу ж — спектакль па п’есе забароненага пры бальшавіках Дзмітрыя Меражкоўскага “Хрыстос і антыхрыст”: супрацьстаянне царэвіча Аляксея магутнаму і жорсткаму бацьку Пятру І (дуэт Аляксея Шадзько і Расціслава Янкоўскага). Спектакль развейвае арэол цара, які “прасек акно ў Еўропу”, а з іншага боку, паказвае неабмежавапага жорсткага чалавека сыназабойцам.

А далей луцэнкаўскія прэм’еры ішлі адна за адной. Нейкае вулканічнае вывяржэнне сцэнічных шэдэўраў!

Маючы завядзёнку распавядаць толькі пра тое, у чым сам удзельнічаў або чаму на свае вочы быў сведкам, згадаю толькі некаторыя спектаклі.

У 1992-м — “Амфітрыён”, мантаж фрагментаў антычных міфаў і легенд, п’ес і эсэ шматлікіх аўтараў. У выніку — найвыдатны, неверагодны, бліскучы спектакль!

Прызнаюся, меў у дачыненні да гэтай задумы пэўны скепсіс. Насцярожваў мяне штамп “антычнасці”: мроілася дэкламацыя, нешта манументальнае, сумна-застылае… Але напярэдадні прэм’еры акцёр Юра Казючыц пераконваў:

— Што вы! Гэта вясёлая камедыя, часам нават балаган з песенькамі і жартамі. У мяне там галоўная роля… Заўтра спектакль — вось толькі не ведаю, ці здолею здабыць вам месцы.

Ужо наступным вечарам мы з жонкай і нашымі дзецьмі-падлеткамі сядзелі ў пятым шэрагу, побач з праходам. Забягаючы наперад скажу, што дзеці (якія ўжо вядома падраслі) у добрым настроі і дасюль напяваюць услед за Юрыем: “На дереве персики снова созрели в нашем саду…”

Уражаны спектаклем, я той жа ноччу напісаў Барысу ўдзячнае пасланне за неверагодна цудоўны спектакль, і ён палічыў магчымым вывесіць яго ў тэатры на дошцы аб’яў.

Часам Барыс Луцэнка працаваў са здаровым авантурызмам (чаго не зробіш дзеля мастацтва!). У 93-м, дазнаўшыся пра Шылераўскі фестываль у Нямеччыне, падаў заяўку на пастаноўку спектакля “Браты Моор” паводле “Разбойнікаў” Шылера, Яе прынялі, і спектакль быў пастаўлены вельмі хутка, хаця амаль не існаваў у задуме. Глядзельную залу малой сцэны разгарнулі на 90 градусаў, дзея адбывалася ўздоўж бакавой сцяны, акцёры з’яўляліся праз акно, забіраючыся па пажарнай лесвіцы — яны ж разбойнікі!

Таямніца “Невядомага”

У 1997-м Барыс зрабіў сабе да 60-годдзя падарунак: паставіў “Раскіданае гняздо”. У фае стаяў макет аздаблення і сапраўдны воз з саломай. Артысты рускага тэатра ігралі на мове арыгінала: па-беларуску.

Бывае, што нейкая тэма вярэдзіць творцу душу ўсё жыццё. Пра нешта падобнае казаў мой сябра Міша Козакаў, які да “Пікавай дамы” звяртаўся не раз: і чытаў, і ставіў, і экранізаваў, і нават тлумачыў мне апісаныя Пушкіным картачныя камбінацыі. Але незадоўга да смерці прызнаўся: “Гэтая сука графіня мяне не адпускае”.

Тое адбылося і з маім паплечнікам і суаўтарам Барысам Луцэнкам: “Раскіданае гняздо” ў Купалаўскім тэатры, праз 30 гадоў у Рускім. А паміж тэатральнымі пастаноўкамі, у 1981-м, ён зняў па гэтай п’есе фільм. Лепшая беларуская драматургія, лепшыя беларускія акцёры, зонгі на купалаўскія вершы ў выкананні Уладзіміра Мулявіна!

А вось адзін вобраз - вобраз Невядомага — прызнаваўся мне Барыс, так і застаўся нявырашаным ні ў адной з трох работ. Нават пасля таго, як на гэтую, па сутнасці, не ролю, а эпізод, запрасіў ён акцёра Анатоля Саланіцына, паплечніка Андрэя Таркоўскага. Дарэчы, Саланіцын у сярэдзіне 60-х уваходзіў у трупу нашага Рускага тэатра і быў здатны выглядаць на экране таямніча і шматзначна. Але ж і ў фільме незразумела: хто ж ён, той Невядомы? Каго меў на ўвазе Купала?

І вось, пасля трох зваротаў да “Гнязда”, рэжысёр “прозрел”:

 — “Невядомы” — гэта Хрыстос! Разумееш? Тады ўсё становіцца ясным! — літаральна крычаў узрушаны Барыс.

Данатас у якасці прэзента

У 1998-м — ізноў “Гамлет” з тым жа трапяткім Юрыем Казючыцам.

Ролі Клаўдзія і здані бацькі Гамлета рэжысёр аб’яднаў. Такое “раздваенне” асобы мог сыграць толькі выдатны акцёр. Такі ў трупе быў: Расціслаў Янкоўскі.

Сцэна аголеная ажно да задняй цаглянай сцяны, да якой высока ўверсе прымацаваныя каласнікі. Народны артыст СССР Янкоўскі, якому неўзабаве стукне 70 гадоў, носіцца па гэтай пустой прасторы, потым па пажарнай лесвіцы праз прыступку ўзлятае на тыя каласнікі і адтуль саслізгвае на сцэну!

У 2000-м Луцэнка спатоліў сваё даўняе жаданне: паставіў сатыру Эрдмана пад назвай “Патрабуецца самазабойца” з Аляксеем Шадзько ў ролі Падсякальнікава. Нядаўна з нейкай нагоды я перагледзеў відэазапіс спектакля — і зноў захапіўся прыдумкамі рэжысёра ды манерай выканання.

Неўзабаве ў мастацкага кіраўніка ўзнікла новая задача. Трэба было загружаць Янкоўскага, які з амплуа герояў паступова пераходзіў на ўзроставыя ролі. На малой сцэне ён сыграў мноства сталых персанажаў: у “Вячэры” з Ю. Сідаравым, у “На Залатым возеры” з Клімавай, а потым з Б. Масумян. На асноўнай сцэне Барыс ставіць “на Янкоўскага” “Перад захадам сонца” Г. Гаўптмана. Чарговы трыумф, які падзялілі акцёр і рэжысёр!

Пастаўленая ў 2000-м “Опера жабракоў” (паводле п’есы Б. Брэхта “Трохграшовая опера”) некалі прынесла рэжысёру і тэатру вялікі поспех — а цяпер выклікала досыць стрыманыя водгукі і нядоўга пратрымалася на афішы.

Затое доўга трымаўся мюзікл Аляксея Еранькова “Анджэла і іншыя” па матывах А. Пушкіна. Пастаноўка стала стымулам і школай для пашырэння музычных магчымасцяў выканаўцаў.

Падчас спектакля “Вольны шлюб” Барыс выходзіў у залу і наўпрост запытваў у гледачоў: як ім пажадана развіваць надалей сюжэт, як павінны паступаць персанажы?

Спектакль “Яўрэйскія анекдоты” Луцэнка паставіў на малой сцэне. Квіткі каштавалі дорага, бо ў час спектакля падавалі кілішкі каньяку. А потым, у верасні 2001-га, Барыс запрасіў мяне ў Вільню: у тамтэйшым Рускім тэатры ён таксама паставіў “Яўрэйскія анекдоты”.

Зрокава памятаю сцэну тэатра, застаўленую чамаданамі, персанажаў з нашытымі на адзенне жоўтымі шасцікутнымі зоркамі - дзеі адбываюцца ў гета. Героі спектакля, каб неяк зменшыць пакуты і не ўзгадваць пра непазбежны канец жыццёвага шляху ў пячы, расказваюць анекдоты… Так выявілася жыццеўспрыманне Луцэнкі: весялосць у абстаноўцы трагедыі.

Я падрыхтаваў яму тры прэзенты, якія ўручыў у дзень прэм’еры: 16 верасня, якраз у дзень яго нараджэння — так ужо супала.

Па-першае, прывёз свежы нумар газеты “Культура” з маім артыкулам пра яго.

Па-другое, купіў кавун, на якім сцізорыкам старанна выразаў досыць вялікі віншавальны тэкст.

А па-трэцяе — запрасіў з Панявежыса Данатаса Баніёніса. Усе ў тэатры былі здзіўленыя і ўзрушаныя — як жа, неспадзяванка: сусветнавядомы Народны артыст СССР раптам наведаў Рускі тэатр!

Барыс быў крануты маёй увагай і прэзентамі, узрушаны наведваннем прэм’еры артыстам з сусветнай славай… Нерваваўся ў чаканні ацэнак Данатаса.

На банкеце, які наладзіў дырэктар тэатра В. Тарасаў — былы барабаншчык і трубач славутага віленскага джазавага трыа, дзе ён граў з Ганеліным і Чэкасіным — Баніёніс спектакль ухваліў. А крытык ён патрабавальны і жорсткі. Што ж, і на разгром, і на ласку літоўскі майстар меў права.

Сёння я сумую, што Барыса з намі няма. Ён заўсёды фантаніраваў ідэямі, новымі прыёмамі тэатралізацыі, Луцэнка прагнуў чагосьці новага і арыгінальнага.

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжыссёр