“Мудрагеліста тасуецца калода...”

№ 20 (1459) 16.05.2020 - 22.05.2020 г

Пакручасты шлях графа Сямёна Зорыча праз Шклоў

/i/content/pi/cult/798/17167/023.JPGНараджэнне Мельпамены

Хачу прывесці фрагмент успамінаў пра Сямёна Зорыча генерала і пісьменніка Сяргея Тучкова ў яго “Нататках. 1788 — 1808”, апублікаваных у 1908 годзе ў Пецярбургу. Іх аўтар у маладосці пэўны час жыў у Шклове пры двары Зорыча і нават атрымаў яго блаславенне на жаніцьбу з ягонай пляменніцай Б. (у сваіх успамінах імя гэтае Тучкоў чамусьці не раскрыў).

“Генерал Зорыч, — піша ён, — трымаў багата коней і шмат розных вялікіх і малых экіпажаў. Ранкам усе павінны быць запрэжаныя і выехаць на вуліцу; каму патрэбны экіпаж, той возьме і паедзе. Не раз здаралася на маіх вачах, што ён загадае для сябе падаць карэту, якую і падвядуць да ганка. Між тым ён праз нешта замарудзіцца ў доме, у гэты час іншы запатрабуе карэту і паедзе. Фурман адмовіцца не смее. Ён выйдзе, і калі няма для яго экіпажа, то пачакае, пакуль знойдзецца для яго. Вось як праводзіў ён час свой у бытнасць маю ў Шклове. Уставаў ён заўсёды а пятай і каля гадзіны працягваўся яго туалет, прычым піў ён гарбату і разглядаў пададзеныя яму табелі даходаў і расходаў яго маёмасці. Потым, апрануўшыся ў мундзір, выходзіў у іншы пакой, дзе прымаў рапарт ад кадэцкага корпуса, ардынарца і веставога, а таксама тых, хто прыязджаў да яго з ранішнім наведваннем. Пасля гэтага ехаў ён у корпус і прысутнічаў у канферэнцыі (сход, нарада — Б.К.), заснаванай ім самім з чыноўнікаў корпуса. Канферэнцыя разглядала справы, датычныя ўтрымання ягонага ў добрым парадку. Адтуль ішоў ён у клас, а потым да кадэцкага стала і каштаваў усе падаваныя там стравы. Пасля гэтага ехаў ён у сваю аранжарэю, дзе ўжо прыгатаваныя былі гарэлка і закуска, і госці пачыналі збірацца на абед. Пасля абеду адпачываў ён трохі ў пакоях аранжарэі або ў доме спадарыні К. Калі не прызначана было ніякага сходу, што, аднак жа, рэдка здаралася, то меў ён шпацыр калі верхам, а калі і на дрожках. Увечары зноў прыязджаў у аранжарэю, дзе чакалі ўжо яго госці, з якімі ён піў гарбату і вячэраў…”

Але пасля і гаспадар, і госці наведвалі дзіўныя сваёй выкшталцонасцю відовішчы. Пасля Шляхетнай вучэльні, галоўным гонарам Сямёна Зорыча стаў народжаны ім тэатр. Як адзначаў рускі рэжысёр і тэатразнаўца Васіль Сахноўскі, пастаноўкі ў шклоўскім маёнтку пераўзыходзілі “прыдворныя спектаклі рускія, былыя польскія, імператарскія аўстрыйскія ў Шанбруне і французскія спектаклі ў Версалі”.

Паўстаў гэты “преогромный” тэатр балета і оперы ў канцы 1779 года — неўзабаве пасля з’яўлення вучэльні. Яго арганізацыю і навучанне танцам Зорыч напачатку даручыў паўпрафесійнаму танцмайстру, былому прапаршчыку фларэнтыйскай артылерыі Паола Барцанці. Асоба гэтая загадкавая, цёмная — з тых шматлікіх авантурыстаў і шукальнікаў шчасця, што знайшлі сабе ўтульны прытулак у Шклове дзякуючы душэўнай дабрыні Сямёна Зорыча. У адным са следчых дакументаў сцвярджалася, што “ён ураджэнец горада Фларэнцыі. Пашпарт прад’явіў з горада Любека. З гэтым пашпартам выехаў у Расію восем гадоў таму... Да Зорыча прыбыў з Пецярбурга ў Шклоў... з рознага звання майстравымі людзьмі для розных пабудоў, як, напрыклад, тэатра і феерверка”. Але, мабыць, у сваёй справе ведаў толк.

Вось што яшчэ цікава: шклоўскі тэатр узнік на тры гады раней за Імператарскі тэатр оперы і балета. Для яго Кацярына ў 1783 годзе ўзвяла адмысловы будынак. Дагэтуль спектаклі праходзілі ў невялікіх прыдворных памяшканнях, аб’яднаных у адзінае ведамства “Імператарскія тэатры”.

Самае дзіўнае тое, што літаральна за чатыры месяцы — да пачатку мая 1780 года — Шклоўскі тэатр, уключаючы балетную і оперную трупы, здолеў падрыхтаваць свае ўласныя спектаклі. Зрэшты, гэта зразумела: Зорыч, “мой шклоўскі памешчык”, як яго называла імператрыца, спяшаўся да яе першага візіту паказаць ёй свае дасягненні ва ўсім размаху і раскошы. Падключыў да працы і сваіх кадэтаў, і замежных спецыялістаў — балетмайстраў і музыкантаў, на якіх грошай не шкадаваў. І, зразумела, у першую чаргу паслаў сваіх памочнікаў на чале з Паола Барцанці па ўсіх ваколіцах для выяўлення таленавітых прыгонных дзяўчат і хлопцаў, з дзяцінства знаёмых з мастацтвам народных скокаў.

/i/content/pi/cult/798/17167/024.JPGПрымы з ліку прыгонных

Гісторыя захавала некаторыя імёны найвыбітных прыгонных артыстаў — простых хлопцаў і дзяўчат з Беларусі. Хрысціян (Красцьян) Буткевіч выконваў у асноўным першыя, “сур’ёзныя” партыі пантамімнага характару, якія патрабавалі выдатных драматычных здольнасцяў. У Шклове ён працаваў да самай смерці Зорыча, пасля чаго стаў пантамімным танцоўшчыкам у балетнай трупе Пецярбургскага імператарскага тэатра, а ў 1822 годзе адпушчаны на волю. У характарным народна-бытавым танцы вылучаліся Кірыл Нікіфараў і Тамаш Шамберскі, у камічных партыях — Яфрэм Сямёнаў. Выбітныя здольнасці мелі танцоўшчыкі Яўсей Палеціка, Сямён Куськін, браты Раман і Герасім Бекеры, а таксама балерыны Лізавета Суворава, Алена Дахоўнікава, Марыя Бушынская, Наталля Соніна, Ганна Максімовіч.

Але прымамі Шклоўскага балета з прыгоннага люду былі, вядома, Азарэвіч — Пелагея Васільеўна і яе пляменніца Кацярына Лук’янаўна. Абедзве карэнныя шклаўчанкі. Пелагею за яе бліскучы талент называлі “пчолкай”. У пары з Буткевічам яна спараджала сапраўдны фурор. Неяк у спектаклі яе ўбачыў італьянскі дэкаратар Яхім дэ Ламона (дарэчы, прыяцель знакамітага архітэктара Растрэлі), і, дамовіўшыся з Зорычам, выкупіў балерыну з прыгоннай залежнасці і павёз у Маскву. Ад іх саюза нарадзіўся сын Васіль — будучы акцёр-комік Малога тэатра, вядомы пад псеўданімам Жывакіні. Сама Пелагея спачатку з бляскам выступала на маскоўскай сцэне, а потым адкрыла сваю балетную школу, дзе працягвала развіваць шклоўскія традыцыі харэаграфічнага стылю. Зрэшты, ёсць іншая версія паходжання псеўданіма “Жывакіні”: нібыта нейкі багаты мецэнат з такім прозвішчам быў зачараваны Пелагеяй у Маскве падчас гастроляў трупы Зорыча. І ў 1805 годзе ў іх нарадзіўся сын.

Што тычыцца Кацярыны, то лёс яе таксама склаўся ўдала. Пасля смерці Зорыча яна была прададзеная дырэкцыі Пецярбургскіх імператарскіх тэатраў, але неўзабаве адпушчаная на волю без выкупу. Танчыла чароўна, прыводзячы ў неапісальнае захапленне пецярбуржцаў. Была замужам, але трох дзяцей нарадзіла па-за шлюбам ад дырэктара Імператарскіх тэатраў і паэта Апалона Майкова. Старэйшая дачка Надзея танчыла на сцэне Вялікага Каменнага тэатра разам з багемнай чарнавокай прыгажуняй Аўдоццяй Істомінай, апетай Пушкіным у “Яўгене Анегіне”. Малодшая, Марыя, прысвяціла сваё жыццё драматычнай сцэне, а сын Аляксандр у канцы жыцця стаў уладальнікам буйнога цукровабурачнага завода.

На авансцэне Еўропы

У апошняй трэці XVIII стагоддзя балет Зорыча нароўні з тэатрамі Антонія Тызенгаўза ў Гродне, Міхаіла Казіміра Агінскага ў Слоніме, Караля Станіслава Радзівіла ў Нясвіжы выйшаў на авансцэну еўрапейскага культурнага жыцця ва ўсёй сваёй красе і годнасці. У гэты ўнікальны час было яшчэ далёка да “Лебядзінага возера”, не існавала “Эсмеральды”, “Карсара”, “Руслана і Людмілы”, “Жызэлі” і ўсіх тых дзяжурных партый з іх выдатна адпрацаванымі тэхнічнымі прыёмамі, па якіх ацэньваецца майстэрства танцоркі. Гэта быў час, калі балет яшчэ “сябраваў” з пантамімай — калі аўтары імкнуліся перш за ўсё любымі шляхамі распавесці гісторыю. Час, калі ад балерыны абавязкова патрабаваўся і драматычны талент, які немагчыма было кампенсаваць чыста танцавальнымі прыёмамі.

Прымы Пелагея і Кацярына Азарэвіч ідэальна сумяшчалі ў сабе рэдкую грацыёзнасць і майстэрства актрысы. Прычым танцавальны талент гэтых беларусак не толькі ашаламляў Маскву і Пецярбург сваімі нябачанымі паветранымі “па”, непаўторнай своеасаблівасцю інтэрпрэтацый роляў, высокай тэхнікай і артыстызмам. Ён, па вялікім рахунку, заклаў падмурак славутай школы рускага балета — мастацтва, якім да гэтага часу ўражаны ўвесь свет. Дарэчы, мала хто ведае, што падчас працы Паўла I (у канцы жыцця Зорыча) былі выдадзеныя нават асобныя правілы, згодна з якімі балетная сцэна цалкам можа абыходзіцца без мужчын, а мужчынскія ролі павінны выконваць толькі жанчыны.

Нямецкі падарожнік Х. Шлегель, які пабываў у 1780-я гады ў Шклове, успамінае: “Людзі, знаёмыя з пецярбургскім тэатрам, сцвярджаюць, што тутэйшыя танцоркі мала і нават ні ў чым не саступаюць сталічным. Да іх прыстаўлена наглядчыца і італьянец па імені Марыядзіні, майстры сваёй справы, якія навучаюць іх тэатральнаму танцу. Усіх танцорак дваццаць. Яны знаходзяцца пад няспынным наглядам наглядчыцы і практыкуюцца ў французскай гутарцы, чытанні, пісанні і лічэнні. Яны вольна размаўляюць па-французску. Дзяўчаты жывуць у асобным доме і займаюцца ўсе разам. Па адзін бок залы знаходзіцца іх спачывальня, з другога боку жыве іх настаўнік, які праяўляе шмат клопату аб іх сцэнічнай адукацыі...”

У оперным рэпертуары на сцэне тэатра ставіліся, у асноўным, зінгшпілі — музычна-драматычныя п’есы з гутарковымі дыялогамі. Іншымі словамі — своеасаблівыя папярэднікі вадэвіля і мюзікла. Тыповы зінгшпіль таго часу - “Выкраданне з сераля” Моцарта. Папулярнымі жанрамі таксама былі опера-серыа (на гісторыка-міфалагічныя тэмы) і камічная опера-буф на аснове народна-бытавой песеннай традыцыі. Відаць, усё гэта было звязана з уплывам італьянца Даменіка Чымароза, які ў той час быў прыдворным оперным кампазітарам у Кацярыны II. З ім Зорыч мог пазнаёміцца падчас сваіх частых “камандзіровак” у сталіцу.

Не ведаю, ці ставілі на шклоўскай сцэне яго оперу-серыа “Клеапатра” або оперы-буф “Два бароны” і “Дзве нявесты”, але італьянскі ўплыў на тое, што рабілася ў шклоўскім тэатры, па ўспамінах сучаснікаў, несумненны. З іншага боку, у Зорыча паступова ўзнікаў свет фантастычна-рэальнага мастацтва сцэны. Ён увасабляў самыя размаітыя душэўныя станы. Спачатку прыгонныя дзеўкі і мужыкі, якія дагэтуль наогул не ведалі, што такое тэатральная сцэна, невыразна выконвалі незразумелыя ім ролі. А потым з’явіліся дзівосныя варыяцыі і разнастайныя рашэнні матываў і мелодый сусветных сцэнічных і драматычных тэм, выразныя рухі, узрушвальныя інтанацыі, самабытная ігра. Адпаведна, засваенне чужога жыцця ішло шляхам адаптацыі. І гэтае жыццё паступова станавілася сваім уласным.

Барыс КРЭПАК