Першамай быў свайго роду рэпетыцыяй салідарнай мабілізацыі ўсіх, хто верыў у Рэвалюцыю.
Пафасна, рамантычна… Сёння з прагматычнага гледзішча падаецца наіўным, але ў гэта верылі, гэтым захапляліся, гэтым жылі. Згадаем хоць бы той жа Віцебскі УНОВИС, стагоддзе якога сёлета адзначае наша краіна і свет.
А потым паводле логікі жыцця рэвалюцыйная рамантыка змянілася рэвалюцыйнай жа дысцыплінай, якую ў мастацтве ўвасабляў класіцысцкі па сваёй сутнасці “сацыялістычны рэалізм”. Цікава, што ў Беларусі тая з’ява найбольш выразна выявілася ў творчасці мастака, які яшчэ паспеў падыхаць у Віцебску паветрам УНОВИСа. Гэта наш слынны скульптар Заір Ісакавіч Азгур. І адна, і другая з’явы — неад’емная частка нашай драматычнай гісторыі. Так што нам у роўнай ступені патрэбны і Музей УНОВИСа ў Віцебску, і Музей Заіра Азгура ў Мінску.
Вымушаная самаізаляцыя не адмяняе культурнага жыцця. Музеі і выставачныя залы не закрытыя для наведвальнікаў. Адно што — памятайце рэкамендацыі СААЗ. Пра гэта вам нагадвае і доктар медыцынскіх навук, прафесар Ірына Касенка (на здымку), якая ў доўгія выхадныя наведала Мемарыяльны музей-майстэрню Заіра Азгура.
Май. Праца. Культура. І, зразумела — Мір, як абавязковая ўмова ўсіх трох чыннікаў.