“Мудрагеліста тасуецца калода...”

№ 25 (1464) 20.06.2020 - 27.06.2020 г

Пакручасты шлях графа Сямёна Зорыча праз Шклоў
(Працяг. Пачатак у №№ 15 —18, 20 —24)

/i/content/pi/cult/803/17258/028.jpgНа аўдыенцыі ў імператара

Па заканчэнні судовай цяжбы па справе шклоўскіх фальшываманетчыкаў графа Сямёна Зорыча ціха-мірна звольнілі з ваеннай службы (жывучы ў Шклове, ён па-ранейшаму фармальна лічыўся шэфам Ахтырскага палка) і заадно ўсталявалі за ім сакрэтнае назіранне: ці мала што можа выкінуць гэты непрадказальны генерал-маёр!

Але пасля правалу авантуры ён застаўся сам-насам з вялізнымі пазыкамі ў маёнтку, які паступова прыходзіў у заняпад. Хаця галоўныя свае дасягненні ў жыцці — Шляхетную вучэльню і тэатр — Сямён Гаўрылавіч імкнуўся захаваць на плыву ўсімі праўдамі і няпраўдамі. Ды ўжо, пэўна, адчуваў, што перспектыў вяртання да ранейшага жыцця ў яго не засталося.

І тут здарылася неспадзяванае: 6 лістапада 1796 года памерла Кацярына II. Яе нялюбы сын Павел Пятровіч у той жа дзень уступіў на імператарскі трон і амаль адразу, яшчэ ў снежні 1796 года, запрасіў Зорыча на аўдыенцыю ў Гатчынскі палац.

Такі выклік да новага гаспадара краіны, здавалася, нічога добрага Зорычу не абяцаў. Ён выдатна ведаў, як Павел ненавідзеў маці. І ўсё, што было звязана з яе дзейнасцю, цяпер падлягала кардынальнай “рэвізіі” са знакам мінус — інакш кажучы, забыццю. Падобны падыход рызыкавалі спазнаць на сабе і фаварыты імператрыцы.

Але рабіць не было чаго, і шклоўскі граф, апрануўшы сабалінае футра і новенькі мундзір, пры ўсіх ардэнах прыбыў у Гатчыну, што прыкладна ў 45-ці вёрстах ад сталіцы. Новы імператар зрабіў тут сваю галоўную рэзідэнцыю. Улюбёным месцам Кацярыны было Царскае Сяло, але Павел яго наўмысна ігнараваў — у піку памерлай маці.

/i/content/pi/cult/803/17258/029.jpgУ аванзале (вітальні) ужо тоўпіліся вышэйшыя чыноўнікі і вайскоўцы, чакаючы Найвысокага выхаду Іх Вялікасці са сваіх пакояў. Зорычу раней тут бываць не даводзілася. За сценамі чуўся барабанны дробат: гэта змянялася ахова. А на пляцы, акуратна вычышчаным ад снегу, маршыравалі грэнадзёры, мушкецёры, егеры і артылерысты. Ля самога Срэбнага возера праходзіў агляд кавалерыйскага эскадрона.

Аднак насцярожанасць Зорыча адразу развеялася, як толькі Павел запрасіў усю кампанію ў залу. Сустрэча доўжылася некалькі гадзін. У асноўным гаварыў толькі імператар. Усе ўважліва слухалі, імкнучыся кожны для сябе ўразумець, што іх чакае пры новым кіраўніку...

На шчасце для прысутных, усё прайшло добра. На гэтай цырымоніі Павел быў у гуморы і надаваў званне фельдмаршала тым высокапастаўленым графам і князям, з якімі ў свой час у Кацярыны былі сур’ёзныя канфлікты. Таксама паведаміў, што вяртае свабоду ссыльнаму Аляксандру Радзішчаву і вязню Шлісельбургскай крэпасці, выдаўцу і франкмасону Мікалаю Новікову. А месяц таму ён ужо вызваліў літвіна Тадэвуша Касцюшку, прызнаючы яго “бясстрашнасць і найвышэйшую доблесць пачуццяў”, і таксама падараваў волю ягоным баявым паплечнікам Ігнату Патоцкаму і Юльяну Урсыну Нямцевічу, дазволіўшы ўсім тром выехаць у Еўропу. Больш за тое — забяспечыў іх экіпажамі і грашовай кампенсацыяй за нягоды ў палоне. Нават імператрыца Марыя Фёдараўна ў знак павагі падарыла Касцюшку на развітанне партманэ з дыяментамі і медальён з партрэтамі царскай сям’і.

...Пасля таго, як 10 кастрычніка 1794 года параненага Касцюшку ўзялі ў палон у бітве пад Мацяёвіцамі, яго цэлых два месяцы пад узмоцненай аховай везлі ў Пецярбург. Адзін з прыпынкаў быў і ў Шклове. Ці мог Зорыч сустрэцца з легендарным палонным? Вядома, мог, калі б ведаў, што пад выдуманым імем арыштаванага “шляхціца Шыманскага” хаваецца правадыр беларуска-польскіх паўстанцаў, імя якога ў той час грымела нават у далёкай Амерыцы — ды і ва ўсёй Расійскай імперыі, супраць якой ён падняў збройны чын...

Асабіста для мяне ўсё, што тычыцца сяброўскіх узаемаадносін расійскага імператара Паўла I і ворага Расійскай імперыі Тадэвуша Касцюшкі, застаецца псіхалагічнай загадкай. Хоць з пункта гледжання палітычнай мэтазгоднасці гэта неяк можна растлумачыць. Тым не менш, учынак імператара (заўважце — абылганага большасцю савецкіх гісторыкаў) выклікае ў мяне павагу...

...Здавалася, Фартуна зноў падарыла ўладальніку Шклова неймаверную ўдачу. Былы аднапалчанін, новаспечаны генерал-фельдмаршал князь Мікалай Салтыкоў, які сябраваў з Зорычам яшчэ з часоў Сямігадовай вайны, намовіў Паўла I прызначыць Сямёна Гаўрылавіча камандзірам Ізюмскага XI гусарскага палка. А ўжо праз месяц, 20 студзеня 1797 года, Зорыч атрымаў званне генерал-лейтэнанта. Яшчэ адзін крок — і ты генерал ад кавалерыі, а потым ужо і генерал-фельдмаршал! Як гаворыцца, вышэй няма куды...

Праўда, у Зорыча заставалася адна сур’ёзная праблема. Даўгоў па Шклове назапасілася нямерана — некалькі соцень тысяч рублёў! Але што дзіўна: сам Павел I, дэталёва паглыбіўшыся ў абставіны тых пазыкаў, пагасіў іх, асабліва адзначыўшы ранейшыя ваенныя заслугі Зорыча і яго вялікі асабісты ўнёсак у выхаванне кадэтаў. Па задуме імператара, Шклоўская вучэльня як ідэальны ўзор для ўсіх падобных расійскіх ваенных школ, мелася стаць дзяржаўнай, прычым з захаваннем кіраўніцтва Зорыча.

Усмешка стала грымасай

Здавалася, усё наладзілася. Дзіўная сяброўка Фартуна зноў усміхнулася Зорычу. Але праз сем месяцаў аказалася, што гэта была грымаса Лёсу. 15 верасня 1797 года адбылося нешта незразумелае: наш нястомны герой умудрыўся растраціць 12 тысяч казённых палкавых грошай (можа, прайграў у карты?), прызначаных для афіцэрскіх заробкаў! І цяпер яму зноў пагражаў суд.

Следства вёў генерал-лейтэнант Фрыдрых (Фёдар) Нумсен, на той час шэф Старадубаўскага кірасірскага палка. Ён даказаў, што Зорыч месяцамі не плаціў дараванне афіцэрам і шараговым гусарам свайго палка, і тыя, нібыта, праз гэта мусілі прадаваць свае рэчы. Але асабліва, як адзначыў Нумсен, Зорыч праявіў сваю нядобрасумленнасць у дачыненні да ўрачэбна-санітарнай часткі палка.

Зразумела, дакладная хутка лягла на стол Паўлу I. Многія сучаснікі адзначалі вокамгненныя пераходы настрою імператара: ад гневу да велікадушнасці і наадварот. Такая вось гісторыя “наадварот” здарылася і з Зорычам. Было ўсім вядома, як строга караў Павел афіцэраў і за азартную гульню, і за п’яныя бойкі, а тым больш — за фінансавыя махлярствы. За гэтыя правіны ён мог лёгка пазбавіць чыну, дваранскай годнасці, разжалаваць у шарагоўцы і, нарэшце, упекчы ў вязніцу.

Аднак аповеды пра страшныя рэпрэсіі Паўла ў дачыненні да ваенных, якія часта сустракаюцца ў мемуарах і гістарычнай белетрыстыцы, маюць мала агульнага з рэальнасцю. Агулам на катаргу або ў турму за час кіравання Паўла, паводле архіўных дадзеных, патрапілі не больш за трыста афіцэраў. А вось “лагодныя” пакаранні — ссылка вінаватых у іх родавыя маёнткі або перавод у больш аддаленыя палкі — былі тыповымі.

Якраз у гэты шэраг трапіў і наш герой. Раз’юшаны Павел, прачытаўшы дакладную, не вытрымаў (і я яго разумею): праз тры дні, яшчэ да пачатку судовай цяжбы, ён канчаткова звольніў Зорыча з ваеннай службы. Яшчэ праз тры дні, 18 верасня 1797 года, загадаў яму: “Пасля кіравання вамі палком няблага будзе пастаянна знаходзіцца вам у Шклове”. Аднак Зорыч заўпарціўся і адмовіўся здаць полк. Рэдкі выпадак непадпарадкавання імператарскай волі! Яго давялося зноў арыштаваць і ўзбудзіць новае следства. Расследаванне даручылі палкоўніку Івану Гендрыкаву. Той, акрамя фінансавых злоўжыванняў, выявіў яшчэ “недазваляльнае абыходжанне” Зорыча з “некаторымі штаб- і обер-афіцэрамі”.

Толькі на пачатку 1798 года Зорыч вярнуўся ў Шклоў — да свайго ранейшага, але ўжо далёка не раскошнага жыцця. У час яго адсутнасці маёнткам кіраваў брат Давід, і кіраваў больш-менш удала. Таму Зорыч, двойчы паспрабаваўшы апраўдацца, прасіў у імператара дазволу прыехаць у Пецярбург. Але не атрымаў. І як тут не ўспомніць легендарнага французскага пісьменніка і філосафа маркіза дэ Сада: “Чым больш прырода і Фартуна абсыпаюць чалавека сваімі ласкамі, тым больш перашкод расстаўляе на яго шляху лёс, які бярэ на сябе ролю нябеснага правасуддзя…”

Развязка

А ў Шклове абстаноўка была ўжо зусім іншая. Багатыя зайздроснікі, якія марылі займець валоданні Зорыча, сталі засыпаць яго скаргамі. Для іх разгляду быў камандзіраваны сенатар Гаўрыла Дзяржавін. Прыехаўшы ў Шклоў і разабраўшыся, той устанавіў, што Зорыч не толькі абсалютна не вінаваты, але мае поўнае права вылучаць сустрэчныя абвінавачванні.

Але тут звалілася яшчэ адно няшчасце. 29 мая 1799 года ад пажару (прычыны яго не ўстаноўленыя, думаю, гэта быў падпал) моцна пацярпеў будынак вучэльні з яе бібліятэкай, класамі, галерэяй. Выгарэў увесь інтэр’ер. У тэатра і мануфактураў таксама паўсталі фінансавыя цяжкасці. Дапамогі ўжо чакаць не было ад каго. Усе былыя госці-дармаеды разбегліся як пацукі з карабля. А тыя, хто мог бы рэальна падставіць плячо — напрыклад, дзядзька Максім Зорыч, князь Рыгор Пацёмкін або фельдмаршал Пётр Румянцаў — былі ўжо ў царстве Аіда...

Але вось я знайшоў адзін рэдкі рэскрыпт (найвялікшы наказ) ад 14 ліпеня 1799 года за подпісам Паўла I, які доўгі час захоўваўся ў 1-м Маскоўскім кадэцкім корпусе. Імператар выказвае Зорычу “сваю зычлівасць за працу і клопат за даручаную яму вучэльню”. На жаль, гэты важны дакумент заспеў Зорыча ужо падчас яго цяжкай хваробы, ад якой ён акрыяць не змог. Дакладны дыягназ мне невядомы.

На досвітку 6 лістапада 1799 года Зорыч памёр. Так атрымалася, што роўна тры гады таму, у той жа дзень і, магчыма, у тыя ж ранішнія гадзіны, адышла і Кацярына II. За ёй, літаральна праз месяц, — Румянцаў. А яшчэ раней, восенню 1791 года, пакінуў тленную зямлю і Пацёмкін, з якім Зорыча праз усё жыццё звязвалі размаітыя адносіны: ад сяброўскіх да канфліктных. Тым не менш яны ведалі сапраўдную цану адзін аднаму. Такая вось амаль містычная гісторыя...

54-гадовага Сямёна Гаўрылавіча пахавалі паблізу Ратушы і на магіле паставілі мармуровы крыж. Абставіны і дэталі хаўтураў мне невядомыя. З часам крыж кудысьці знік, магіла згубілася.

Са смерцю Зорыча спыніў існаванне і тэатр. Аркестр з’ехаў разам з кадэцкім корпусам, а балетная трупа засталася без спраў. Але ў 1800 годзе вырашыўся і яе лёс: пасля перамоваў дырэктара імператарскіх тэатраў Аляксандра Нарышкіна са спадкаемцам Зорыча Давідам Няранчычам у Шклоў быў камандзіраваны рускі балетмайстар Іван Вальберх. Ён адабраў 14 чалавек і павёз іх у Пецярбург. І тады Нарышкін звярнуўся ў кантору театральнай дырэкцыі з прапановай “лічыць іх у службе пры балетнай трупе і для таго ўключыць у спіс і выдаткоўваць ім дараванне ў год кожнаму па дзвесце рублёў, і звыш таго кватэру і дровы…” Відаць, узровень шклоўскіх выканаўцаў сталіцу ўразіў.

 

 

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"