“Рамантык і рэаліст”: яго Апафеоз і Апакаліпсіс

№ 31 (1470) 01.08.2020 - 08.08.2020 г

(Роздум мастацтвазнаўцы пасля агляду выставы Арлена Кашкуревіча)
Нехта сказаў, што “стыхія любові ўкладваецца толькі ў рамкі паэзіі”. Дадамо: і ў рамкі выяўленчага мастацтва — таксама. Менавіта такога мастацтва, якому прысвяціў сваё іскрамётнае жыццё выдатны беларускі графік Арлен Кашкурэвіч, чыя мемарыяльная выстаўка твораў працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Яна была арганізавана музеем разам з Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, і прымеркавана да 90-годдзя з дня нараджэння выбітнага Майстра, хоць дату грамадства адзначала летась. Гэты архіў-музей прадставіў у экспазіцыю са сваіх фондаў некаторыя ўнікальные дакументы , якія тычацца жыцця і творчасці выдатнага майстра. Глядач таксама пазнаёміцца з рэдкімі малюнкамі і жывапіснымі экзерсісамі Кашкурэвіча, што захоўваюцца ў сям’і мастака — у яго дзяцей-мастакоў Тодара і Ігара. Усяго ў рэтраэкспазіцыі прадстаўлена больш за 100 твораў, выкананых ў розных графічных тэхніках, матэрыялах і жанрах: ад станковых гравюр да кніжных ілюстрацый, ад акварэлі да экслібрыса, ад малюнка да жывапісу, ад тэмы про жыццё любімага горада Мінска да глыбокіх роздумаў “пра час і пра сябе”, пра сэнс чалавечага жыцця ў кантэксце сусветнай філасофіі.

/i/content/pi/cult/809/17354/16.jpgДык у чым унікальнасць яго таленту? Якую спадчыну ён пасля сябе пакінуў нам, нашым дзецям і ўнукам? Думаю, што такія пытанні не патрабуюць складанай галаваломкі. Таму што ягоная творчасць — гэта настойлівы пошук адказу на вечнае біблейскае пытанне чалавецтва: “Што ёсць ісціна?” Эсхаталагічны роздум аб лёсах свету і чалавека — асноўны ў светапогляднай сістэме мастака, што б той ні ствараў, пачынаючы з першых самастойных твораў канца 50-х гадоў — адразу пасля абароны дыплома ў БДТМІ. Старэйшае пакаленне дзеячаў культуры помняць гэтыя бліскучыя ілюстрацыі да рамана ісландскага пісьменніка Халдора Лакснеса “Атамная станцыя”.

Мне прыходзілася шмат разоў пісаць нарысы пра творчасць мастака, тым больш, што мы ведалі адзін другога з канца 1960-х, а ў апошнія, больш за тры дзесяцігоддзі былі суседзямі на адной лесвічнай пляцоўцы на 5-м паверсе ў доме на вуліцы Сурганава, дзе на 9-м паверсе знаходзілася і яго майстэрня, у якой ён зрабіў лепшыя свае творы. Арлен Кашкурэвіч для мяне да канца яго жыцця стаў прыкладам рэдкага ўнікальнага мастака і чалавека з чыстым сумленнем, які мог пра сябе сказаць так: “Творчасць для мяне — не сузіранне, а барацьба: праз пакуты — да радасці, як казаў Бетховен…” І далей: “...Шляхі развіцця мастацтва прадугадаць немагчыма — яно развіваецца само па сабе, па сваіх унутраных законах, незалежна ад нашых патрабаванняў і жаданняў. Думаю, што кожны творца павінен несці сваю дадзеную прыродай ці Богам місію і працаваць сумленна. Асабіста мне важна разабрацца ў самім сабе ў гэтым мітуслівым няпростым свеце. Мяне цікавіць стан уласнай душы. Але часта так атрымліваецца, што малюеш нешта вельмі асабістае, а за гэтым паўстаюць вечныя тэмы…”

Так, “вечныя тэмы” Кашкурэвіча — бадай, у кожнай серыі яго твораў, асабліва звязаных з вечнымі пошукамі ісціны, нават у тых аркушах, якія праз таленавіта схаваныя “таемныя” метафары расказваюць пра, здавалася б, самыя простыя “рэчы”: пра “мілае гарадское жыццё” (які дзіўны аркуш “Стары музыкант і яго сабака”!), пра майстроў-шкловыдзімальшчыкаў і музыкантаў “Concerto grosso”, пра начны Мінск ды дажджлівы лістапад і г.д. А сімвалічны афортны трыпціх “Вузлы” — хіба ён не пра нас?

Са дня яго смерці прайшло сем гадоў (26 жніўня 2013 года) і, на жаль, за гэты час штосьці важнае адыходзіць з жывой памяці яго былых гледачоў, а цяперашняя крутая творчая моладзь ужо ўсё менш і менш цікавіцца спадчынай тых творцаў, якія закладвалі магутны фундамент сучаснага выяўленчага мастацтва краіны. Між тым, ва ўмовах сусветнай нестабільнасці, маральнага крызісу і сацыяльных катаклізмаў Кашкурэвіч з усёй вастрынёй ставіў перад людзьмі пытанні дабра і зла, любові і нянавісці, святла і цемры, вайны і міру. І ў гэтым плане ён займае асаблівае месца не толькі ў беларускай культуры.

/i/content/pi/cult/809/17354/17.jpgУ свой час, яшчэ на пачатку 1970-х, яго вострадраматычная сюіта афортаў “Партызаны” выклікала сапраўдны фурор не толькі ў нас, беларусаў, але і ў тых замежных краінах, дзе была паказана. Прайшоў час, але гэтая серыя і зараз выклікае вялікае душэўнае хваляванне. “Партызаны” Кашкурэвіча — разам з тым сімвалічны сігнал таму самому маладому пакаленню, якому, на жаль, уласціва забываць сваю гісторыю. І таму да партызан нельга ставіцца як проста да сюжэтнай ілюстрацыі пэўнага канкрэтнага эпізода ваеннага жыцця. Пра музыку, бывае, кажуць: філасофскія роздумы. Вось і тут: філасофскія роздумы — то гнеўныя, то элегічныя, то паэтычныя, то нават лірычнага складу. Яны абуджаюцца дачыненнем да сённяшняга свету. Яны — як боль, які ўбачаны за даўнасцю гадоў, горкі ды высокі боль, і памяць пра тое, што перажыў наш народ...

... Праз творчасць мастак змог унесці высокую маральную плату свайго таленту ў скрыжалі беларускага мастацтва і, вобразна кажучы, праліць не адну слязу па Радзіме — нашай Беларусі, якая за многія стагоддзі зведала столькі ўсялякіх пакут. Ці не пра тое сведчаць і іншыя аркушы мастака: “Генацыд”, “Напалм”, творы з серыі “Блакада”? А колькі яшчэ работ майстра прымушаюць думаць пра спрадвечнае, пра тое, што носім заўсёды ў душы: цыкл “Прысвячэнне Васілю Быкаву”, дзівоснае афармленне ўнікальнай кнігі ХХ стагоддзя “Я з вогненнай вёскі…” А.Адамовіча, Я.Брыля і У.Калесніка, ілюстрацыі да кніг беларускіх пісьменнікаў-франтавікоў, ілюстрацыі да “Тутэйшых” Янкі Купалы, да “Ладдзі Роспачы” У.Караткевіча і да “Песні пра зубра” М.Гусоўскага...

/i/content/pi/cult/809/17354/18.jpgА пра ілюстрацыі да гётэўскага “Фаўста” я і не кажу. Хаця якія ж гэта ілюстрацыі? Гэта штосьці большае! Аўра гэтых аркушаў, асаблівасці пластычнай структуры, трансфармацыя іх успрыняцця ў гістарычным часе — усе гэтыя моманты не толькі па-новаму выяўляюць знаёмы літаратурны арыгінал, але, галоўнае, існуюць нібыта ў сённяшняй прасторы быцця з яго вечнымі праблемамі. І яго Фаўст, сучасны Фаўст, адказвае на гэтыя нашы няпростыя пытанні: што ёсць ісціна? Што ёсць свабода і рабства? Што ёсць жывая навука і схаластычная ідэалогія?.. Варыяцыі на тэму “Фаўста” — “Апафеоз вайны”, “Прасвятленне”, “Сад Марты”, “Фаўст на плошчы”, некалькі кампазіцый на тэму Мефістофеля, “Вальпургіева ноч”, “Эйфарыён”, “Хор вядзьмарак” ды шмат іншых з “Фаўстыяны” — хіба гэта не жахлівыя прыкметы часу? Часу бязвер’я ды сатанінскіх разборак, разбэшчанасці душ і духоўнага жабрацтва?..

/i/content/pi/cult/809/17354/19.jpgМяне заўсёды цікавіла пытанне: якім няпростым шляхам прыйшоў мастак ад “Партызан” да графічнага асэнсавання “Новага Запавету” і “Найвышэйшай песні Саламонавай” ды цыкла літаграфій на біблейскія тэмы. “Выпрабаванне Хрыста ў пустыні”, “Анёл і пастухі”, “Вяртанне блуднага сына” — гэта не толькі знаёмыя кожнаму сюжэты, гэта — аўтарскае асэнсаванне “стану ўласнай душы”, спроба разабрацца ў самім сабе, адлюстраваць сябе ў гэтым мітуслівым няпростым свеце. І мне здаецца, што, магчыма, тая ісціна, якую ўсё жыццё шукаў Арлен Міхайлавіч, знаходзіцца ў кампазіцыях пад назвай “Апакаліпсіс 1” і “Апакаліпсіс 2”, якія ён зрабіў тушшу і гуашшу незадоўга да сваёй смерці. Я можа памыляюся... Але адно зразумела: чым было для яго мастацтва. Французы б сказалі: le comble honheur! Быць на вяршыні шчасця! Я ўдакладніў бы: верх цяжкага шчасця! І менавіта яно заўсёды спадарожнічала мастаку, які абраў для сябе нялёгкі жыццёвы шлях: як казалі нашы продкі, per aspera ad astra… У “Ладдзі роспачы” Уладзіміра Караткевіча ёсць такія красамоўныя радкі: “Чалавек носіць сваё неба з сабою…”. Арлен Кашкуревіч натхнёна таксама насіў сваё неба з сабою — у прасторах графічных сюіт і рапсодый і ў прасторах шчодрай ды адкрытай усяму свету душы…

/i/content/pi/cult/809/17354/20.jpgДык дзе ж тая ісціна, якую ўсё жыццё шукаў Арлен Міхайлавіч? Няўжо ў тых кампазіцыях пад назвай “Апакаліпсіс 1” і “Апакаліпсіс 2”? І як тут не згадаць ёмістыя і дакладныя словы таго ж Уладзіміра Караткевіча, яго блізкага сябра і паплечніка: “Арлен Кашкурэвіч — мастак гісторыі і сучаснасці. Рамантык і рэаліст: рамантык — бо беларус, рэаліст — бо чалавек зямлі. А можа, і наадварот. Так альбо інакш, але ўсе мы ў наш хрышчоны бомбамі нялёгкі час, мабыць, звяр’яцелі б, каб не былі і тымі, і другімі”. Сказана даўно, але як па-сучаснаму, ёміста, дакладна гэтыя словы гучаць і сёння!

Самым блізкім сябрам дзяцінства ў Арлена быў Юрый Карачун, будучы мастак, мастацтвазнаўца, які дваццаць гадоў пасля Алены Аладавай узначальваў Нацыянальны мастацкі музей. Вось што ў гутарцы са мной расказаў Арлен Міхайлавіч.

“Да вайны абодва мы жылі на вуліцы Камсамольскай: я — насупраць школы, побач з клубам КДБ (на гэтым месцы раней быў ГУМ), а Юра Карачун далей, за вуліцай Савецкай, бліжэй да стадыёна “Дынама”, каля “Белага дома” (так мы яго тады называлі) на рагу вуліцы Кірава. Гэты дом і цяпер там стаіць. З Юрам мы часта хадзілі ў кінатэатр “Спартак”, які знаходзіўся на месцы сённяшняга цэнтральнага кніжнага магазіна. Памятаю, у канца красавіка 1941-га, у кінатэатры адбылася прэм’ера фільма Кіеўскай кінастудыі “Багдан Хмяльніцкі”. І гэтая карціна аказалася для нас самай апошняй, якую мы паспелі паглядзець пакуль яшчэ ў мірны час. Дынамічны сюжэт фільма падбухторваў нас да пэўных “забаў”. Хлопцы з “Белага дома”, куды прыходзіў і я, ваявалі з задзіракамі з Ляхаўкі. Гэта быў раён за стадыёнам, каля ракі, і тутэйшыя рабяты нас, тых, хто жыў у цэнтры, недалюблівалі. Звычайная гісторыя. Зброя бітваў была простай: драўляныя мячы і рагаткі.

Але аднойчы на вуліцы Лекерта (гэта побач са стадыёнам) пачалася вялікая бойка. Ляхаўцы зрабілі нам сюрпрыз. У аднаго з іх апынуўся самапал, а гэта ўжо было сур’ёзна, хоць ніхто з яго стрэліць не збіраўся. А вось папужаць — гэта іншая справа. Але стрэл усё ж прагучаў. Самапал быў набіты шротамі і ўсялякім рыззём і ўзарваўся з другога боку. Стралку-бедалагу ледзь не адарвала вялікі палец. Мы з Юрам бачылі, як яго акрываўленага павялі ў паліклініку. Памятаю, Юра сказаў усім “байцам”, што з такой вайной трэба заканчваць. І закончылі. А яшчэ я з Юрам ды іншымі хлоцамі з Камсамольскай любілі збірацца ў аднаго шаўца. Яго маленькая майстэрня знаходзілася каля майго дома. Шавец быў добрым дзядзькам і дазваляў глядзець, як ён працуе. Ён спрытна выплёўваў з рота, поўнага цвікоў, па цвічку і па-майстэрску засаджваў іх у абцас. Для нас гэта здавалася верхам дасканаласці. Любілі мы катацца і на санках па вуліцы Леніна, у самым высокім яе месцы. Горка была вельмі доўгая, і санкі разганяліся да самай Свіслачы, перасякаючы вуліцу Першамайскую. І хадзілі мы з Юрам у адну школу № 5, якая знаходзілася на рагу вуліц Леніна і Карла Маркса, непадалёк ад Карціннай галерэі. Гэта быў старажытны будынак былой Гарадской гімназіі. У час вайны яе разбамбілі і цяпер там сквер. Так што мінскае дзяцінства стала для мяне нейкім падмуркам, на якім праз гады вырасла і ўмацавалася ў творчасці адна з маіх галоўных і любімых тэм — мой разналікі, стракаты і хутказменлівы ў сваім абліччы горад Мінск і яго жыхары…”

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"