Пастаноўка не пазбаўлена пэўных шурпатасцяў, напрыклад, шмат пытанняў выклікаюць харэаграфічныя ўстаўкі, якія выбіваюцца з --агульнага малюнка. Тым не менш, спектакль нельга назваць “вучнёўскім”.
На першы погляд, п’еса стаіць у доўгай чарадзе тэкстаў, прысвечаных невычэрпнай тэме дзіцяча-бацькоўскіх адносін. І нельга сказаць, што на самой справе гэта не так. Бо, нягледзячы на тое, што гераіні ў афішы п’есы прадстаўлены як аднагодкі Жанчына-1 і Жанчына-2, па ходзе дзеяння яны прымаюць на сябе пэўныя ролі: бабулі Святланы Ігараўны, маці Насці і дачкі Сашы.
Менавіта такім чынам расклала ролі паміж двума актрысамі Ганна Якаўлева. Паколькі п’еса выбудавана нелінейна, дыялогі і маналогі пераплецены паміж сабой і перацякаюць ад адной гераіні да іншай, рэжысёрская задача была няпростай. У выніку атрымаўся спектакль, які варты ўвагі, найперш, дзякуючы працам актрыс: заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Людмілы Сідаркевіч, якая ўвасабляе вобраз маці, ды Ірыны Якавец, што, адпаведна, іграе дачку ды бабулю. Выклікае павагу тое, як рэжысёрцы ўдалося раскрыць талент дэбютанткі, работа якой у гэтым спектаклі стала сапраўдным адкрыццём. Таксама захапляе, што ў Ганны Якаўлевай атрымалася знайсці такі падыход да гераіні Людмілы Сідаркевіч, пры якім ейнай Насці сапраўды спачуваеш, нягледзячы на ўсе крыўды, нанесеныя ёй дачцэ.
Увогуле, тканіна спектакля сплеценая такім чынам, што спачуванне выклікаюць абедзве гераіні, і абедзве раздражняюць праз сваю агрэсіўнасць, жорсткасць, эгаістычнасць. Іх зламаны свет пабудаваны на сузалежнасці і няшчасці, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне, ад маці да дачкі і далей. Быць можа, жыццё зусім не мае сэнсу, калі татальная несвабода кіруе чалавекам, дзе б ён ні знаходзіўся. Бацькі заўжды назіраюць за сваімі дзецьмі, дзеці заўсёды пад наглядам сваіх бацькоў.
Менавіта гэтую думку выдатна ілюструе сцэнаграфія Ірыны Банькоўскай: у адным з эпізодаў зверху спускаецца мноства авальных люстэркаў, што асацыююцца апроч іншага з вочкамі дзвярэй. Ніхто нікому не давярае і гэты працэс як быццам немагчыма спыніць. Увогуле, візуальна спектакль вельмі лаканічны, графічны, нават сціплы: чорны і белы колеры, святло, люстэркі. Тым самым аўтары, расстаўляючы пэўныя сэнсавыя акцэнты, ізноў засяроджваюць увагу гледача на адметных працах актрыс.
Напрыклад, Ірына Якавец у пэўны момант шляхам немудрагелістых маніпуляцый з прычоскай і грымам амаль імгненна пераўтвараецца з Сашы ў Святлану Ігараўну. Яна становіцца за прамавугольнай рамкай і ў промні святла нагадвае партрэт бабулі — сямейную ікону. І ў той момант, калі “ікона” пачынае сварыцца, абражаць і прыніжаць Насцю, усё становіцца на свае месцы.
Спектакль, адштурхоўваючыся ад лакальнага канфлікту, выходзіць на развагі пра тое, наколькі грамадства зламанае ў сваёй аснове. Пасіўна-агрэсіўныя адносіны выносяцца за межы канкрэтнай сям’і, брыняюць, растуць, заражаюць усіх вакол. Каб пасталець, трэба абавязкова выпрабаваць на сабе траўматычны досвед, які зыходзіць ад самых блізкіх людзей. Тады ўзнікае пытанне, а ці трэба сталець, ці варта было нараджацца і навошта прыводзіць у гэты зламаны свет новых людзей?
І ўсё ж маці хоча ведаць, ці была дачка ў Рыме. У яе пытаннях гучыць рэўнасць да жыцця Сашы і адначасова надзея на тое, што ейны лёс складзецца лепш, чым у яе. У фінале Саша сыходзіць у адчыненыя дзверы, з якіх ліецца святло. Магчыма, Саша зусім пакінула гэты пакарэжаны свет, але ёсць надзея, што ёй усё ж удалося разарваць замкнёнае кола сузалежнасці і зрабіць рашучы крок наперад.
Ксенія КНЯЗЕВА, кандыдат мастацтвазнаўства