Вірусы прыходзяць і сыходзяць, а творчасць

№ 16 (1455) 18.04.2020 - 24.04.2020 г

Гэтай публікацыяй “К” пачынае серыю матэрыялаў аб культурным асяроддзі, у асноўным, невялікіх населеных пунктаў краіны, прадстаўляючы яго словамі кіраўнікоў адпаведных устаноў. І яшчэ мы папрасілі гэтых людзей не проста прэзентаваць свае вотчыны, але і расказаць пра тое, што змянілася ў іх дзейнасці ў сувязі з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя для насельніцтва. І першымі былі апытаныя намі тыя, хто ўзначальвае некаторыя з устаноў клубнага тыпу рэгіёнаў краіны.

Валянціна НІКІТКА, дырэктар Рэдкарожскага сельскага Дома культуры пасёлка Рэдкі Рог Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці:

/i/content/pi/cult/794/17091/_opt.jpeg— У нашым ДК — дзесяць фарміраванняў. Для дзяцей — узорны тэатр лялек “Паўлінка” і гурток эстраднага спявання “Вясёлыя ноткі”, аматарскія аб’яднанні — клуб гульнявога развіцця “Мурашнік” (у яго ходзяць дашкольнікі, для якіх праводзяцца розныя віктарыны, квэсты, “ДЕТСКОтеки” — гэта такое наша арыгінальнае вынаходніцтва, калі разам з танцамі дзеткам прапануюцца гульнявыя забавы) і клуб дзіцячага вольнага часу “Фантазёры” (яго наведваюць школьнікі пачатковых і сярэдніх класаў, да іх паслуг — пазнавальныя і забаўляльныя праграмы). Дарослыя займаюцца ў гуртках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “КлубОК” і народных спеваў (сольных і ў вакальным гурце “Шчодрыца”). У сямейным клубе “Пад шчаслівым дахам” збіраюцца бацькі са сваімі дзецьмі, а пасяджэнні прысвячаюцца сямейным каштоўнасцям. Жаночы клуб па інтарэсах “Шарм” скіраваў сваю дзейнасць на прапаганду здаровага ладу жыцця. І адразу набыў папулярнасць клуб зносін для пажылых людзей “Натхненне”, які адкрыўся нядаўна, фарміраванне вельмі актыўна наведваюць жыхары пасёлка пенсійнага ўзросту. Аматарскія аб’яднанні працуюць раз на тыдзень, гурткі — два разы. У зону нашага абслугоўвання ўваходзяць яшчэ вёскі Орсiчы і Макаравічы. Вядома, шмат праводзім выязных мерапрыемстваў, прымяркоўваючы іх да пэўных дат, ладзячы канцэрты, праходзячы па вёсках з абрадамі.

Датычна каранавiруса, натуральна, мы сочым за тым, што адбываецца ў краіне ў сувязі з ім, а меры засцярогі намі ўжо даўно прынятыя: антысептыкі набытыя, людзі носяць маскі, у наяўнасці ёсць і пальчаткі. Узнікнуць новыя рэкамендацыі, натуральна, будзем выконваць і іх.

/i/content/pi/cult/794/17091/opt.jpegЛюдміла ПЫШЫНСКАЯ, загадчыца Залуззеўскага сельскага Дома народнай творчасці вёскі Залуззе Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці:

— Напэўна, правільным будзе сказаць, што асноўным накірункам у нашай рабоце з’яўляецца краязнаўства. Пра тое кажа хаця б факт, што ва ўстанове ёсць аж тры музейныя пакоі, так ці інакш звязаныя са старадаўнім сельскім побытам, — столькі экспанатаў мы можам прадэманстраваць наведвальнікам — ад шыцця і драўляных вырабаў да калаўрота і ткацкага станка. А пасля экскурсій у абавязковым парадку гасцям прапануецца канцэрт — сваё мастацтва дэманструе фальклорны калектыў “Багуслаўка”. У яго праграмы ўваходзяць песні, танцы, абрады. У iмпрэзах выкарыстоўваем і літаратурную спадчыну, якую пакінуў наш зямляк — сатырык, гумарыст, паэт-песеннік Васіль Гаўрылавіч Давідчык. Нягледзячы на назву “Рукадзельніца”, разьбой па дрэве ў гэтым аматарскім аб’яднанні займаецца мужчына, сярод іншых рамёстваў фарміравання — саломапляценне і вышыўка. На жаль, ні школы, ні дзіцячага садка ў Залуззі няма, але тыя чацвёра дзетак, што жывуць у вёсцы, удзельнічаюць ва ўсіх нашых мерапрыемствах у якасці артыстаў. Пастаянна выступаем і ў санаторыях “Надзея” і “Буг”, якія знаходзяцца ў Жабінкаўскім раёне, і тыя, хто там адпачывае, наведваюцца на імпрэзы Дома народнай творчасці.

Зараз праца яго фарміраванняў у адпаведнасці з указаннем санэпідэмстанцыі часова прыпыненая. Здароўе людзей — гэта, вядома, першае справа. Калі ж разважаць пра “матэрыі зямныя” — я маю на ўвазе выкананне плана платных паслуг, верагодна, ён будзе скарэкціраваны. Аднак пры тым, што ўстанова павінна была зарабіць у гэтым годзе дзве тысячы рублёў, з яго пачатку мы ўжо зарабілі семсот пяцьдзясят!

/i/content/pi/cult/794/17091/pt.jpegЛюдміла ЦІШКЕВІЧ, выконваючая абавязкі дырэктара Анопальскага сельскага Дома культуры вёскі Анопаль Мінскага раёна Мінскай вобласці:

— Яшчэ не так даўно мерапрыемстваў мы ладзілі даволі многа. Пералічу тыя, што заўсёды папулярныя сярод сяльчан. Наш дзіцячы тэатральны гурток “Мастацкае слова” ставіць спектаклі, сцэнічныя пастаноўкі, перад гледачамі выступаюць яго чытальнікі. Юныя выканаўцы займаюцца вакалам у гуртку эстраднага спявання “Натхненне”, а дарослыя — народнага сольнага. Для пажылых людзей дзейнічае аматарскае аб’яднанне “За кубкам гарбаты”, у якім праходзяць не толькі “шараговыя”мерапрыемствы — кшталту літаратурна-музычных вечароў, але і для яго членаў арганізуюцца розныя экскурсіі па краіне, наведвання тэатраў Мінска, двойчы яны ездзілі ў Маскву. У аматарскім аб’яднанні “Стоп-кадр” майстры фатаграфіі ладзяць выставы сваіх работ, у іх нават ёсць уласная студыя. Трыццаць тры гады дораць мастацтва людзям народны фальклорны ансамбль “Світанак”, — у канцэртах якога ёсць і песні, і танцы, і абрады, — і ансамбль бытавога танца “Прамень”. А з анопальскiм гумарам знаёміць публіку наш жартоўны гурт. У зону абслугоўвання ДК уваходзяць 12 населеных пунктаў Крупіцкага сельсавета, для двух — трох з іх установа праводзіць раз на год святы вёсак, прычым у імпрэзах прымаюць удзел і мясцовыя жыхары. А наогул нашы артысты выступаюць у 21 паселішчы сельсавета.

Што паробіш, але сёння і такія мерапрыемствы, і тыя, што праходзяць у Доме культуры, пастаўленыя на паўзу. Не працуюць і яго фарміраванні. Але нават да такога рашэння мясцовых уладаў бацькі з кожным днём усё менш ахвотна сталі адпускаць дзяцей на рэпетыцыі. Людзі пенсійнага, сталага ўзросту перасталі прыходзіць да нас, застаючыся дома. Некалі ў шумнай, вясёлай установе зараз нязвыкла ціха, як у пакоі вольнага часу, што заўсёды быў поўны народу.

/i/content/pi/cult/794/17091/t.jpegІван КАШКО, загадчык аддзела Сектара па арганізацыі вольнага часу “Жукаўшчынскі дом культуры” аграгарадка Жукоўшчына Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці:

— Прытым, што ў нас ёсць свая зона абслугоўвання, фактычна мы праводзім мерапрыемствы ва ўсіх сямнаццаці населеных пунктах, якія ўваходзяць у склад Жукаўшчынскага сельсавета. У нашым жа ДК звычайна ў месяц праходзяць тры — чатыры канцэрты, і ўвосень — узімку яго зала практычна заўсёды запоўнена. Ну а брэндавай iмпрэзай для аграгарадка з’яўляецца “Свята яблыкаў”, калі на Яблычны спас тут збіраюцца людзі не толькі з Дзятлаўскага раёна, але і з іншых краёў Гродзеншчыны. Цэлы дзень працуюць разнастайныя атракцыёны, выставы вырабаў з яблыкаў, ладзяцца спартыўныя эстафеты, ідуць канцэртныя праграмы — у тым ліку з удзелам сталічных артыстаў. Выступаюць і нашы — з дзіцячага гуртка сольных спеваў “Кропелькі” і народнага фальклорнага калектыву вёскі Пагіры, які прыпісаны да Дома культуры. У ансамблі пяць бабуль, яны выконваюць песні Дзятлаўскага рэгіёна. І танчаць! Дарэчы, у найбліжэйшыя мае планы ўваходзіць стварэнне дзіцячага народнага фальклорнага калектыву, што стаў бы прадаўжальнікам традыцый гэтых бабуль. А яшчэ ва ўстанове дзейнічаюць дзіцячы авіямадэльны гурток, дзе хлопцы вырабляюць з паперы макеты самалётаў; аматарскае аб’яднанне “Юны акварыуміст” — яго члены не проста разводзяць рыбак, а самі канструююць акварыумы; аматарскае аб’яднанне дыскаклуб “Мегамiкс”.

Пры тым жа становішчы з вірусам, вядома, даводзіцца перабудоўваць працу ўстановы, гэта значыць, згодна з указаннем, абмежаваць колькасць масавых мерапрыемстваў. Аднак канцэртныя нумары мы ўсё ж такі рыхтуем, — выконваючы меры асабістай бяспекі: у пустой зале запісваем выступы нашых артыстаў і выкладваем іх на YouTube-канале!

/i/content/pi/cult/794/17091/1_opt.jpegАляксей АГЕЕЎ, загадчык філіяла “Дом культуры аграгарадка Дабрамыслі” Лёзненскага раёна Віцебска вобласці:

— Мая пазіцыя ў адносінах да фарміраванняў установы такая: яны павінны быць толькі першымі. І пакуль гэта ў нас атрымліваецца! Будзь то дзіцячыя, а іх тры — вакальны гурт “Сяброўкi”, тэатральны калектыў “Мельница”, асноўны напрамак якога — мюзіклы, і калектыў “Непаседы” — ён па большай частцы спецыялізуецца на танцах. Або дарослыя — гурток сольных спеваў “Соловушка”, ансамбль народнай песні “Сваякі”, тэатр мініяцюр “Кураж” (яго праграмы складаюць, у асноўным, жартоўныя нумары), танцавальны калектыў “Фэнтэзі”, аматарскае аб’яднанне пажылых людзей “Традыцыя” (яно праводзіць народныя абрады, удзельнікі яго выконваюць старадаўнія песні), народнае аматарскае аб’яднанне аўтарскай песні і паэзіі “Гармонія” і творчай інтэлігенцыі “Натхненне”. У ім занятыя майстры бісера- і саломапляцення, макрамэ, па вырабе мяккіх цацак, вязання, а ўся ўстанова аформлена карцінамі нашых мастакоў.

Каранавірус, само сабой, на працу паўплываў, аднак не спыніў яе. Рыхтуем праграмы наперад, напрыклад, мюзікл “Бураціна”. Але рэпеціруем не поўнымі складамі фарміраванняў. На выставу жывапісцаў прапускалі народ дазавана, і яшчэ перад будынкам усталявалі шчыт з работамі, каб жыхары аграгарадка хоць так маглі з імі азнаёміцца. Правялі некалькі сустрэч з лекарамі — таксама з абмежаваным лікам людзей, — якія распавядалі аб прафілактыцы віруса. Тыя з гурткоўцаў і ўдзельнікаў калектываў, што з’яўляюцца ў ДК, абавязкова павінны быць у масках. Гэта тычыцца і ўсіх супрацоўнікаў установы. Хто не змог набыць маскі, могуць звяртацца да мяне — я паспеў зрабіць запас. Да абавязковых мер адносіцца і апрацоўка рук антысептыкам. Тэхнічныя служачыя апрацоўваюць ім і ўсе памяшканні. Звычайна мы праводзім шмат мерапрыемстваў на хаце — пераважна для пажылых. І ў гэты няпросты час на іх не забыліся — аказваем ім дапамогу па гаспадарцы, прыносім прадукты. Стараемся неяк падбадзёрыць, усяляючы надзею, што хвароба абавязкова пройдзе. І самі спадзяемся на хуткае лепшае!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"