Родныя мае, бясцэнныя...

№ 19 (1458) 09.05.2020 - 16.05.2020 г

...Мой тата паспеў сустрэць шэсцьдзясят першы Дзень Перамогі і пайшоў ад нас таксама ў квецені таго святочнага мая. Вечнасць яго прымала як воіна — пад кароткі развітальны салют ганаровай варты. Тыя арудыйныя стрэлы былі для мяне бы кананада Вялікай Айчыннай...

/i/content/pi/cult/797/17139/010.JPGАле для бацькі вайна і спасціжэнне “школы разведкі” пачаліся мабыць тады, калі яго, 29-гадовага журналіста, які на той час меў вопыт рэдактара некалькіх “раёнак”, ЦК КПБ накіраваў на працу ў пагранічны Чыжоўскі раён Беластоцкай вобласці. Ішоў 1940 год. Літаральна побач у агні палала Польшча. І, зразумела, яму, рэдактару пагранічнай раённай газеты на тэрыторыі цяпер ужо савецкай Заходняй Беларусі, даводзілася ў публікацыях не толькі ўлоўліваць усе нюансы працы на дзяржаўнай мяжы, але і друкаваць у газетных “перадавіцах” тое, што “на ёй ды за ёй” адбывалася ў адпаведнасці з патрабаваннямі тых няпростых сталінскіх часоў. Як кажуць, “шаг в сторону — расстрел”...

Але пра гэтыя забароны ў газетным кантэксце, пра тое, што любая выпадковая карэктарская памылка, якая выклікала пэўныя асацыяцыі і магла каштаваць яму, рэдактару, у лепшым выпадку разборак на партыйным узроўні, тата не любіў расказваць. Як прынамсі і пра ўсё тое, што зведаў і перажыў на вайне.

…У дзень пачатку вайны тата разам з супрацоўнікамі рэдакцыі пачаў прабірацца з Беластоцкага рэгіёна ўглыб Беларусі. Прабіраліся цяжка, пад бамбёжкамі і артылерыйскім агнём. Прайшлі праз Магілёўшчыну. Апошні прыпынак адыходу — Орша, ад горада да малой радзімы таты ўсяго некалькі кіламетраў. Гэты край ён ведаў да драбязінак, мабыць таму па заданні партыі яго пакінулі для арганізацыі падпольнай дзейнасці менавіта тут.

Трымаю ў руках татаў “Дзённік 1941 — 1944”, напісаны па-беларуску. На жаль, не ўсё ў ім захавалася. Першы запіс: “1941 (кастрычнік). 1. Сход камуністаў-падпольшчыкаў. Праходзіў у невялікім ляску побач з вёскай Грабянёва. На ім прысутнічалі: Анкіновіч, Шабека, Канановіч і яшчэ 15 чалавек. Вырашаліся пытанні арганізацыі падпольных груп у акаляючых вёсках, збора зброі. Былі зацверджаны кіраўнікі груп. Сход вёў Анкіновіч. 2. Сход камсамольцаў-падпольшчыкаў вёскі Ферма — Гразіна. Сход вёў я. Мной былі дадзены парады маладым падпольшчыкам па збору зброі, распаўсюджанні і падрыхтоўцы лістовак. 3. Сустрэча ў в.Кашына з Анкіновічам. Вырашалі пытанні арганізацыі лясной базы па захаванні зброі для баявых груп.”

/i/content/pi/cult/797/17139/011.JPGУ Оршы, восенню 1941-га тату звёў лёс з будучым легендарным партызанскім камбрыгам Канстанцінам Заслонавым. У бацькавай аўтабіяграфічнай даведцы ёсць радкі: “…З першых дзён Айчыннай вайны знаходзіўся на падпольнай рабоце на Аршаншчыне, а калі навісла пагроза арышту, па заданні партыйнага падполля быў накіраваны ў партызанскі атрад у якасці начальніка разведкі, а затым і начальніка штаба атрада імя Варашылава партызанскай брыгады Заслонава. За маю актыўную падпольную і партызанскую дзейнасць мая першая жонка была схоплена фашыстамі заложнікам і расстраляна гестапаўцамі ў жніўні 1942 года ў Крупках…” Літаральна за пару гадоў да татавага адыходу з жыцця я запыталася ў яго, маўляў, а што стала са здраднікам, які выдаў яе? Тата адказаў каротка: “Потым знайшоў і расстраляў без суда і следства”. Можа гэта быў той “браўнінг”, які яшчэ доўга з пустым “магазінам” ад патронаў заховаўся ў нас дома?

Не магу не згадаць адзін эпізод з біяграфіі таты-разведчыка, пра які ён мне расказваў. Трэба было ўзяць “языком” нейкага высокага нямецкага чына, які праз Оршу вёз сакрэтныя дакументы. Бацька разам са сваёй групай разведчыкаў, пераапрануўшыся ў адпаведны “канспіратыўны камуфляж”, прыйшлі ў рэстаран, дзе гэты чын чакаў перасадкі на цягнік. Тата, які меў настаўніцкую і журналісцкую адукацыі, на нямецкай мове так-сяк запрасіў таго фашыста за свой столік, прадставіўшыся эстонскім немцам, што не выклікала падазрэння з праблемамі ў вымаўленні. Калі эсэсаўца як след напаілі, прапанавалі яму ў падарунак скрыню сапраднага бургундскага віна. Ды толькі, маўляў, знаходзіцца яна ў машыне, што непадалёк ад рэстарана. Словам, на тым аўтамабілі сквапнага на пітво “сакрэтчыка” ўзялі цёпленькім. Пасля гэтай аперацыі за татаву галаву фашысты давалі 25 тысяч рэйхсмарак, аб чым паведамлялі развешаныя па Оршы ўлёткі.

Новы этап у партызанскім жыцці таты пачаўся з 1 лістапада 1942 года. “…Віцебскім падпольным абкамам партыі я быў, як журналіст, накіраваны на работу ў рэдакцыю Віцебскай абласной падпольнай газеты “Віцебскі рабочы”, а затым ЦК КПБ зацверджаны рэдактарам газеты…” У часопісе “Полымя” за май 1981 г. былі надрукаваны ўспаміны Васіля Самуціна, якога мой бацька змяніў на пасту галоўнага рэдактара “Віцебскага рабочага”. Ён распавёў пра тое, у якіх умовах выпускалі газету: “... Даводзілася іншы раз дзейнічаць не толькі пяром, але і пісталетам, аўтаматам, кулямётам. Даводзілася абараняцца і адстрэльвацца, адступаць і ісці наперад. Журналіст на вайне — сапраўдны баец у самым шырокім сэнсе гэтага слова”. Урэшце, пра сваё партызанскае мінулае бацька напісаў дакументальную аповесць “Взрывы над Днепром”, прысвечаную Канстанціну Заслонаву. Замоўленая ў Маскве кніга тройчы там перавыдавалася, і агульны наклад яе склаў мільён дзвесце экзэмпляраў.

У кастрычніку 1945-га тату прызначылі галоўным рэдактарам рэспубліканскай “Настаўніцкай газеты”, якую ён ствараў “з нуля” і працаваў у ёй амаль дзесяцігоддзе. Уся наша сям’я бязмерна ўдзячная калектыву “Настаўніцкай...” за высокую памяць, якую там захоўваюць ва ўсіх пакаленнях журналістаў пра майго тату. Вось вытрымка з артыкула, прысвечанага яму: ” Божа, колькі ж паспеў перажыць да сваіх 34-х гадоў першы галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты!.. Да ўсяго не лішнім будзе ўзгадаць і тое, што ў 1943-м Аляксей Сцяпанавіч ад імя беларускіх партызан выступаў у Маскве ў Калоннай зале Дома саюзаў і ўжо ў вызваленым Мінску ўдзельнічаў ў легендарным партызанскім парадзе. Гэта ўсё — таксама стасункі на “ты” з вялікай гісторыяй, з якімі ён прыйшоў у 45-м у “Настаўніцкую”... Мы, сённяшнія супрацоўнікі, помнім, што першы галоўны рэдактар нашай газеты быў чалавек-легенда”.

Стаяў Аляксей Крушынскі ў 1956-м і ля вытокаў Беларускага тэлебачання, дзе ўзначальваў Галоўную рэдакцыю прапаганды. Так што знакаміты будынак на Камуністычнай, 6 мне добра вядомы з дзяцінства ( тым больш, што і мая працоўная дзейнасць потым распачалася менавіта тут).

Тата пражыў шчаслівыя шэсць дзясяткаў гадоў з маёй матуляй Соф’яй Канстанцінаўнай — у дзявоцтве Гаравец, адыграў на трафейным баяне ў жніўні 45-га ўласнае вяселле ў Віцебску. Мама прайшла праз “сваю вайну”, у прыватнасці, служыла на ваенным аэрадроме пад Бугурусланам. Расказвала, як даводзілася ёй, адной пасярод лётнага поля пасля начнога дзяжурства, класціся ў суцэльнай цемры спаць проста на на збітым з дошак стале, бо да горада трэба было ісці кіламетры, а лютыя маразы праціналі наскрозь. І як выпадкова ў Бугуруслане сустрэла родную сястру Зінаіду, якую не бачыла яшчэ ад пачатку вайны, а яна выратавала тады матуліны здранцвелыя рукі, зняўшы са сваіх цёплыя рукавіцы...

Родны брат мамы — Герой Савецкага Саюза, легендарны лётчык-ас Аляксандр Гаравец, які 6 ліпеня 1943 года на сваім знішчальніку “Ла-5” збіў у адным паветраным баі на Курскай дузе 9 “юнкерсаў”, гераічна ў той схватцы загінуў. Яго імем названы вуліцы, аэраклубы, школьныя музеі на тэрыторыі былога СССР і сённяшняй незалежнай Беларусі. А вось другі брацік, васямнаццацігадовы мінамётчык Мікалай Гаравец, дасюль лічыцца “без вестак прапалым”. Апошні ліст прыйшоў ад яго з датай “30 чэрвеня 1943”, таксама з-пад Курска. Бабуля мая, Амалія, якую я ніколі не бачыла, гэтага не перажыла.

... Тэма Вялікай Айчыннай была ў нашым родзе шчымліва культавай, як прынамсі і цяпер. Пасля таго як не стала і мамы, у мяне захоўваюцца бацькавы ўзнагароды, сярод якіх ордэны Вялікай Айчыннай вайны 1 і 2 ступеняў, ордэны Чырвонай Зоркі і “Знак Пашаны”, а таксама шматлікія баявыя медалі.

Цяпер у нашай з Барысам Крэпакам сям’і заховаюцца і іншыя маўклівыя сведкі той праклятай вайны. Арыгінал Граматы Прэзідыўма Вярхоўнага Савета СССР аб наданні звання Героя Савецкага Саюза Аляксандру Гараўцу трапіў да мяне зусім нядаўна, калі ў Віцебску памерлі яго дачка Інга, а потым і ўнучка майго роднага дзядзі Шуры — Анжэла. Дакумент мы абавязкова перададзім у Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Спадчынай сям’і стала апошняя паштоўка і фатаграфія з арміі ад таты Барыса — Аляксея Уласавіча, датаваная 1 мая 1941 года. Ён таксама не вярнуўся з пекла баёў у Бесарабіі. Альбом, які перайшоў мне ад дзеда Канстаціна Іванавіча Гараўца, падаравалі яму бацькі першага касманаўта планеты Юрыя Гагарына, калі гасцявалі ў яго дома ў Віцебску. Гагарын вельмі шанаваў лётнае майстэрства Гараўца, таму і адбылася тая памятная сустрэча іх Бацькоў...