Прэм’ерна і заслужана

№ 23 (1462) 06.06.2020 - 13.06.2020 г

10 чэрвеня — намнога раней, чым звычайна — Магілёўскі абласны драматычны тэатр адкрывае 133 сезон. Прычым у новым статусе: днямі тэатру прысвоена званне Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/801/17222/028.JPGПастанова Міністэрства культуры нашай краіны была прынята ў апошнія дні вясны: тэатр узнагароджаны “за значны ўклад у развіццё беларускай нацыянальнай культуры, выдатныя дасягненні ў мастацтве, адпаведны мастацкі ўзровень і творчыя паказчыкі”. У беспамылковасці такога рашэння пераконвае даўно запланаванае і добра падрыхтаванае адкрыццё сезона, дзе адна прэм’ера змяняе другую.

Так, 10 чэрвеня гледачы ўбачаць новую канцэртную праграму “Рамантыка # Love”, створаную музычным ансамблем “Экспромт-Класіка-Квартэт”, што даўно існуе ў складзе тэатра, упрыгожвае многія спектаклі рэпертуару, стварае аснову фестывальных вечарын адкрыцця-закрыцця і ўвогуле выступае гэткім залогам музычнасці астатніх артыстаў.

11 чэрвеня — аўтарскі спектакль “Без пудры” Кацярыны Аверкавай, якая калісьці была галоўным рэжысёрам гэтага тэатра. Пастаноўка, азначаная “ўрачыстай кантатай”, рабілася як монаспектакль актрысы Галіны Лабанок, была прымеркавана да яе нядаўняга юбілею і паспела прайсці ўжо два разы.

Літаральна праз тыдзень адбудзецца абсалютная прэм’ера — “Ахвота жыць!” паводле апавяданняў Васіля Шукшына. Гэта ўжо трэці спектакль на магілёўскай сцэне яшчэ аднаго таленавітага беларускага рэжысёра Камілі Хусаінавай, нядаўна прынятай у штат пасля заканчэння вучобы ў Санкт-Пецярбургу.

Андрэй Каралевіч, таксама малады рэжысёр, прадставіць “Акадэмію смеха”, упершыню прэзентаваную магілёўскай публіцы ў пачатку сакавіка.

А праз лічаныя дні — яшчэ адна абсалютная прэм’ера, жанрава азначаная як “гісторыя прыхільнасці ў адной дзеі”. П’есу “Прыйшоў мужчына да жанчыны” расійскі драматург Сямён Злотнікаў напісаў у 1978 годзе, яна адразу палюбілася тэатрамі, а праз іх і гледачамі. Можна не сумнявацца: магіляўчане не стануць выключэннем.

Дарэчы, адкрываючы сезон, тэатр не спыняе ўжо цяпер традыцыйныя інтэрнет-сустрэчы са сваімі прыхільнікамі. А для тых, хто стаміўся ад анлайн-праглядаў і прагне, нарэшце, убачыць спектаклі “жыўцом”, прадугледжвае ўсе меры бяспекі.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"