Ад Нарава да Эльбы: вайсковы шлях беларускага хлопца

№ 19 (1458) 09.05.2020 - 16.05.2020 г

...Званю ў дзверы. Мне звычайна адчыняе бабуля ці дзед. Але хто б з іх ні адкрыў дзверы, я адразу іду ў пакой да яго, дзеда Валодзі, Уладзіміра Уладзіміравіча Чарнякевіча. У яго ў пакоі — свой, такі цікавы мне, малому, мужчынскі свет уладкаваных рэчаў: дзясяткі карпусоў маленькіх і вялікіх гадзіннікаў, над рамонтам якіх ён мог прабавіць цэлы дзень, шафа, дзе на вешалцы віселі яго рэчы і, сярод іх, — карычневы пінжак, з кішэні якога ён часам даставаў і дарыў мне, філатэлісту-пачаткоўцу, то срэбраную польскую манету даваеннага часу, то незвычайную замежную марку.

/i/content/pi/cult/797/17144/023.JPGДзе, адкуль ён даставаў гэтыя цікавыя рэчы ў часы позняга СССР ці ранняй Рэспублікі Беларусь, амаль не выходзячы з дома, я дасюль не ведаю, але атрымліваць гэтыя нечаканыя падарункі заўсёды было прыемна. Ды і першы гадзіннік на руку я атрымаў, вядома ж, менавіта ад яго — гадзіннікавага майстра. А яшчэ ў дзеда на балконе, у халадку, стаялі некалькі банак з вадой, у якіх на донцы ляжалі вялікія чорныя камяні-краменьчыкі. Стаміўшыся сядзець над гульнёй у шашкі, мы выходзілі на балкон, дзед наліваў мне халаднаватай чыстай вады, і мы адпачывалі, абапёршыся на парэнчы і гледзячы на вуліцу, па якой ехалі машыны і аўтобусы.

Тое, што дзед ваяваў, было для мяне звычайным фактам: ваяваў і ўсё. Што, як там было, на той вайне, ён асабліва не расказваў, ды я спачатку і не пытаў. Мне проста было прыемна ў яго кампаніі, гульню ў шашкі мы любілі да знямогі, а на ягоную працу з гадзіннікамі, калі ён чапляў на вока павелічальную лінзу і корпаўся тонкім сталёвым інструментам у завадных механізмах, я мог глядзець колькі заўгодна. Акрамя таго, я ведаў, што магу заўжды прыйсці сюды, у гэтую кватэру, і тут заўсёды будзе дзед, каля якога можна пасядзець, пачытаць кнігі, падумаць, паразважаць ці проста адпачыць у халадку ад спякоты летняга дня...

Але пазней, крыху пасталеўшы, я задаваў яму пытанні пра вайну ўжо не раз, бо ў слове “вайна” заўсёды ёсць нешта прыцягальнае для падлетка. Да таго ж, мне заўсёды было цікава, як вось гэты, мой родны, добры да мяне дзед мог пайсці ваяваць, трымаць у руках зброю, змагацца, страляць і, урэшце, нават забіваць... Хай сабе ворага, хай сабе і фашыста, але ж — чалавека. Гэта абсалютна не ўкладвалася ў маёй галаве, хоць, я, канечне, і разумеў, што 70-гадовы дзед і той 17-гадовы хлопец, якога прызвалі ў 1944 годзе ў дзеючую армію, — не адно і тое ж.

Дзед адказваў скупа, нібы скнарнічаючы, нібы ўзважваючы кожнае слова. Таму сёння пра яго ваенныя гады я ведаю не так ужо і многа. Нешта расказаў ён сам, штосьці растлумачыў ягоны сын і мой бацька Валерый Уладзіміравіч, а дзесьці каштоўную інфармацыю дадалі афіцыйныя дакументы — узнагародныя лісткі ды ваенны білет.

Што вядома дакладна: маладога 17-гадовага хлопца — ураджэнца Заходняй Беларусі з беларускага горада Нараў Гайнаўскага раёна Беластоцкай вобласці (зараз, праўда, гэта ўжо горад на Падляшшы, на тэрыторыі Польшчы) — у 1944 годзе, не даўшы скончыць вучобу ў Брэсцкім рамесным вучылішчы, прызвалі ў армію. Відаць, гэта быў той, апошні прызыў часоў Вялікай Айчыннай вайны, згодна з якім Пастановай ад 25 кастрычніка 1944 года да армейскіх частак далучыліся 17 - 18-гадовыя хлопцы 1926 і 1927 гадоў нараджэння.

Малады Уладзімір Чарнякевіч патрапіў на службу кавалерыстам у 28 кавалерыйскі гвардзейскі полк. Гэты полк, да слова, уваходзіў у 6-ю гвардзейскую кавалерыйскую дывізію, якая падчас вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў разам з іншымі злучэннямі і часцямі вызваліла 268 населеных пунктаў нашай краіны (у тым ліку Маладзечна, Ліду і Гродна), ды атрымала ганаровае найменне “Гродзенскай”.

Уладзіміру, як ён расказваў пазней майму бацьку, пры залічэнні ў кавалерысты далі невялікага мангольскага коніка, на якім ён і праехаў шмат дарог. Конь гэты, хоць і не надта вялікі, быў вельмі спрытны і жвавы, добра скакаў хоць у полі, хоць на дарозе, пераскокваючы ямы ці траншэі з лёгкасцю ды грацыёзнасцю цыркавога скакуна. На жаль, у адным з баёў фашысцкія кулі патрапілі ў гэтага каня і адразу яго забілі, а Уладзімір быў паранены ў ногі. Самае цікавае, што дзед не забыў свайго маленькага коніка і часта расказваў пра яго дзецям пасля вайны, бо, мабыць, меркаваў, што той прыняў на сябе смяротныя кулі, якія адрасаваліся байцу, і, фактычна, выратаваў кавалерыста ад немінучай смерці.

Адляжаўшыся ў лазарэце пасля ранення, малады салдат працягнуў свой баявы шлях. Ён, як і тысячы ваенных яго палка і дывізіі, змагаўся ў складзе 2-га Беларускага фронту пры вызваленні Польшчы, удзельнічаў у разгроме фашыстаў ва Усходняй Прусіі. Так, ён расказваў мне, як перапраўляўся разам з танкавай брыгадай па пантонным мосце праз раку. Фашысцкія самалёты разбамбілі пераправу і ён ледзь не патануў у вадзе, спрабуючы выплыць на супрацьлеглы бераг. А яшчэ казаў пра тое, як служыў у зенітных войсках і, разам з таварышамі, збіў фашысцкі самалёт, які патрапіў у святло пражэктараў у начным небе Германіі.

За ўдзел ва Усходне-Прускай аперацыі Уладзіміру ўжо пасля вайны быў уручаны медаль “За ўзяцце Кёнігсберга”. Гэтая ўзнагарода, як і медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941 — 1945 гадоў” ды ваенны білет — адзіны напамін для нас, унукаў, пра баявы шлях нашага дзеда.

Вайна для маладога байца завяршылася на рацэ Эльба, дзе 2 мая 1945 года каля нямецкага горада Вітэнбэрг, ён, як і іншыя салдаты яго дывізіі, сустрэўся з вайскоўцамі саюзніцкай амерыканскай арміі.

Але нават пасля Дня Перамогі салдацкая служба для дзеда не скончылася. З верасня 1945 года ён быў прызначаны камандзірам аддзялення ў 1731 зенітным артылерыйскім палку, а праз год перавёўся ў 5 кавалерыйскі полк, дзе ў снежні 1946 года і закончыў вайсковую службу ў званні сяржанта.

Пасля гэтага дзед, па яго расказах, дапамагаў таксама адлоўліваць бандытаў (як ён тады казаў, “бандэраўцаў”) у лясах Заходняй Украіны. А ўжо пазней, у 1948 годзе, доўга шукаў сваю сям’ю. Справа ў тым, што Нараў, як і ўся Беласточчына, адышлі ў той час Польшчы, таму ягоны бацька разам з сям’ёй вырашылі пераехаць у Беларусь, спачатку ў раённы горад Камарын, што на Брагіншчыне, а пасля — у абласны тады горад Пінск. Уладзімір ездзіў у пошуках бацькоў у Мінск, у Ліду, іншыя гарады, і, нарэшце, знайшоў іх у горадзе над Пінай. Прычым, як ён мне сам расказваў, родныя не адразу прызналі яго, маладога мужчыну ў ваеннай форме, за свайго сына: дапамагла радзімая пляма на спіне, дзякуючы якой бацькі і пусцілі яго ў свой дом.

Ён пачаў працаваць фізруком і ваенруком у Пінскім настаўніцкім вучылішчы, дзе, дарэчы, пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Марыяй, будучай настаўніцай пачатковых класаў, пазней — заслужанай настаўніцай БССР і неаднаразовай дэпутаткай мясцовага гарсавета. Таксама працаваў камендантам у інтэрнаце і адначасова адказваў там за пячное ацяпленне, закончыў дзесяцігодку, а пазней уладкаваўся ў хлебапякарню і развозіў на машыне хлеб па ўсім Пінску. Аднойчы ён пабачыў, як нейкія ваенныя крадуць хлеб, выклікаў міліцыю, і вырашыў, як ён казаў, “звальняцца з такой работы”. І тут яму, можна сказаць, пашанцавала: ён быў прыняты на пасаду памочніка галоўнага ўрача па гаспадарчай частцы Пінскай гарадской бальніцы.

Вайсковы досвед камандзіра спатрэбіўся і тут: Уладзімір Уладзіміравіч, як яго цяпер паважна называлі не толькі на рабоце, але і ў сяброўскім коле, пачынае ездзіць у камандзіроўкі па ўсёй Беларусі, дастае ці, як тады казалі, “выбівае” прадукты, дровы, медыкаменты, абсталяванне для бальніцы. Пры ім пачалося і ўзвядзенне новых бальнічных карпусоў, што, натуральна, запатрабавала ад дзеда яшчэ большага прыкладання намаганняў і высілкаў. Пасля 17-гадовай самаадданай работы ў Пінскай гарадской бальніцы і перанесенай аперацыі на страўніку Уладзімір Чарнякевіч перайшоў працаваць у гарадскі Вадаканалгас, а пазней — у Пінскі камбінат верхняга трыкатажу (цяпер гэта вядомае на ўсю Беларусь ААТ “Палессе”), адкуль і сышоў на пенсію.

...Сёння, як і заўжды, я часта пра яго ўспамінаю. Прыязджаючы ў Пінск, стараюся адведаць могілкі, дзе ён быў пахаваны яшчэ 20 гадоў таму. І ведаю, што ён і зараз жыве ўва мне, дапамагае мне і радзіць, як жыць далей. Спадзяюся, і мае дзеці змогуць пра яго даведацца, пра тое, што ён для мяне заўсёды значыў, як я яго любіў і кім ён застаецца для мяне нават пасля сваёй смерці.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"