Тэатральная сямейнасць

№ 14 (1453) 04.04.2020 - 11.04.2020 г

Мы ганарымся сваімі землякамі. І, нягледзячы на тое, што яны знаходзіліся далёка ад роднай Свіслаччыны — тыя людзі духоўна застаюцца часціцай зямлі, на якой нарадзіліся, часціцай спадчыны нашага краю. Выбітная яўрэйская актрыса і буйны тэатральны дзеяч Эстэр Рахель Камінская (у дзявоцтве — Гальперн) нарадзілася ў мястэчку Поразава Гродзенскай губерні 10 сакавіка 1868 года.

/i/content/pi/cult/792/17046/02.JPGУ 1892 годзе яна дэбютавала ў тэатры “Эльдарада” ў Варшаве, выконваючы легкаважкія ролі ў легкадумных аперэтах-аднадзёнках, у слязлівых меладрамах. Але ў 1900 годзе, як бы азначаючы пачатак бурнага стагоддзя, Эстэр Рахель, якая стала да таго часу вядучай актрысай трупы, настаяла на ўключэнні ў рэпертуар п’ес Д. Пінскага, І. Перэца і Я. Гордзіна, у якіх раскрылася яе своеасаблівая сцэнічная здольнасць.

Выкананне рэалістычных роляў у п’есах Гордзіна — Хасі ( “Сіротка Хася”), Эсфіры ( “За акіянам”), Мірэлы Эсфор і іншых паказала, на што здольная былая дзяўчынка са Свіслаччыны.

Выдатнае веданне яўрэйскага местачковага побыту, велізарны тэмперамент актрысы прынеслі ёй заслужаны поспех. З вялікай сілай і гарачынёй перадавала Камінская душэўныя перажыванні сваіх гераінь — простых яўрэйскіх жанчын. Выступала яна і ў перакладным рэпертуары.

У 1903 годзе Эстэр Рахель упершыню выехала на гастролі ў Расію (Пецярбург, Кіеў, Адэса). Пасля вяртання ў Варшаву яна арганізавала і ўзначаліла “Літаратурную трупу” (1907 — 1910), у рэпертуары якой былі п’есы рускіх і замежных аўтараў: “На дне”, “Дама з камеліямі”, “Нара”... У наступныя гады — з 1905 па 1919 — яна гастралявала са сваёй трупай у Расіі і ЗША, а з 1920-га па год сваёй смерці — 1925 — выступала толькі ў Варшаве.

Па тэатральнай і артыстычнай дзейнасці Эстэр Камінскай існуе шырокая літаратура на яўрэйскай, польскай і рускай мовах: вядомы савецкі літаратар Н. Ойслэндэр напісаў некалькі кніг — “Ідышэр тэатр” (Масква, 1940 год) “Брыв фун Эстэр Рахель Камінскі” (Вільня, 1927 год), а Грудберг — Туркоў І. — “Дзі маме Эстэр Рахель” (Варшава, 1953 год). Шмат пісаў пра яе і вядомы маскоўскі тэатральны крытык Яўген Якаўлевіч Геніс на пачатку 60-х гадоў.

У тэатральнай справе “сямейнасць” заўсёды заахвочвалася, яна называецца тэатральнай дынастыяй, сямейнымі традыцыямі і з задавальненнем прасочваецца — чым далей, тым лепш.

/i/content/pi/cult/792/17046/03.JPGІда Камінская — дачка знакамітай Эстэр Камінскай. Пра яе дзяцінства, як і дзяцінства ўсіх “тэатральных” дзяцей, добра напісала Маргарыта Уладзіміраўна Алтаева-Ямшчыкова: “Няньчылі яе акцёры. За кулісамі яна была як дома: яе перадавалі з рук у рукі; з самага ранняга дзяцінства яна перагледзела прорву п’ес, прымала ўдзел у спектаклях яўрэйскай перасоўнай трупы, што гастралявала па гарадах Літвы і Польшчы”.

Дэбют юнай Іды адбыўся ў 1903 годзе (так-так, дзяўчынцы было ўсяго чатыры гады) — у п’есе Давіда Пінскага “Маці”. З 1916 года яна іграе ў яўрэйскай аперэце, а праз год сканчае ў Варшаве драматычную школу, прымае ўдзел у пастаноўках, якія ажыццяўляюцца яе мамай.

У 1921 — 1928 гадах Іда Камінская разам з мужам, рэжысёрам З. Турковым кіруе Варшаўскім мастацкім яўрэйскім тэатрам (ВИКТ), у якім выступае як актрыса і рэжысёр. У 1933 годзе Іда засноўвае свой уласны тэатр. Яна працягнула незабыўныя традыцыі ігры сваёй вялікай маці, яшчэ больш узмацняючы трагічныя рысы сцэнічных вобразаў. Нароўні з яўрэйскай класікай і сучаснымі п’есамі Іда ставіла ў кіраваных ёй тэатрах і “Братоў Карамазавых” па Дастаеўскім, і “Мяшчан”, і “Аптымістычную трагедыю” У. Вішнеўскага, і “Ваўкоў” Р. Ролана, і “Пана Аівяльскага” Фрэда ды іншае. Маміна школа адбіваецца і ў тым, што сама Іда з’яўлялася аўтарам камедыі “Быў некалі цар...”, напісанай у 1929 годзе; у той жа час яна паспяхова выступала ў трагічных ролях: Мірэлы Эфрас, Норы, Лаурэнсіі, Кручынінай — за гэтую ролю яна атрымала Дзяржаўную прэмію ў 1949 годзе; Кураж (“Матуля Кураж і яе дзеці” Брэхта), Эстэль (“Юліус і Этэль” Кручкоўскага) і гэтак далей.

У 1912 годзе Эстэр Рахель і Іда Камінскія ўпершыню зняліся ў кіно. Рэжысёр М. Таўбін экранізаваў “Мірэла Эфрас” Я.  Гордзіна. Галоўную ролю ў фільме выканала Эстэр, а трынаццацігадовая Іда выступіла ў эпізадычнай ролі. Поспех спадарожнічаў і карціне “Ткіес каф” (“Змова”, 1923). Рэжысёр Зігмунд Туркоў зняў у ёй сваю жонку і яе маму. Апошняй сумеснай працай у кіно маці і дачкі Камінскіх стаў фільм “Зарок” (які выйшаў на экраны ў 1924 годзе). Самастойна Іда знялася ў карцінах “Кара Божая” і “Двумужніца” (абедзве — 1913), а праз тры гады — у фільме “Шлюб на раздарожжы”. У 1939 годзе выйшла яе апошняя даваенная работа — фільм “Бяздомныя”.

Другая сусветная вайна прымусіла Іду Камінскую пакінуць Польшчу. Яна збегла ў Савецкі Саюз, дзе кіравала Дзяржаўным тэатрам у Львове, які з пачаткам ліхалецця быў эвакуіраваны і знаходзіўся ў гарадах Сярэдняй Азіі. І ўсё ж у Савецкай Расіі Камінская прапрацавала нядоўга — у 1947 годзе яна вяртаецца ў Польшчу, дзе кіруе яўрэйскімі тэатрамі ў Лодзі (1949 — 1953) і Вроцлаве (1953 — 1955). У 1949 годзе Варшаўскі яўрэйскі камерны тэатр быў ператвораны ў Дзяржаўны яўрэйскі тэатр, якому было прысвоена імя Эстэр Рахель Камінскай. А яе дачка Іда аж да 1968 года была мастацкім кіраўніком тэатра імя мамы.

Пяцідзясятыя гады — гэта гады замежных гастроляў: Англія, Францыя, Бельгія, Германія, Галандыя і Ізраіль.

У 1965 годзе на кінаэкраны розных краін свету выходзіць фільм чэхаславацкіх рэжысёраў Я. Кадара і Э. Клоса “Крама на плошчы”. У 1966 годзе гэты фільм пра трагедыю яўрэйскага народа (галоўную ролю ў стужцы выканала Іда Камінская) быў уганараваны прэміяй “Оскар” Амерыканскай кінаакадэміі ў намінацыі “Лепшы замежны фільм года”, а таксама атрымаў і мноства іншых прэмій і прызоў, сярод якіх — прэмія міжнароднага кінафестывалю ў Канах, Дзяржаўная прэмія ЧССР.

Аўтар дзвюх п’ес, перакладчыца на ідыш каля 60 п’ес замежных аўтараў, рэжысёр-пастаноўшчык 65 спектакляў і выканаўца 124 роляў у тэатры і кіно Іда Камінская памёрла ў 1980 годзе ў Нью-Ёрку.

Вольга ШКУЛЕПА, старшы навуковы супрацоўнік Свіслацскага гісторыка-краязнаўчага музея