Таямніцы Манюшкаў

№ 18 (1457) 02.05.2020 - 08.05.2020 г

Частка VII.
Вось як адрэагавала на папярэднія публікацыі “Таямніцаў Манюшкаў” вядомая музыказнаўца Святлена Немагай: “Супрацьстаянне Манюшкі і Штурма — у супрацьлеглай прыродзе іх талентаў. Штурм відавочна “ўзрос” на ідэалах эпохі “эфектных віртуозаў” (Паганіні, Ліст, Шапэн, пазней Концкі), якая тады паланіла розумы і была “ў самым разгары”. А Манюшку “пусканне пылу ў вочы” было цалкам чужое, ды і да віртуозаў-выканаўцаў ён ніколі не належыў. Як ён сам пісаў 7 мая 1857 сваёй цётцы Вікторыі Маджарскай, “сэрцам трэба граць болей, чым пальцамі”. Таму цалкам зразумела, што даўшы парачку эфектных канцэртаў у Вільні, Штурм змог хуценька заняць вяршыню п’едэстала і займець шматлікіх вучняў”.

/i/content/pi/cult/796/17128/030.JPG(Працяг. Пачатак у №№ 12 — 17)

Трыумф “Галькі”

1858 год пачаўся для Станіслава Манюшкі з папраўдзе знакавай падзеі. 1 студзеня ў Вялікім тэатры адбылася варшаўская пастаноўка оперы “Галька”. Пасля віленскай прэм’еры (1 студзеня 1848), якая па прапанове цешчы кампазітара прайшла ў доме Мюлераў, Манюшка спадзяваўся на “варшаўскі працяг”. Але там твор, старанна забыты, праляжаў на паліцы амаль дзесяць гадоў.

Магчыма, справа ў тым, што ў 1848 годзе опера Станіслава Манюшкі на лібрэта Уладзіміра Вольскага была прынятая мясцовай шляхтай вельмі непрыязна — яна ўбачыла ў творы пагрозу сваёй рэпутацыі і інтарэсам. Занадта ён быў рэвалюцыйны!

Вось і варшаўскай прэм’еры папярэднічаў ліст Вольскага да Манюшкі, у якім той сам прапанаваў перапрацаваць лібрэта, а таксама тлумачыў сваю папярэднюю “непрыхільнасць” да кампаньёна. Аказалася, што нейкая неназваная ім асоба крытычна напісала пра “віленскую Гальку” ў друку, і гэта Вольскаму да густу не прыйшлося.

Ці не быў той “спружынай” Штурм? І ці не ягонай руплівасцю на інтрыганцкім полі можна патлумачыць роспач Манюшкі? Увесну 1847 года, пасля канфліктаў са Штурмам, кампазітар напісаў варшаўскаму крытыку Юзафу Сікорскаму, што на яго надта ўжо “хутка забыліся варшаўскія сябры”. Дарэчы, і сам Сікорскі да 1853 года, падаецца, пра творчасць Манюшкі пісаць перастаў.

Але пасля прэм’еры “Галькі” ў Варшаве ўсе мітрэнгі засталіся ў мінулым. Трыумф гэтым разам быў ашаламляльны! Відаць, і грамадства за дзесяць гадоў моцна змянілася. Старасвецкія прыгонныя парадкі ўжо не ўспрымаліся як “недатыкальныя каровы”. Прэса назвала Манюшку “бацькам польскай оперы”. Варшаўскі канцэрт, арганізаваны вучаніцай Ферэнца Ліста Марыяй Калергіс для падтрымкі Манюшкі, прынёс неблагі збор і даў яму магчымасць пабываць у Кракаве, Празе, Берліне, Дрэздэне, Ляйпцыгу, Веймары, Парыжы.

А пасля вяртання, у верасні 1859 года, начальнік варшаўскіх тэатраў генерал Ігнат Абрамовіч (які ў 1812 годзе ваяваў супраць Расіі пад кіраўніцтвам Ігната Манюшкі, дзядзькі Станіслава), падпісаў кампазітару прызначэнне на пасаду дырыжора Польскай оперы пры Вялікім тэатры. Пасада не тое каб вельмі значная, але цвёрды аклад у 1200 рублёў у год — гэта значна лепей, чым прыватныя ўрокі музыкі. Плюс іншы статус, іншы абсяг дзейнасці, новыя далягляды.

Але нават пасля таго, як у лістападзе 1858 года Манюшка вывез у Варшаву сям’ю, ён не лічыў, што з’язджае назаўжды, і спадзяваўся рана ці позна вярнуцца на Радзіму. У лістах да сябра, спевака-аматара і даверанай асобы ў судовых справах Эдварда Ільцэвіча, Манюшка з цеплынёй узгадваў іх вячоркі ў дварах на Пагулянцы  — тагачасным віленскім прадмесці, дзе кампазітар здымаў лецішча.

А вось як і чаму Манюшкі абарвалі жывую сувязь з Вільняй, мы зараз распавядзем.

Закляцце дома Мюлераў

Дом на Нямецкай вуліцы Мюлеры набылі яшчэ ў ХVIII стагоддзі. Пасля смерці Ксаверыя Мюлера ім валодала цешча Манюшкі Марыя. Кожнаму з іх дзяцей належыла ў доме пэўная доля — у тым ліку і жонцы Станіслава. Сям’я, якая раней здымала жытло на Святаянаўскай, перасялілася туды ў 1848 годзе, калі швагер кампазітара Ян Мюлер выехаў на Каўказ (ён быў капітанам вайсковых жандараў).

Але ў 1857 годзе Ян Мюлер вырашыў прадаць дом. Гэтая гісторыя выдатна апісаная ў лістах кампазітара і падсумаваная “манюшказнаўцам” Вітальдам Рудзінскім. Калі коратка, Мюлер выштурхнуў з дома сям’ю кампазітара, а таксама і сваю маці! Але з-за ўласнай сквапнасці і неразумнасці прадаў яго значна танней, чым мог бы. За год да таго віленскія яўрэі прапаноўвалі за дом 60 тысяч рублёў, аднак ён хацеў 75 тысяч. Пакуль ішоў час, “Ясь” (так яго ў лістах называў Станіслаў Манюшка) уклаў у абсталяванне дома непатрэбнымі рэчамі яшчэ 8000 рублёў. А ў выніку камяніца прадалася ўсяго за 53 тысячы!

Прычым “годны сын і брат” яшчэ хацеў зменшыць долю сваёй маці і сястры (на якую спіхнуў выплату пазыкаў). Сказаць, што Манюшка быў у захапленні ад чалавека, які гэтак паводзіўся — не сказаць анічога.

Але, пэўна, не абышлося ў гэтай гісторыі і без Штурма. Прынамсі, бацька кампазітара Чэслаў Манюшка пакінуў на апошніх старонках сваіх “Успамінаў” такія радкі: “Варта было б занатаваць апошнія віленскія хвіліны, калі мая сям’я, выгнаная з мураванкі Мюлераў праз Штурма і пана Яна (Мюлера), дачакалася адведзінаў Вільні імператарам Аляксандрам ІІ”.

У гэты перыяд у сваіх лістах да Ільцэвіча Манюшка часта згадвае пра Штурма. Той літаральна звар’яцеў ад поспехаў канкурэнта ў музычным свеце, кожнае яго дасягненне ўспрымаў як сваю паразу. І таму патрабаваў ад Манюшкі кампенсацыю за “12 гадоў пакутаў і найжахлівага пераследу”. Лісты штурмавіка-Штурма да Манюшкі, якія той цытаваў свайму сябру, ствараюць папраўдзе страшную карціну. То-бок, спярша інтрыгі і зласлоў’е, а потым пасыпаліся і пагрозы. За ўсім гэтым праглядаецца сапраўдны монстр, які паводзіў сябе як “вар’ят” і “разбойнік”. Аднойчы Станіслаў Манюшка не вытрымаў і напісаў так: “Чаго гэтае быдла ад мяне жадае?”

Штурм быў зацікаўлены ў тым, каб Манюшкі пакінулі Вільню ды засталіся без “пасага жонкі” . І прыкладаў дзеля гэтага ўсе намаганні. Нават спрабаваў накласці арышт на долю ад продажу дома, якая належыла жонцы кампазітара. Манюшка з дапамогай Ільцэвіча адчайна бараніўся — і ў фінансавых спрэчках перамог. Але страціў немаведама колькі жыцця і здароў’я. А Штурм, які намагаўся стаць поўным уласнікам дома Мюлераў, застаўся ні з чым.

Спроба Манюшкаў знайсці сабе іншае жытло ў роднай Вільні таксама пацярпела няўдачу. Верагодна, і тут не абышлося без Караля Штурма.

У 1859 годзе Манюшкі прыгледзілі на Пагулянцы дом Маліноўскіх. Каштаваў ён 4200 рублёў. Манюшка згадвае пра яго ў лістах да Ільцэвіча ў сакавіку 1859 года, просячы яго перамовіцца з гаспадыняй дамка. Але Манюшка адразу папярэдзіў сябра, каб той меў размову толькі з ёй, і ўвогуле, трымаў справу ў таямніцы — бо сын гаспадыні быў сябрам сям’і Штурмаў. Але ў маі кампазітар піша сумны ліст і дзеліцца думкамі, што нічога ўжо, відаць, не выйдзе. Ці ўмяшалася тут рука Штурма і яго жонкі, можна толькі здагадвацца. Але ў выніку свайго “гняздэчка” ў Вільні Манюшкі так і не займелі. Вось і абарваліся карані.

Дарэчы, варта прыгадаць і пра жонку Караля Штурма Сафію. Калі спярша сястра з мужам запрашалі яе на хросты дзетак, то пасля вяселля са Штурмам яна ўвогуле знікае “з поля зроку” кампазітара. У сваіх лістах ён згадвае безліч розных асобаў, але яе імя там няма.

“І ніхто не скажа, дзе магіла твая”

Мне ўдалося знайсці метрыку смерці “злога генія”, і вось што з яе вынікае.

19 сакавіка 1859 года ў доме Мюлераў на Нямецкай вуліцы “скончался Дворянин Кароль Фердинанд Штурмъ по болезни туберкуль.” Было яму ўсяго 42 гады. 27 сакавіка яго як парафіяніна касцёла святога Яна пахавалі на Бернардынскіх могілках.

Калі б не шчаслівае здарэнне, то месца спачыну Караля Штурма не было б вядома і прыблізна. Але як сцвярджаў аўтар кнігі пра Вільню Эдмунд Малаховіч, у 1941 годзе даследчык віленскіх могілак Аляксандр Сняжко выпадкова натрапіў на надмагільную пліту музыканта. Была яна паваленая на зямлю і ёй жа засыпаная. Але пасля невялічкай прыборкі на свет з’явіўся вось такі тэкст: “Karol SZTURM Zmarl dnia 19 marca 1859 Zofia z Mullerow Sturm”. Магіла Штурма была ў непасрэднай блізкасці ад помніка ягонага цесця Станіслава Мюлера. Мая першая спроба адшукаць пахаванні спазнала фіяска. Але ў далейшым спадзяюся на лепшае.

Што пакінуў пасля сябе гэты “дзівак і паўшарлатан”, як назваў яго спадар Малаховіч? Небагата. Даследчык піша пра Sztambuch (накшталт альбома для аўтографаў), вядомы перад Другой сусветнай вайной. Звесткі аб ім знаходзяцца ў віленскай Нацыянальнай бібліятэцы Марціна Мажвідаса, якая закрытая ў гэты час на каранцін. Прыйдзецца перачакаць, і тады, можа, знойдзецца і сам альбом.

Вось так і завяршылася гісторыя “Антыпода”. Што цікава, мне бачыцца ў ёй шмат “люстэркавага” падабенства з лёсам Станіслава Манюшкі. Штурм перабраўся з Варшавы ў Вільню ў пошуках лепшай долі. Памёр заўчасна і пахаваны ў віленскай зямлі. Манюшка пераехаў у Варшаву таксама не ад лёгкага жыцця. Хоць і перажыў ён Штурма, але ненадоўга. Пахаваны ж быў у Варшаве.

Розніца паміж імі толькі ў тым, што адзін быў творцам, які “пісаў сэрдцам”, а другі — эфектным “рамеснікам”. Адзін пакінуў дзясяткі выбітных музычных твораў. А другі — альбом з аўтографамі. На магілу Манюшкі людзі ідуць і ідуць. А дзе пахаваны Штурм, мог бы паказаць толькі спадар Сняжко, але ж ён і сам даўно спачыў.

Але калі б не наяўнасць гэтага канкурэнта, жыццё Станіслава Манюшкі дакладна б пайшло іншым шляхам. І — хто ведае? — можа, так бы ён і застаўся на ўзроўні добрага творцы мясцовага значэння, не стаўшы сусветнавядомай асобай.

Далей нас чакаюць яшчэ больш цікавыя звесткі пра продкаў і сваякоў Станіслава Манюшкі. І для пачатку мы перакінем масткі ад оперы “Галька” да оперы “Агатка”, якая ўбачыла свет у Нясвіжы ў 1784 годзе.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар