На віленскіх пагорках
Вільня ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя прайгравала Варшаве па шмат якіх параметрах. Колькасць насельніцтва — каля 52 000 (у Варшаве амаль утрая больш). Узровень дабрабыту месцічаў таксама сціплейшы. Зоркі, такія як Паганіні, Шапэн, Ліст, чые імёны грымелі ў еўрапейскай прасторы, Вільню чамусьці абміналі. Праўда, славутасці туды, здаралася, завітвалі — Ліпінскі, Лафонт і іншыя. У роспачы прызнаем, нават Вілія была ўтрая вузейшая за Віслу!
Але ў чым Вільня нікому не саступала, дык гэта ў любові да музыкі і спеваў. Вось, што пісаў пра яе ў 1840 годзе Станіслаў Лаховіч у “Tygodnik peterburski”: “Не знойдзеш, відаць, ніводнага дома, дзе не было б фартэпіяна, а пры ім прыгожай віртуозкі ці віртуоза. Здзівіліся б нашы прапрадзеды, у якіх і клавіцымбал лічыўся рэдкасцю, убачыўшы сёння прыгожыя раялі венскія ці пецярбургскія, або і нашы віленскія — Гутоба, Скакоўскага ці Пестуновіча; а яшчэ б больш здзівіліся яны, калі б пачулі, як іх прыгожыя прапраўнучкі з пачуццём і агеньчыкам выконваюць новыя кампазіцыі. Нават у класе ніжэйшым (відаць, спальныя раёны Вільні — заўв. З.Ю.) вельмі часта можна пачуць хай разладжанае і рассохлае, хай з бразгатам і піскам — але заўсёды фартэпіяна, пры якім з такім самым піскам танклявы галасок спявае: “Ах! Як жа кахаць прыемна-а-а!”
У сваім артыкуле спадар Лаховіч паказаў тую Вільню, у якой, толькі-толькі вярнуўшыся з Берліна і ажаніўшыся, асеў Станіслаў Манюшка. Тое, што музыку тут любілі — гэта праўда. Але колькі б ні намагаліся шматлікія мясцовыя рупліўцы зрабіць з Вільні Вену, ім гэта так ніколі не ўдалося. Страціўшы незалежнасць, нашы землі сталі “сыравінай” для больш моцных суседзяў.
Па мянушцы “арганіст”
У 1839 годзе ў касцёле святога Яна быў урачыста адкрыты самы буйны арган у Вільні (дэпартаваны з Полацка). Толькі вярнуўшыся ў 1840 з Нямеччыны, Станіслаў Манюшка атрымаў там пасаду арганіста — і адразу пачаў шакаваць месцічаў віртуозным выкананнем твораў замежных майстроў. Але, як пісаў сябра кампазітара А.Валіцкі, многія з пагардай сталі называць Манюшку “арганістам”. Такая “мянушка” была кплівай: шараговыя віленскія арганісты мелі вельмі нізкі ўзровень адукацыі — як музычнай, так і агульнай. І гэта адбівалася на рэпутацыі Манюшкі, як выкладчыка музыкі — з чаго, уласна, і жыла яго сям’я. Таму, відаць, арганістам ён прапрацаваў нядоўга.
Уласныя творы Манюшкі, па словах Лаховіча, “на той момант яшчэ былі мала вядомыя. Але мяркуючы па некаторых ягоных уверцюрах, прадстаўленых у тэатры, па яго музыцы да некалькіх спеваў, належыць ускладаць на яго вялікія надзеі”. І надзеі пана Лаховіча, як мы ведаем, спраўдзіліся.
Працытуем нататку з “Tygodnik peterburski” (№ 79) за 1842 год пра “Pierwszy spiewnik domowy”. Яна выглядае сапраўдным панегірыкам маладому творцу, які меў толькі 23 гады: “Маем абавязак звярнуць асаблівую ўвагу чытачоў і чытачак пецярбургскіх на гэты плод. Калі літаратура наша апошнім часам дасягнула такіх вышыняў, на якіх цяпер яе бачым, у музыцы мы не мелі нічога, альбо мала што годнага агульных дасягненняў эпохі ў тым найкаштоўным з прыгожых мастацтваў. Але сённня кожны ведае аўтарскі твор, … які павінен быць прыняты з найвялікшай з нашага боку прыхільнасцю. Такое меркаванне маем пра спеўнік пана Манюшкі…”
Манюшка за перыяд 1838 — 1847 гадоў напісаў нямала рознакалібравых музычных твораў і прагнуў узяцца за оперу. А вось аб тым, каб яго візаві Штурм пакінуў хоць нейкую музычную спадчыну, звестак няма. Падобна, што і нашчадкаў ён не меў. Манюшка быў яго поўная супрацьлегласць. Усе дзеці — а было іх дзесяць — нарадзіліся ў “віленскі перыяд”, і таму яны, зразумела, ускосным чынам, сталі ахвярамі інтрыгаў Караля Штурма. Давайце ж пазнаёмімся з імі бліжэй. Альжбэта-Марыя (нар. 6 ліпеня / ахр. 6 жніўня 1841 — 1891), Станіслаў-Юзафат (нар.27 лістапада (?) 1843 — 1905), Баляслаў-Ян-Калікст (14 кастрычніка / 19 лістапада 1845 — 1902), Марыя-Рахеля-Эмерыка (5 лістапада 1846 / 2 студзеня 1847 — 1858), Казімір-Ігнат-Дамінік (31 траўня / 21 чэрвеня 1842 — 9 жніўня 1843). На момант, калі Станіслаў пісаў свой ліст адчаю (сакавік 1847-га), ён яшчэ не ведаў, што неўзабаве, у верасні таго ж года, народзіцца дачка Ядвіга. Дапоўнім пачаты спіс, згадаўшы Сафію-Вікторыю-Эву (23 снежня 1849 / 3 студзеня 1850 — 1925), Аляксандру-Габрыэлю (5 ліпеня / 13 верасня 1852 — 1855), Яна-Антона-Чэслава (4 кастрычніка / 19 лістапада 1853 — 1908) і, нарэшце, Цыцылію-Юзэфу (11 красавіка / 21 траўня 1857 — каля 1907). Альжбэта і Ян пайшлі па мастацкай лініі, Баляслаў абраў музыку, а вось Казімір стаў чыгуначнікам.
Мой дом — мая крэпасць
У дадзеным выпадку славутае прыслоў’е падыходзіць як ніякае іншае. Штурм быў адарваны ад сваёй маткі-Польшчы і закінуты ў Літву. І ўсё, на што ён мог разлічваць — гэта пасаг жонкі, абаяльнасць і варшаўскія газеты, у якіх згадвалася яго імя. Нямала, але…
Манюшка ж быў “кроў ад крыві” беларусам-ліцьвінам. Тут ён меў шырокія гарызантальна-вертыкальныя сацыяльныя повязі. Пра радаводныя перакрыжаванні будзе далей. А вось пра сяброў сям’і, якія прысутнічалі на хростах, распавядзем падрабязней.
Вінцэнт Дмахоўскі (1805 — 1862) — мастак-пейзажыст, быў вучнем славутага віленскага мастака Рустэма, браў удзел у паўстанні 1831 года. Пазней перабраўся ў Варшаву
Станіслаў Расалоўскі (1797 — 1855) — хатні лекар Манюшкаў, паэт, палітолаг, блізкі супрацоўнік доктара Юльяна Цітуса (мецэнат і дырэктар Віленскага тэатра ў 1850-я, падтрымліваў сцэнічныя пачаткі Манюшкі), і, як і той, сябра Імператарскага Лекарскага таварыства ў Вільні. Перакладаў з лаціны, англійскай, французскай, вершы друкаваў у віленскіх часопісах. На некаторыя з іх Манюшка напісаў музыку.
Эдвард Жалігоўскі (1820 — 1864) — паэт-рамантык, прафесійны арыштант. Спярша па справе Шымана Канарскага, які рыхтаваў паўстанне ў 1838 годзе. Затым за “неблагонадёжное сочинение Иордан” у 1851 высланы з Вільні пад паліцэйскі нагляд у Петразаводск. Адтуль у Арэнбург, адтуль ва Уфу. Урэшце, лёс закінуў гэтага філосафа і паэта, які сябраваў з Тарасам Шаўчэнкам, у Парыж, дзе эмігранты ледзь не ажанілі яго (пры жывой жонцы!) з дачкой Адама Міцкевіча Аленай. Памёр вандроўнік у Жэневе... Дарычы, стрыечны дзед генерала Юльяна Жалігоўскага, “стваральніка” Сярэдняй Літвы.
Рахеля Плятэр — пляменніца Тадэвуша Касцюшкі, дачка Юзафа Касцюшкі.
Севярын Ромэр (1814 — 1890) — браў удзел у паўстаннях 1831 і 1863 гадоў. Меў намер падтрымаць паўстанцкі рух Шымана Канарскага (1838), але быў арыштаваны і высланы ў Варонеж.
Фларыян Міладоўскі (1819 — 1889) — славуты піяніст, кампазітар, дырыжор, які нарадзіўся ў Менску, а продкі ягоныя паходзілі з Клеччыны. Атрымаў выдатную музычную адукацыю, што дазволіла яму пісаць творы, якія вельмі высока цаніў Манюшка.
Ахілес Банольдзі (1821 — 1871) — спявак, літаратар, педагог. Паходзіў з італьянскай тэатральнай сям’і. У 1842 (?) годзе, па запрашэнні роду Лапацінскіх, прыбыў у Вільню. Пасябраваў з Манюшкам і стаў ягоным верным паплечнікам.
У біяграфічных нататках пра Банольдзі, падаецца, пакуль не знайшоў адлюстраванне такі факт. Яшчэ не ажаніўшыся з вільнянкай Леакадыяй Багнеўскай, з якой ён потым будзе мець дзвюх дачок, сябра Манюшкі ўсынавіў хлопчыка-падкідыша. У знойдзенай метрыцы віленскага касцёла святога Яна, датаванай 31 сакавіка 1842 года, сцвярджаецца, што ў гэты дзень было ахрышчана немаўля, атрымаўшы імёны Юзаф-Ахілес, а прозвішча яму прыёмны бацька даў сваё. Дарэчы, жонка Банольдзі асіставала на хростах Аляксандры і Яна Манюшкаў.
Ігнат Ляўковіч — у 1834 пачаў выдаваць у Вільні “Dziennik muzyczny”, але жыццё яго было кароткім.
Людвік Кандратовіч (Уладзіслаў Сыракомля) (1822 — 1862) — славуты паэт (“Першы пасля Міцкевіча ў Літве”), празаік, гісторык літаратуры.
Варта згадаць і іншых асобаў — сваякоў Манюшкі Аляксандра і Адама Ваньковічаў, Габрыэлю з Ваньковічаў Дзяконскую, доктара і сябра сям’і Станіслава Вікшэмскага, Эдуарда Ільцэвіча...
Як мы бачым, Станіслаў Манюшка быў і годным бацькам, і выбітным творцам. Хоць гэта і прымушала яго ўвесь час жыць “на перадавой” чалавечых магчымасцяў.
А што ж Штурм?
Калі ж вы ўжо страцілі надзею даведацца, хто ж такі гэты Караль Штурм, які віртуозна іграў творы Ферэнца Ліста, і па ўсей верагоднасці, ведаў яго асабіста, і ў чым, уласна, была ягоная правіна перад Манюшкам, спяшаюся супакоіць. Пра гэта — у наступных серыях.