Прыгожая рэч звычайна мае прыгожае імя. Выстава называецца “Мільфлёр”. Па-французку гэта “тысяча кветак”. Прыгожа на слых і адпавядае сутнасці. За гэтай назвай стаіць значная гістарычна-культурная з’ява. Можна сказаць, цэлая эпоха ў развіцці дэкарыўнага мастацтва. Mille-fleurs — гэта асаблівы від заходнееўрапейскіх шпалер XV — XVI стагоддзяў з аднатонным фонам, пакрытым кветкавым арнаментам. Сюжэтамі такіх шпалер былі алегорыі, сцэны прыгожага жыцця сацыяльнай эліты, рэлігійныя і міфалагічныя сюжэты. Прасцей кажучы, суцэльная супрацьлегласць так званаму народнаму мастацтву — функцыянальнаму і нават у эстэтыцы сваёй прагматычнаму. “Тысяча кветак” як ілюстрацыя да парадаксальнай тэзы Оскара Уальда пра тое, што мастацтва толькі тады сапраўднае, калі ад яго ніякай карысці.
“Мільфлёр” запатрабаваны і сёння. Так цяпер называюць тканіны з дробнаўзорчатымі расліннымі матывамі. Цікава, што Аляксандр Кішчанка, майстар манументальнана габелену, што пабудаваны, як вядома, па законах архітэктурнай кампазіцыі, вельмі цікавіўся гэтай з’явай, надаваў у сваіх творах вялікую ўвагу менавіта фону як структуры, якая візуальна звязвае і нават сэнсава яднае разнапланавыя выявы.
Выстава дэманструе шырокі спектр магчымасцяў тэкстылю як сродка мастацкага выяўлення рэчаіснасці і віртуальнасці, а таксама творчы патэнцыял студэнтаў і выпускнікоў акадэміі. На выставе больш за 80 твораў — габелен, ручное ткацтва, роспіс, лічбавы друк. Як запатрабаны, а праз гэта перспектыўны, прадстаўлены напрамак праектавання арнаментаў тканін для прамысловай вытворчасці.
Але большасць экспанатаў — эксклюзіў. Тое, што існуе ў адным асобніку. Асабіста мне на выставе запомнілася дыпломная работа 2017 года, прысвечаная дахрысціянскай міфалогіі нашай зямлі. У маіх вачах гэта па-мастацку пераканаўчае разбурэнне стэрэатыпаў, паводле якіх у даўнія часы ў стасунках людства і прыроды была гармонія, страчаная намі пры бурлівым развіцці цывілізацыі. Не, не было гармоніі! Зыходна агрэсіўнае супрацьстаянне і спробы “ачалавечыць” стыхіі, асэнсаваць іх з пазіцый соцыума.
З гэтага прыкладу відаць, наколькі шматаблічная, шматпланавая экспазіцыя — ад эфектных эксперыментаў, вынік якіх непрадказальны ці не відавочны, да грунтоўна распрацаваных на канцэптуальным узроўні мастацкіх цыклаў, што ўжо набылі сацыяльную вагу.
Сапраўды, тысяча кветак, з якіх кожны можа сабраць у думках уласны букет.