З любімым тваім святам, тата, з Перамогай!

№ 19 (1458) 09.05.2020 - 16.05.2020 г

Прыгожы, абаяльны, заўсёды спагадлівы, творчы, захоплены мой бацька Овад Фёдар Сямёнавіч многае паспеў у сваім жыцці: служыў на флоце, працаваў рэжысёрам на ваеннай кінастудыі, дасканала авалодаў італьянскай мовай, вучыўся завочна на аператарскім у ВГИК, выкладаў у ВИЗРУ, год праслужыў у В’етнаме. Пасля выхаду ў запас пісаў артыкулы і апавяданні, супрацоўнічаў з Камітэтам абароны міру. Уступіў у Саюз журналістаў. А ў перабудовачныя часы ў асноўным займаўся італьянскімі перакладамі. Ездзіў у сваю любімую Італію перакладаць то для дзелавых, то для турыстычных або дзіцячых аздараўленчых груп. Некалькі гадоў жыў і працаваў у італьянскім лагеры ў Жлобіне, калі там будаваўся металургічны камбінат. Яшчэ ён спяваў і іграў на гітары. Быў час, калі ў нас дома ладзілі музычныя аўторкі, на якія за сталом з гарбатай і вялікім найсмачнейшым пірагом з капустай, які пякла бабуля, збіраліся яго сябры, аматары бардаўскіх песень і рамансаў. У яго рэпертуары было і нямала ваенных песень.

/i/content/pi/cult/797/17142/021.JPGНа жаль, таты няма з намі ужо больш за васямнаццаць гадоў. Але голас яго нібы чую і сёння, калі мой сын Пеця распытваў дзеда пра вайну, а я, не перашкаджаючы ім, слухала. Маналог таты застаўся ў маёй памяці:

“...Гэта быў студзень 1942 года. Мне — 17 гадоў. Зусім нядаўна я вучыўся ў Ленінградскім вучылішчы каманднага саставу Ваенна-марскога флоту, збіраўся стаць марскім афіцэрам. Але прыйшла вайна, над Ленінградам навісла пагроза акупацыі, і нас, кадэтаў, размеркавалі на фронт. Некаторыя трапілі на Балтыйскі флот, я — у Ладажскую ваенную флатылію. Адразу ў бой: на вартавым катэры мы падтрымлівалі эвакуацыю стралковых дывізій, якія апынуліся прыціснутымі нямецкімі часткамі да возера. Два разы ў катэр патрапілі мінамётныя снарады з берага, загінулі двое маіх саслужыўцаў (аднаго з іх я ведаў яшчэ па вучылішчы, ён вучыўся на год раней за мяне і збіраўся стаць адміралам, пераемнікам Нахімава і Мікалая Кузняцова). Таксама шмат маіх знаёмых, былых курсантаў, загінула тады пры абароне Валаамскіх астравоў. Мне і катэру, на якім я служыў, — шчасціла: мы паспяхова манеўравалі і перавезлі шмат людзей, а таксама пару гаўбіц... Затым, у верасні, калі кольца вакол Ленінграда замкнулася, было некалькі спроб дэсантавацца і разам з 54-й арміяй прарваць блакаду ў раёне Шлісельбурга, аднак спробы былі асуджаны: мы страцілі некалькі соцень чалавек і чатыры караблі. Потым — адступленне, база ў Новай Ладазе, да лістапада перавозім грузы ў Ленінград, назад дастаўляем людзей: многія з іх ужо тады былі ў абсалютна жудасным стане... Голад узяў горад за горла; праз тры месяцы там памрэ мой дзядзька Пеця (у гонар яго цябе і назвалі). На борт невялікага катэра змяшчалася да тысячы чалавек, але борт не прасаджваўся: людзі літаральна ператвараліся ў бязважкіх анёлаў. У лістападзе возера скавала лёдам. Перад намі паставілі задачу: арганізаваць сувязь па лёдзе. 18 лістапада мы суправаджалі першую аўтакалону, на Ладазе запрацаваў зімнік. Практычна кожны дзень мы вазілі харчаванне ў асаджаны горад, эвакуіравалі з яго людзей. Многія машыны, людзі засталіся на тым лёдзе з-за пастаянных артабстрэлаў, але галоўным ворагам нашым тады быў холад. У студзені былі дні, калі тэрмометр паказваў мінус 48... У адзін з такіх дзён грузавік з лекамі, якія мы суправаджалі, зламаўся. Ахоўваючы яго, мы прабылі на лёдзе больш за суткі. Калі да нас падаспела дапамога, марозу я ўжо не адчуваў. Насупраць: па целе разлівалася адурманьваючае, санлівае цяпло. Прыйшоў я ў прытомнасць ужо ў Новай Ладазе, у палявым шпіталі. На назе ў мяне не было вялікага пальца. Моманту ампутацыі я не памятаў, доктар толькі сказаў, што мне пашанцавала: каб яшчэ гадзіна, страціў бы ўсю ступню, а то і жыццё... Потым былі тыл, інжынернае вучылішча, Перамога, паездка ў Італію за рэпарацыйнай падводнай лодкай.”

А яшчэ ён быў выдатным мужам, бацькам і дзедам і па-ранейшаму жыве ў памяці і сэрцах сваіх родных./i/content/pi/cult/797/17142/020.JPG

Дзень Перамогі быў яго любімым святам. Са святам цябе! З Перамогай!