“Мудрагеліста тасуецца калода...”

№ 24 (1463) 13.06.2020 - 20.06.2020 г

Пакручасты шлях графа Сямёна Зорыча праз Шклоў

/i/content/pi/cult/802/17229/011.JPGПланы вялікага падарожжа

І вось што яшчэ цікава. Менавіта ў Магілёве, — а магчыма, і ў Шклове — у Кацярыны ўпершыню ўзнікла думка праінспектаваць паўднёвыя землі, нядаўна адваяваныя ў асманаў, каб паглядзець, што робіцца ў паселішчах Паўночнага Прычарнамор’я і на тэрыторыі паміж Паўднёвым Бугам на захадзе і Северскім Данцом на ўсходзе. А заадно паказаць усё гэта Іосіфу II і іншым каранаваным асобам, а таксама еўрапейскім дыпламатам і літаратарам-прапагандыстам. Хай ведаюць, на што здатная руская імператрыца і яе вотчына — магутная Расійская дзяржава!

Рэалізацыя гэтай грандыёзнай задумы пачнецца праз чатыры гады — з умацавання расійскага Чарнаморскага флоту, рэарганізацыі арміі на поўдні імперыі і ўзвядзення ў Наваросіі новых гарадоў і крэпасцяў. Менавіта там, ды яшчэ на былой тэрыторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, адкрыецца новая старонка гісторыі Расійскай імперыі і Еўропы ў цэлым, абгарэлая бясконцымі войнамі, крывавымі драмамі з незлічонай колькасцю ахвяраў, невырашальнымі сацыяльнымі, нацыянальнымі і рэлігійнымі супярэчнасцямі... Старонка без канца і краю, якая да канца не перагорнутая і па сёння...

...Задаволеныя прыёмам Зорыча, раніцай 1 чэрвеня 1780 года Кацярына II і Іосіф II выправіліся са Шклова ў Оршу, дзе адпалуднавалі. У тры гадзіны дня, таксама разам у адной карэце, у суправаджэнні велізарнай світы і афіцэраў Смаленскай дывізіі князя Мікалая Рапніна (таго самага, які зрабіў важкі ўнёсак у разбурэнне беларуска-польскай дзяржаўнасці) вырушылі да Смаленска. Адтуль імператрыца накіравалася ў Пецярбург, а імператар — у Маскву, каб ацаніць тамтэйшую архітэктуру. Праз некалькі дзён Іосіф, у суправаджэнні Пацёмкіна, прыехаў у Пецярбург, і ў Царскім Сяле былі працягнутыя перамовы з Кацярынай. У Вену ён вярнуўся толькі 8 жніўня  — праз Рыгу, Коўна, Гродна, Львоў.

Гістарычнае падарожжа Кацярыны II на поўдзень Расіі, якое пачалося 2 студзеня 1787 года, было куды даўжэйшым — палова года! Ваяж стаў беспрэцэдэнтным па маштабе, фінансавых выдатках і колькасці ўдзельнікаў: уся імператарская “раць” складала больш за тры тысячы чалавек, уключна з дыпламатамі Англіі, Францыі і Аўстрыі. Пераадолець больш за шэсць тысяч вёрст (у тым ліку, каля 500 вёрст — на галерах, баркасах і баржах па Дняпры) — гэта вам не жарт!

Аднак чаму на гэты раз Кацярына II у Шклоў не заехала? Можа яна спяшалася праінспектаваць новыя расійскія землі, або хацела падрыхтавацца да сустрэчы ў Каневе з польскім каралём Станіславам II Аўгустам Панятоўскім — сваім былым фаварытам і адным з разбуральнікаў Рэчы Паспалітай — і працягу перамоваў у Крамянчугу са старым знаёмым Іосіфам II?

Або галоўная прычына ўсё ж была іншай?

Пагарэлі на дробязі

Пра сур’ёзныя фінансавыя праблемы Сямёна Зорыча мы ўжо пісалі. І вось аднойчы да гасціннага гаспадара Шклова завітаў яго брат палкоўнік Давід Няранчыч, ды не адзін, а разам з прыяцелямі. Албанцы Марк і Анібал Занавічы да таго часу ўжо мелі агульнаеўрапейскую славу карцёжных геніяў і авантурыстаў экстра-класа. Яны прапанавалі Зорычу дапамагчы выблытацца з даўгоў. Паабяцалі расплаціцца з крэдыторамі, а наўзамен паставілі ўмову: аддаць Шклоў у іх кіраванне ўсяго на некалькі гадоў. Болей за тое, Зорычу паабяцалі выдаваць у год па сто тысяч “на пражыццё”.

Такая шчодрасць была вытлумачальнай. Неўзабаве ў краіне масава з‘явіліся фальшывыя 100-рублёвыя асігнацыі. Па адной з версій, Занавічы друкавалі грошы ў Шклове — на адмысловай фальцавальнай машыне, набытай у Бруселі. Па другой версіі — на мой погляд, больш пераканаўчай — фальшываманетчыкі наладзілі масавы выраб за мяжой. У гістарычнай аповесці “Шклоўскія асігнацыі” пісьменнік Мікалай Энгельгардт (дарэчы, другі цесць Мікалая Гумілёва), абапіраючыся на дакументальныя крыніцы, паведамляе, што фальшыўкі друкаваліся зламыснікамі ў адным з пакояў заезнага двара “Залаты яблык” у прадмесці Бруселя. А затым таемна дастаўляліся ў Шклоў і распаўсюджваліся, як быццам, генерал-маёрам Зорычам і братамі Занавічамі.

Першымі забілі трывогу шклоўскія яўрэі-купцы. З іх скаргаў пра гэта даведаўся князь Рыгор Пацёмкін. Ён загадаў магілёўскаму губернатару Мікалаю Энгельгардту (поўнаму цёзку згаданага пісьменніка) неадкладна з’явіцца да яго ў маёнтак Дуброўна Віцебскай губерні.

Пацёмкін распавёў, што да яго на прыём напрасіўся шклоўскі мяняла Давід Моўшавіч, які пажадаў гаварыць тэт-а-тэт. Ён прад’явіў Рыгору Аляксандравічу фальшывую асігнацыю. Той доўга яе разглядаў, але нічога асаблівага не знаходзіў. Не дзіва, што такія асігнацыі некалькі месяцаў свабодна распаўсюджваліся і мяняліся на сярэбраную манету.

І тады Моўшавіч звярнуў увагу Пацёмкіна на тое, што на банкноце замест “ассигнация” надрукавана “ассигNация”. Гэта значыць, падробка мела толькі адзін недахоп, які можна заўважыць няўзброеным вокам. Мабыць, брусельскія фальшываманетчыкі кепска ведалі рускую мову…

Спачатку князь не паверыў: ці мала якая здарылася выпадковая памылка? Але праз паўгадзіны наведвальнік прынёс яшчэ некалькі соцень падобных асігнацый. “Хто ж іх робіць?” — спытаў агаломшаны Пацёмкін. Моўшавіч ведаў адказ і на гэтае пытанне: “А графы Занавічы і карлы Зорычавы і працуюць, і выпускаюць, і мяняюць”.

Карацей, Пацёмкін меў што сказаць магілёўскаму губернатару: “Малойца Зорыч, а? І што будзе мець ласку сказаць матухна гасударыня, калі пра гэтую абдрукоўку Зорыча ёй дакладзена будзе? Папраўдзе, Зорыч за царскую асобу сябе ўважаць стаў, калі выпускае грашовыя знакі… Бачыш, Мікалай Багданавіч, у цябе ў губерні робяць фальшывыя асігнацыі, а ты і не ведаеш?”

Мушу адзначыць, расследаванне фактаў фальшываманецтва заўсёды было пад асабістым наглядам Кацярыны II. Гэта яна некалькі гадоў таму прыдумала папяровыя асігнацыі і ўвяла іх ва ўжытак для паляпшэння пахіснутай эканамічнай сітуацыі ў краіне. І не магла дазволіць, каб гэты добры пачын хтосьці паспрабаваў разбурыць. Таму імператрыца брала асабісты ўдзел у выкрыцці калежскага саветніка Сяргея Пушкіна і яго брата, капітан-паручніка Міхаіла (сваякоў вялікага паэта па лініі яго траюраднага дзядзькі Аляксея Міхайлавіча Пушкіна), якія ў 1772 годзе з нядобрай мэтай набылі за мяжой абсталяванне і паперу, але былі затрыманыя. Прысуд — пакаранне смерцю! Зрэшты, Кацярына праявіла “міласэрнасць да чалавецтва”, бо яны не нанеслі “той сапраўднай шкоды, на які строгасць закона скіроўваецца”.

Братоў пазбавілі дваранства, вывелі на эшафот і зламалі шпагі па-над іх галовамі. А потым адправілі на вечную катаргу. Магчыма, яны маглі патрапіць пад амністыю, калі б дажылі да царавання Паўла I, але... не лёсіла: Міхаіл памёр у Табольску ў 1791 годзе, Сяргей — у казематах Салавецкага манастыра ў 1795-м. Яшчэ меней пашчасціла іх трэцяму падзельніку — каталіцкаму святару-расстрыгу Луі Бары Братару, які па змове з братамі арганізоўваў у Амстэрдаме клішэ, паперу, фарбы і іншыя аксесуары для друкавання асігнацый. Сакрэтныя агенты Кацярыны вылавілі яго ў Галандыі і даставілі ў Пецярбург. Спачатку неміласэрна білі бізунамі, затым вырвалі ноздры і саслалі на пажыццёвую катаргу ў месцы аддаленыя.

Воз з грашыма і схованка пад падлогай

Заканамерна, што і гісторыя са шклоўскімі фальшывымі асігнацыямі прыцягнула пільную ўвагу імператрыцы. Тым больш, у ёй быў задзейнічаны яе былы фаварыт. Адчуўшы пах смажанага, Сямён Гаўрылавіч тэрмінова сам прыехаў у Пецярбург, каб асабіста паразумецца з “матухнай”. Аднак з прычыны яе “занятасці” ён дапушчаны да імператрыцы не быў.

Між тым, падзеі разгортваліся імкліва. 2 мая 1783 года на ўездзе ў Маскву паліцэйская каманда спыніла абоз, які складаўся з брычкі Анібала Занавіча і некалькіх вазоў са світай. Пры ператрусе ў іх знайшлі фальшывых асігнацый больш чым на 700 тысяч рублёў!

Занавіча даставілі ў орган палітычнага вышуку і суда — Тайную экспедыцыю пры Сенаце — і ў прысутнасці яе кіраўніка Сцяпана Шышкоўскага старанна дапыталі. Але спрактыкаваны авантурыст нават выказаў здзіўленне тым, што яго арыштавалі: ён, маўляў, акурат рушыў у Пецярбург, каб прадставіць імператрыцы фальшывыя асігнацыі, якія яму нейкія жулікі ўсунулі за мяжой.

Але строгаму допыту былі падвергнутыя і ўсе затрыманыя ў абозе. Асабліва цікавымі аказаліся паказанні француза-камердынера Лапера. Па яго словах, будучы за мяжой, Анібал Занавіч разам з братам набыў друкарскі станок, які таемна даставіў у Шклоў.

Схапіўшыся за гэтыя словы, следчыя літаральна перакапалі палац Зорыча, але нічога не знайшлі. Глядзелі і ва ўсіх навакольных калодзежах, і ў сажалцы, і ў стайні, і ў тэатральным закуліссі, і ў будынку Шляхетнай вучэльні — ды таксама марна. Толькі ў сярэдзіне ліпеня, прастукваючы сцены ў флігелі, дзе кватаравалі Занавічы, нехта з сышчыкаў адчуў, што пад падлогай пустэча. Выламаўшы дошкі, шукальнікі знайшлі схованку, а ў ёй — усё неабходнае для друкавання асігнацый. Пасля выяўлення гэтага забойчага доказу Занавічаў адправілі ў Пецярбург, дзе іх справу разглядаў Сенат.

Як выявілася, браты даўно знаходзіліся ў вышуку ў Венецыі і Парыжы. Падарожнічаючы па Еўропе, яны паўсюль адшуквалі высокапастаўленых прасцякоў, у якіх можна выманіць грошы — праз картачныя махінацыі ды рознымі іншымі спосабамі. Суд прызнаў братоў вінаватымі. Але самому Сямёну Гаўрылавічу ўдалося выйсці сухім з вады.

Хутчэй за ўсё, імператрыца ў яго невінаватасць не паверыла, аднак крымінальны пераслед былога палюбоўніка ўскосным чынам кідаў цень і на яе. Таму справу ў дачыненні да самога Зорыча і заадно яго брата Давіда палічылі за лепшае замяць.

25 кастрычніка 1783 года выйшаў высокі указ, якім прадпісвалася абодвух Занавічаў замкнуць на пяць гадоў у Няйшлоцкую крэпасць (цяпер Аланвіняіна ў Фінляндыі). Анібала пакаралі за ўвоз фальшывых асігнацый у Расію, а Марка — за неданясенне аб злачыннай дзейнасці брата. Але гэта яны яшчэ лёгка абышліся: маглі атрымаць і смяротнае пакаранне альбо пажыццёвую катаргу.

Указ быў выкананы дакладна, а па заканчэнні пяці гадоў, 4 ліпеня 1789 года, Занавічаў выправілі ў Архангельск, дзе пасадзілі на англійскі гандлёвы карабель і выслалі за мяжу, папярэдзіўшы, што пад страхам жорсткага пакарання ім забараняецца надалей з’яўляцца ў Расіі.

А вось Зорыч — застаўся. І адгэтуль ягоныя справы пайшлі яшчэ горай.

Барыс Крэпак

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"