Аўтары праекта — мінскія скульптары Іван Арцімовіч і Аляксандр Сакалоў, магілёўскі архітэктар Марыя Левашова. Яны перамаглі ў конкурсе, абвешчаным Магілёўскім аблвыканкамам і Кіраўскім райвыканкамам. Цяпер цэнтральны вобраз мемарыяла — скульптура “Беларусь — смуткуючая маці” ў атачэнні канструкцый, што нагадваюць кроквы, на якіх няма даху — гэта тое, што засталося ад разбуранага дома.
“Іншы раз наш помнік параўноўваюць з Хатынню. Лічу такое параўнанне не надта карэктным. Хатынь — помнік сусветнага маштабу, і калі мы хоць крыху да яго наблізіліся — гэта ўжо добра. Адно магу сказаць дакладна: у нас усё атрымалася, як мы задумалі, а ў некаторых момантах нават пераўзышлі тое, што планавалі пачаткова” — кажа Іван Арцімовіч.
Аляксандр Сакалоў таксама ганарыцца вынікам творчай працы, але мяркуе, што сапрадную ацэнку мемарыяла вызначыць час.
Марыя Левашова засяроджвае ўвагу на патрыятычна-выхаваўчым значэнні мемарыяльнага комплексу. Ён патрэбны, каб нагадваць новым пакаленням, якімі стратамі і ахвярамі здабыты мір на нашай зямлі.
Зусім невыпадкова адным з элементаў мемарыяла з’яўляецца парк, які сімвалізуе адраджэнне жыцця на папялішчы…