Паслухаўшы аднойчы ў інтэрнэце музычнае прысвячэнне куточку беларускай зямлі, якое візуалізавалася ў кліпе яшчэ і праз эпічны відэакантэнт, вырашыла дазнацца: дзе ж творца злавіў той момант натхнення, які так прыгожа ўвасобіўся ў песні пад назвай “Слабодка”? Ці ёсць у яе свая story? Маю цікаўнасць да таінства стварэння таго музычнага твора наталіў вядомы музыкант — член Саюза музычных дзеячаў Беларусі, кампазітар, віртуозны, проста філігранны майстар ігры на гітары ў стылі фламенка-ф’южн, ён жа аўтар музыкі і паэтычных радкоў да сваіх песень ды рамансаў, лаўрэат міжнародных конкурсаў, дыпламант спецыяльнага фонда Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі Аляксей СКРЫПНІК.
— Як нараджаецца песня? Што натхняе? Ну-у, гэта ў кожнага аўтара па-свойму. Бывае, што натхняе на напісанне твора і маленькі мурашык, які ўпарта цягне травінку, пераадольваючы ўсе зямныя перашкоды на сваім шляху. А бывае - і канкрэтная жыццёвая гісторыя, як у мяне з гэтай песняй... Ёсць мясціны, якія становяцца тваёй любоўю назаўжды. Сіла іх прыцягнення такая вялікая, такая магутная, бы планетарны магніт, і параўнаць тую моц можна хіба менавіта з ім. Для мяне прынамсі — гэта Слабодка, старажытнае мястэчка, вёсачка, якая цяпер мае статус аграгарадка, на Браслаўшчыне. Калісьці гэтае мястэчка, дарэчы, мела Магдэбургскае права ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Маляўнічы, нават унікальны па гістарычных і прыродна-ландшафтных параметрах куток Беларусі, які ўваходзіць у склад Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”, даўно ўпадабалі нашы творцы. Прынамсі ў Слабодцы — дзесьці з канца 50-х гадоў мінулага стагоддзя і па сёння — традыцыйна праходзяць практыку студэнты мастацкага факультэта БДАМ. Пакінула свой след Слабодка на палотнах народных мастакоў Беларусі Анатоля Бараноўскага і Георгія Паплаўскага. Да слова, пазнаёміўся я з гэтым краем таксама дзякуючы аднаму мастаку-жывапісцу, выкладчыку Акадэміі, і вось ужо дваццаць гадоў запар прыязджаю сюды ў вольны ад гастрольнага графіка час. Наша сям’я набыла тут, літаральна ў двух кроках ад возера, невялікі, як мы яго называем — “рыбацкі дамок”, дзе і сустракаем летнія досвіткі ды праважаем на беразе сонейка з вудамі. Непаўторны час! Рэлакс!
Так што “кухня” напісання “Слабодкі” непасрэдна ў ёй самой — звышнатуральная.
А было гэта так. Неяк пайшоў я на гару Мілосці, так мясцовы люд яе называе з незапамятных часоў, прытуліўся да магутнага дрэва, а наўкол... дух захоплівае! Сосны, велізарны мажжавелавы лес у атачэнні казачных азёраў - Недрава і Поцеха - водар красак і птушыны посвіст, а яшчэ на вадзяных няспешных хвалях - спрэс белыя лілеі-гарлачыкі. Панарама з самай высокай кропкі гары — ну проста фантастычная! Як нейкі касмічны карабель перад вачамі паўстаюць высачэзныя белыя вежы касцёла Сэрца Ісуса, знакамітага храма сярод айчынных помнікаў архітэктуры старажытнага “канфесійнага дойлідства”. Пабудавалі яго магнаты Святаполк-Мірскія, род якіх валодаў ў свой час і Мірскім замкам. Дарэчы, у храме ёсць дзеючы старадаўні арган, на якім мне мясцовы ксёндз дазволіў сыграць адзін з маіх фартэпіянных опусаў.
Але і сапраўды неспавядальныя шляхі Гасподні! Гэта я пра сваю канцэртную гітару. Яна ж у мяне народжана на Браслаўшчыне. Мой любімы эксклюзіўны масцеравы інструмент з унікальным танчэйшым грыфам, што вялікая рэдкасць, я замаўляў у Пятра Васільевіча Чайкова. Удакладню: вядомы майстар-рэстаўратар музычных інструментаў — родам таксама з Браслаўшчыны. Гучанне гэтай гітары, дарэчы, нагадвае гукі арфы і нават тэмбральнасць аргана. Мабыць, і дзіўнага ў тым нічога няма. Аказваецца, майстар вырабіў яе са стогадовага клёну, які калісьці рос каля падмуркаў аднаго з тутэйшых касцёлаў, а потым яго спілавалі. Відаць, перадалася таму дрэву аўра малітваў людзей, напітала яго карані і крону блаславеннем, а пасля ўсё нібы перайшло і на маю гітару: яе голас, так бы мовіць, быццам ахутвае слых аксамітным гукам, падобным да храмавых званоў. З гэтым інструментам, да слова, я гастраляваў у Англіі, Германіі, Польшчы. Іграў на ім на прыступках музея "Бітлз" у Ліверпулі, на зямлі Паўночны Уэльс...
Пасля перадгісторыі, якую вам распавёў, вярнуся да “Слабодкі”. Спачатку напісаліся вершаваныя радкі: ”Як сэрцам я чую, да сэрца звяртаю,// Я срэбра азёраў табе прысвячаю.//Слабодка, Слабодка, зямля Беларусі,// Слабодка, Слабодка — затрыманы бусел...” Так, тут — словы, тут усё зразумела: мае эмоцыі, спавядальнасць таго моманту, імпрэсьён-карцінка перад вачамі і ў думках. Ну а музыка... мелодыя песні... Ды хіба трэба пераказваць словамі таінства іх нараджэння, пэўную формулу вынаходзіць? Вы ўжо прабачце, але магу зараз толькі метафарычна выказацца пра тое, што песня - і гэта пацверджана не на адным маім аўтарскім канцэрце — падабаецца слухачу, жыве: значыць, так удала сышліся зоркі над блакітнымі Браслаўскімі азёрамі, калі яе пісаў.
Гэты край — раскоша па ўсіх закладзеных у яго Сусветам складніках. Яго жыццядайная прырода і ветлівыя, карэктныя, вельмі добрыя, шчырыя людзі таму ёсць сведчаннем. Ім, насельнікам азёрнага краю, я прысвяціў і “Слабодку”, ды і ўвогуле ўвесь цыкл беларускамоўных песень пад агульнай назвай “Браслаўшчына”. Не магу не прыгадаць, што адзін з твораў браслаўскага цыкла праспяваў на маім аўтарскм канцэрце ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі заслужаны артыст краіны Анатоль Кашапараў, які ў той час прыязджаў з Амерыкі сюды на гастролі. А потым Анатоль наведаў з сябрамі і Слабодку, прынамсі ў якасці турыста...
А мястэчка гэтае абрамляе ажно шэсць азёраў! Ды якія ў іх незвычайныя назвы: акрамя Поцеха і Недрава (іх я ўжо згадваў) ёсць Вера, Ільмёнак, Варадунец і Божае вока. Ну і як тут не ўзяцца за кінакамеру, не спыніць імгненне на “лічбе”? Вядома, узяўся. Вось так і нарадзіўся мой гэты відэакліп, пра які вы распытвалі.
І апошняе. У галоўным касцёле Браслава захоўваецца цудадзейная ікона Божай Маці Азёрнай. Некалькі гадоў таму адбылася ўрачыстая яе каранацыя. Я быў на гэтым неверагодным свяце. Менавіта пасля яго дапісаў для песні “Слабодка” апошнія радкі-рэчытатыў: “Маці наша, Прасвятая Багародзіца, вядзі нас...”
Міла Слаўская
Фота Аляксея Скрыпніка