Падарункі ветэранам у музычным “серыяле”

№ 23 (1462) 06.06.2020 - 13.06.2020 г

Акцыя “Майстры культуры — ветэранам”, зладжаная сумесна Белтэлерадыёкампаніяй і Міністэрствам культуры Беларусі, працягваецца. Гэтым тыднем каманда БТ-3 запісвала ў сталічнай філармоніі, пакуль зачыненай для наведвальнікаў, праграмы вядучых творчых калектываў краіны. З 13 чэрвеня ўсе гэтыя канцэрты пачнуць з’яўляцца ў эфіры.

З любоўю да жыцця

Нагадаем, мінулыя выхадныя былі расквечаны тэлевізійным гала-канцэртам “І памятае свет выратаваны…”, які сабраў лепшых айчынных майстроў мастацтваў, і сольнікам “Удзячныя вам” ансамбля “Сябры” на чале з народным артыстам Беларусі Анатолем Ярмоленкам (гл. “К” № 22). Але музычных і харэаграфічных калектываў, гатовых выступаць перад пустой залай з разлікам на неабсяжную тэлеаўдыторыю, значна больш. 1 чэрвеня была запісана праграма Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра на чале з народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхаілам Фінбергам, 2-га канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі, 3-га — Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля “Харошкі”, 4-га — Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”.

— Цяперашняя ініцыятыва Міністэрства культуры, — распавёў галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра, народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў, — толькі падтрымала той настрой, які панаваў у многіх нашых музыкантаў. Яшчэ больш як месяц таму я выказваў падобныя прапановы — выступленняў нашага калектыву анлайн. Нават спонсараў знайшоў, склаў ажно чатыры такія праграмы. Але на той час мае ідэі не знайшлі паразумення, хаця ў Расіі, да прыкладу, такі вопыт быў: скажам, анлайн-канцэрты калектыву Юрыя Башмета вяліся з залы Маскоўскай кансерваторыі. Затое цяпер у нас усё здзейснілася. Вядома, акцыя “Майстры культуры — ветэранам” прадугледжвае пэўнага адрасата. І мы імкнуліся падрыхтаваць праграму, разлічаную на шырокую публіку. З другога боку, хацелася захаваць асаблівасці нашага аркестра як менавіта акадэмічнага калектыву. Вядома, ёсць і патрыётыка, і творы знаных расійскіх кампазітараў — да прыкладу, фрагменты музыкі Георгія Свірыдава да аповесці Пушкіна “Мяцеліца”. А тая ж песня “Майскі вальс” Ігара Лучанка, звернутая да Еўропы, выратаванай ад фашызму (нагадаю, падзеі песні разгортваюцца ў Вене ўвесну 1945-га), — бы сцяжынка да сусветна прызнанай еўрапейскай класікі. Дарэчы, спявае яе разам з намі народны артыст Беларусі, адзін з вядучых оперных салістаў Уладзімір Пятроў. Разам з ім мы выконваем яшчэ адзін твор з вельмі знакавай назвай — песню Эдуарда Калманоўскага “Я люблю цябе, жыццё”. Фраза стала гэткім “слоганам” усяго канцэрта, звернутага не да вайны, а да мірнага пасляваеннага жыцця. Бо галоўнае, што ва ўсе складаныя часы так неабходна людзям, — гэта пазітыў, светлы погляд на свет, упэўненасць, нягледзячы на ўсе цяжкасці і выпрабаванні, у шчаслівым зыходзе. Другі аспект гэтага выступлення і галоўная, калі можна так сказаць, інтрыга — як нам захаваць на сцэне неабходную дыстанцыю паміж артыстамі. Адзін з варыянтаў — значна паменшыць аркестравы склад, давёўшы яго да камернага. Але нам хацелася прапанаваць гледачу сапраўдную сімфанічную моц, багатую інструментальную каларыстыку, яркасць аркестравых фарбаў. Для такіх твораў, зразумела, патрэбны поўны склад калектыву. На сцэне будзе амаль 60 музыкантаў. Ударнікі звычайна і без таго працуюць на адлегласці, перамяшчаючыся ад аднаго інструмента да другога. У кожнага з духавікоў — таксама асобны пульт, на якім стаяць ноты, таму крыху рассунуць гэтых інструменталістаў у бок адзін ад аднаго — не складае цяжкасці. А як быць са струннікамі? Тыя прызвычаіліся сядзець па двое за адным пультам, ім важна добра чуць суседа, каб інтанацыйна “падстроіцца” да яго, скласці з ім адно цэлае. Што ж, на гэты раз для кожнага струнніка давялося вылучыць па асобным пульце. Дапамаглі і рэпетыцыі, што праводзіліся ў новых умовах, каб кожны паспрабаваў весці сваю лінію “па новых правілах”. Але як бы мы ні “рэкламавалі” выступленні ў пустой зале, так хочацца хутчэй дачакацца таго часу, калі можна будзе сустрэцца са сваімі прыхільнікамі “жыўцом”. Дый музыку лепей слухаць у філарманічнай зале, а не па тэлевізары ці ў інтэрнэце.

Стагоддзе маладых ветэранаў

— Прызнацца, — кажа мастацкі кіраўнік ансамбля “Харошкі”, народная артыстка Беларусі Валянціна Гаявая, — хацелася падрыхтаваць ваенную тэму, але для задуманай там маштабнасці не хапала артыстаў, бо некалькі гадоў таму склад ансамбля быў скарочаны. Таму мы спыніліся на фрагментах праграмы “Бывай, ХХ стагоддзе”. Бо гэта той час, калі нарадзіліся і жылі нашы ветэраны, якія сваёй барацьбой і працай усталёўвалі і мацавалі мірнае жыццё нашай краіны. ХХ стагоддзе — гэта век іх маладосці, а ўсё, што звязана з нашым юнацтвам, застаецца важным для нас назаўжды. Я прысвячаю гэты канцэрт найперш бабулям і дзядулям, якім будзе прыемна ўзгадаць пасляваенныя гады, адраджэнне танцавальных традыцый, з’яўленне новых танцпляцовак, што таксама сімвалізавала вяртанне да міру і радасці. Сёлета яшчэ і 75-годдзе вызваленне Асвенцыма, а ў сярэдзіне мая Ізраіль святкаваў чарговы Дзень незалежнасці — і сярод іншых нумароў ёсць таксама “Бабруйскія малюнкі” з іх вельмі шчымлівай яўрэйскай тэмай. Мы звяртаемся да нашай гісторыі, падкрэсліваем асобныя моманты чалавечага жыцця — і самі нашы нумары праз той ці іншы час становяцца часткай гісторыі краіны. Дарэчы, гэта праграма ніколі не запісвалася раней, таму цяперашняя трансляцыя стане яшчэ і падарункам самому нашаму калектыву. Перш чым весці здымкі, рэжысёр Алена Манькоўская прыходзіла да нас на рэпетыцыю, мы з ёй абмяркоўвалі некаторыя моманты, каб камеры паспелі ўхапіць найбольш важныя з патрэбнага ракурсу. Бо заўсёды вельмі хочацца, каб усё атрымалася найлепшым чынам.

Славім пераможцаў

Пра падрыхтоўку да тэлезапісу сольніка Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” расказаў яго мастацкі кіраўнік Раман Козыраў:

— Для нашых ветэранаў мы пакажам не толькі даўно любімыя імі кампазіцыі (а гэта найперш мелодыі іх юнацтва, творы Уладзіміра Мулявіна), але і новыя ваенныя песні. Запрасілі на гэты запіс Васіля Сушко — спевака і музыканта, аўтара шматлікіх кампазіцый, узятых, у тым ліку, і ў наш рэпертуар. Наша супрацоўніцтва з Васілём Сушко пачалося зусім нядаўна. Раней ён займаўся бізнесам, пачаў рабіць музычную кар’еру толькі гады два таму — і вельмі паспяхова. Разам з ім мы праспяваем яго новую песню “Пераможцам слава!!!”, апрацаваную ў нашым калектыве. Яна рыхтавалася да свята Вялікай Перамогі і, выкладзеная ў інтэрнэт, назбірала больш як 12 мільёнаў праслухоўванняў. Творчы саюз з гэтым аўтарам даў нашаму ансамблю цэлы шэраг новых песень, некаторыя з іх мы ўключылі ў цяперашнюю праграму. Увогуле, у канцы года выйдуць два новыя магнітальбомы “Песняроў”: адзін — цалкам наш, другі — створаны ў супрацоўніцтве з Васілём Сушко. Таму ў цяперашнім сольным канцэрце, лічыце, будзе і штосьці накшталт гэткага “анонса”, фрагмент будучай прэзентацыі. Спадзяемся, гледачы атрымаюць задавальненне.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"