Паводле энцыклапедыі ваенная тапаграфія — дысцыпліна, якая вывучае метады і сродкі ацэнкі мясцовасці, арыентавання на мясцовасці, ажыццяўлення баявой дзейнасці войск, а таксама вызначае правілы па вядзенні рабочых карт камандзіраў.
Вонкава карты грамадзянскага прызначэння і карты ваенныя адлюстроўваюць аднолькавую інфармацыю, але розняцца сістэмай каардынат. Бо маюць рознае прызначэнне.
Да 5 ліпеня ў Нацыянальным гістарычным музеі працуе выстава “#Дакладнасць. Свет ваенных тапографаў”. Яна прымеркаваная да 75-й гадавіны Вялікай Перамогі. Да арганізацыі выставы спрычыніліся Дзяржаўны камітэт па маёмасці і навігацыйна-тапаграфічнае ўпраўленне Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
У экспазіцыі — інструментарый ваенных тапографаў, кадры ваеннай хронікі і пастановачныя фотаздымкі, дакументы і кнігі, якія дазваляюць зразумець спецыфіку іх працы. Урэшце, карты, што рабіліся калісьці для ваенных, і тыя, што сёння змешчаны ў сучасных падручніках, даведніках і энцыклапедыях, — розныя рэчы.
Ёсць на выставе карта Мінска на нямецкай мове, створаная акупантамі ў 1942 годзе, і карта Берліна — на рускай, так званая “Карта Перамогі”: яе нашы тапографы зрабілі для вайскоўцаў, якія бралі штурмам сталіцу фашысцкай Германіі.
Ваенны тапограф — не тая прафесія, што на вачах ва ўсіх. І працуюць тапографы звычайна на адносна далёкай адлегласці ад лініі агню, і зброя ў іх не вінтоўка ці аўтамат, а цыркуль, лінейка, компас, арыфмометр. Але прызнаннем каштоўнасці іх працы з’яўляюцца высокія баявыя ўзнагароды. На асобным стэндзе ў музейнай экспазіцыі змешчаны партрэты тых, чыя праца дапамагала байцам у наступленні і абароне. Пад кожным партрэтам — выявы ордэнаў, якімі адзначаны ўнёсак гэтага вайскоўца ў Перамогу. А гэта і ордэны Леніна, Чырвонага Сцяга, Вялікай Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі, Суворава, Кутузава, Багдана Хмяльніцкага, Аляксандра Неўскага, а таксама ўзнагароды Югаславіі, Чэхаславакіі, Манголіі, Польшчы…
А самы мірны экспанат выставы — выдадзеныя ў суверэннай Беларусі гістарычныя атласы нашай краіны, да стварэння якіх спрычыніліся і ваенныя тапографы. Хай бы і заўжды такія спецыялісты былі запатрабаваныя толькі ў мірных справах! Хоць ніхто яшчэ і не аспрэчыў правіла старажытных рымлян: Si vis pacem para bellum — “Хочаш міру, рыхтуйся да вайны”.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ