Адбіткі дажджу і каціных лапак

№ 32 (1471) 08.08.2020 - 15.08.2020 г

Штогод на працягу двух тыдняў група археолагаў і іх памочнікі — валанцёры працуюць на раскопках старажытнага Крэўскага гарадзішча, якое існавала яшчэ задоўга да знакамітага Крэўскага замка. Сёлета валанцёрскі летнік дзейнічаў з 20 ліпеня па 3 жніўня. У яго складзе — прафесіяналы і аматары, якіх аб’ядналі кіраўнік праекта Алег Дзярновіч і старшыня праўлення мясцовага дабрачыннага фонда “Крэўскі замак” Андрэй Шулаеў. Працягваюцца археалагічныя работы і на тэрыторыі самога замка. Так, падчас кансэрвацыі замка-кастэлі каля паўночна-ўсходняй сцяны выяўлена невядомая дагэтуль цагляная муроўка.

/i/content/pi/cult/810/17361/3_1.jpgСяміметровая цагляная муроўка абапіраецца фактычна на рэальны падмурак сцяны замка, што не ўласціва для падобных збудаванняў ХІІІ — ХІV cтст. Бо асаблівасці будаўнічай тэхналогіі падобных абарончых замкаў, характэрных для Балцкага рэгіёна, вызначаюцца тым, што цэгла выкарыстоўвалася пераважна для аздаблення вежаў, арачных праходаў, у дэкаратыўным пасе звонку па перыметры замка. А для сцен кастэлі цэгла — вельмі дарагое задавальненне. Да таго ж ненадзейнае, бо бутавыя камяні, выкладзеныя на глінянай рошчыне і замацаваныя вапнавай рошчынай, даюць больш гарантый пры нападзе праціўніка.

Вядучы навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Алег Дзярновіч, які ажыццяўляе археалагічны нагляд за ходам работ на Крэўскім замку, прапанаваў унесці карэкціроўку ў рэстаўрацыйны праект. Першапачаткова меркавалася ўсю паўночна-ўсходнюю сцяну знутры закласці бутавым каменем. Але, улічваючы, што ўчастак гэты не тыповы для пабудовы, якая ўзводзілася ў ХІV стагоддзі, мяркуецца пакінуць фрагмент з буйной цэглы, што праявіўся пасля ачысткі ад друзу і іншага смецця. Ніякіх гістарычных звестак пра гэта збудаванне ў архівах і вядомых даследчых дакументах няма. Таму вялікі аб’ём работы чакае даследчыкаў крэўскай даўніны, археолагаў, гісторыкаў.

/i/content/pi/cult/810/17361/3_2.jpg

Карпатлівая праца для рук валанцёраў.

Дарэчы, і цэгла Крэўскага замка адрозніваецца большым памерам і адсутнасцю барознаў (карнелюраў) характэрных для падобных будаўнічых матэрыялаў старажытнасці. А яшчэ на ёй захаваліся своеасаблівыя аўтографы з глыбінь вякоў — адбіткі кропляў дажджу і каціных лап. Лічыцца, што гэтыя сляды з’явіліся на асобных цаглінах падчас сушкі цэглы-сырца.

Алег Дзярновіч у інтэрв'ю сродкам масавай інфармацыі распавёў і пра іншыя знаходкі падчас археалагічных раскопак гэтага пошукавага сезона.

Шмат цікавых артэфактаў знойдзена як на тэрыторыі Крэўскага замка, так і на гарадзішчы.

/i/content/pi/cult/810/17361/3_3.jpg

На далоні Алега Дзярновіча — скабянка, знойдзеная на замчышчы.

Валанцёры, аматары гісторыі, якія шукаюць у зямлі рэшткі ад былых эпох, знайшлі на старажытным гарадзішчы шмат так званых статусных рэчаў, альбо іх фрагментаў, што сведчыць пра заможнасць тагачасных жыхароў і досыць высокае развіццё рамёстваў і гандлю на гэтых землях. Паводле Алега Дзярновіча, раз-пораз трапляюцца матэрыялы, якія яскрава сведчаць пра гарадскі характар паселішча.

— Адкуль пайшло старажытнае Крэва? — разважае Алег Іванавіч. — Вынікам раскопак, якія мы з перапынкамі вядзём ад 2012 года, стала разуменне: да пабудовы мураванага замка цэнтрам ранняга Крэва было якраз гарадзішча. Пазней на змену прыйшла мадэль раннеўрбаністычных паселішчаў абапал княскіх рэзыдэнцый, якія будаваліся па-за горадам. А вось мястэчка Крэва, згадкі пра якое з’явіліся ў XVІ — XVІІІ стагоддзях, развівалася ўжо вакол замка.

Па словах Алега Дзярновіча, прыклад Крэва ХІ — ХІІІ стагоддзяў можа скарэктаваць звыклыя ўяўленні пра даўнюю Літву. Найперш, спрэчкі наконт таго, якой была першапачатковая Літва — балцкай ці славянскай.

Ала СТРАШЫНСКАЯ

Фота аўтара