Віртуальнае сумоўе

№ 24 (1463) 13.06.2020 - 20.06.2020 г

Абарона дыплома — гэта свята, да якога студэнт рыхтуецца ад самага пачатку навучання. Яно і зразумела. Завяршэнне важнага этапа ў набыцці сваёй самасці хвалюе і натхняе. Тым больш, калі абарона паспяховая і высока ацэнена афіцыйнымі экспертамі і сябрамі-аднакурснікамі. Нават калі потым жыццёвыя варункі прымусяць змяніць прафесію, запісаную ў дыпломе, гэта прыемны ўспамін на ўсё жыццё. А калі гаворка ідзе пра навучальныя ўстановы культурніцкага профілю дык звычайна гэта яшчэ і цікавае відовішча.

/i/content/pi/cult/802/17227/07.JPGНа абарону, як мае быць, збіраюцца шматлікія госці. У асноўным гэта выпускнікі мінулых гадоў, якія не парываюць ментальнай сувязі з alma mater, якім цікава паглядзець на сваіх новых калег, ацаніць іх творчы патэнцыял і канкурэнтныя здольнасці. Зрэшты, павучыцца крэатыву. Менавіта так, бо за побытавай завядзёнкай і працоўнай руцінай раней ці пазней сутыкаешся з недахопам новых ідэй і незамуленага бачання рэчаіснасці. А тут — моладзь, якая нават адкрываючы ўжо адкрытыя Амерыкі і вынаходзячы ўжо пастаўленыя на паток ровары, робіць гэта прыгожа, нязмушана. Так бы мовіць, ствараюць хвалю ў стаячай вадзе.

На жаль, клопат пра ахову здароўя ў маштабе краіны прымушае скарэктаваць усталяваную традыцыю. На факультэце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў абарона будзе праходзіць без гасцей, без гледачоў. Толькі самі дыпломнікі і Дзяржаўная экзаменацыйная камісія. Праўда, будучыя мадэльеры ўсё адно плануюць наладзіць у двары акадэміі традыцыйнае дэфіле. Усё ж такі не ў закрытым памяшканні, а на свежым паветры. Так што санітарныя нормы будуць выкананы.

/i/content/pi/cult/802/17227/08.JPGНапярэдадні абароны мы мелі магчымасць азнаёміцца з дыпломнымі работамі дызайнераў віртуальнага асяроддзя. Як звычайна яны складаюць шырокі тэматычны абсяг. Гэта папулярызацыя нацыянальнай культуры і гісторыі, экалагічных ведаў, сучаснага і блізкага нам па часе беларускага мастацтва, асэнсаванне нашай прысутнасці ў сусветнай культурнай спадчыне і ў мульцікультурным мэйнстрыме.

Не абмінула акадэмія ўвагай 100-годдзе УНОВИСа, тэму Вялікай Перамогі, праграму адраджэння беларускіх замкаў. Прычым праекты, пры дакладнай часовай і геаграфічнай прывязцы, арыентаваныя на шырокую грамаду, на віртуальную прастору і валодаюць патэнцыялам развіцця і кіруемай трансфармацыі. Інакш кажучы, зроблена сёння, а зарыентавана на заўтра.

Дыпломныя работы, пра якія ідзе гаворка, дазваляюць лішні раз пераканацца, што пашырэнне тэхнічных сродкаў дызайнерскай справы, удасканальванне інструментарыя спецыялістаў віртуальнага асяроддзя не адмяняе традыцыйных ведаў і навыкаў. Хто ўмее маляваць, той і з камп’ютарам працуе лепш за таго, хто навучаны толькі націскаць кнопкі.

Шкада, што сёлетняя абарона адбудзецца ў рэжыме, які не спрыяе звыкламу сяброўскаму сумоўю дызайнераў розных пакаленняў. “Удалёнка” — жорсткая рэчаіснасць. Будзем спадзявацца на сустрэчу на вялікай выставе сёлетніх дыпломных работ, якая, хацелася б верыць, адбудзецца, калі сыйдзе пандэмія. Зрэшты, сумоўе можа быць і віртуальным.

Дарэчы, рыхтуюць дызайнераў і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на факультэце сацыякультурных камунікацый. Выкладчыкі кафедры — выхаванцы БДАМ. Адну з работ у нашай падборцы  — з маючай быць абароны ў БДУ.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"