Раман Волазнеў: “Для “Сла­вян­ска­га ба­за­ру” я не­фар­мат­ны”

№ 12 (1451) 21.03.2020 - 27.03.2020 г

Раман Волазнеў, які сёлета прадставіць Беларусь у конкурсе выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск — 2020”, добра вядомы аматарам папулярнай музыкі і аматарам песенных конкурсаў і тэлешоу. Сваю музычную кар’еру ён пачаў яшчэ ў дзяцінстве — напрыклад, ва ўзросце 10-ці гадоў ужо быў фіналістам нацыянальнага адбору на “Дзіцячае Еўрабачанне”, неўзабаве ў Беларускім дзяржаўным тэатры музычнай камедыі іграў у спектаклі “Новыя брэменскія музыканты”, потым станавіўся лаўрэатам мноства іншых конкурсаў — у тым ліку і “Детской Новой волны”, спяваў дуэтам з эстраднымі зоркамі — асабліва многа з Уладзімірам Прасняковым.

/i/content/pi/cult/790/17015/09.JPGЗа свой аўтарскі талент атрымліваў прызы ад Саюза кампазітараў Беларусі пад старшынствам Ігара Лучанка, за свае джазавыя ўменні, як вакаліст і піяніст — прызы на джазавых конкурсах. Скончыў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў — быў стыпендыятам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Як аўтар і аранжыроўшчык папрацаваў са многімі беларускімі і расійскімі папулярнымі артыстамі. Летась яскрава паўдзельнічаў у расійскім тэлешоу “Голас”, дзе яго музычны талент высока ацаніў Канстанцін Меладзэ… — у свае 23 гады Раман Волазнеў усё паспеў. Калісьці малады артыст выступаў у дзіцячым конкурсе “Славянскага базару ў Віцебску”. А вось цяпер выйграў дарослы беларускі адбор, які прайшоў тыдзень таму ў Лідзе. Перамога далася няпроста — сярод канкурэнтаў было мноства моцных вакалістаў. Але чым вызначыўся менавіта Раман — непадобнасцю да іншых і сваім аўтарскім падыходам да песень.

— З якім настроем вы ішлі на конкурс, ці разлічвалі на перамогу?

— У мяне такі падыход, што калі не разлічваць на перамогу, то і не варта ўдзельнічаць. Я ведаю, што справа гэта непрадказальная — а ў мяне вялікі конкурсны вопыт — асабліва, калі спаборнічаць даводзіцца з вельмі таленавітымі людзьмі. Так што я спадзяваўся на перамогу, але не быў у ёй упэўнены. Я разумеў, што трохі адрозніваюся ад астатніх канкурсантаў, бо ў мяне быў іншы фармат выступлення — мне хацелася стварыць такі музычны перформанс. У нейкім сэнсе я нефарматны для “Славянскага базару”, таму і не быў упэўнены. Але ўсё атрымалася.

— Лічыцца, што на падобных конкурсах перавагу маюць вакалісты з моцным голасам, таму што там трэба вельмі гучна спяваць. Ці можаце вы назваць сябе вакалістам у такім “конкурсным” разуменні? Памятаю, як на нядаўнім расійскім тэлешоу “Голас” Канстанцін Меладзэ, у чыю каманду вы трапілі, сказаў, што вы мысліце не столькі як вакаліст, колькі як музыкант.

— Для мяне “проста вакаліст” — без добрай музычнай адукацыі, без уласнай музыкі, без разумення, як музыка ствараецца, па якіх прынцыпах гучаць інструменты і якімі сродкамі што дасягаецца, — гэта нейкі дастаткова аднабокі чалавек. І такіх у нас, сапраўды, вялікае мноства. Я ж не падзяляю сябе на вакаліста і музыканта, не лічу гэта правільным. Слушнасць такога падыходу пацвярджаецца ўсёй сусветнай музычнай культурай — цікавы якраз такія спевакі, якія адначасова і музыканты, менавіта іх песні маюць каштоўнасць і жывуць доўгія гады. Дарэчы, калі б я нават не перамог у адборы ў Лідзе, для сябе самога я ўсё роўна атрымаў перамогу ў тым, што справіўся не толькі з чыста музычным складнікам, але і з вакальным — паказаў даволі высокі ўзровень. Бо ў мяне былі дастаткова складаныя песні, і не кожнаму прызнанаму вакалісту яны былі б па сілах.

— Сёлета вы будзеце прадстаўляць Беларусь у конкурсе “Славянскага базару ў Віцебску”, а праект Val, з якім вы калісьці супрацоўнічалі, — перамог на нацыянальным адборы на “Еўрабачанне”…

— Я вельмі рады за Val, і сапраўды бачу ў гэтым нейкае шчаслівае супадзенне, бачу тэндэнцыю. Мы даўно знаёмыя, Улад Пашкевіч проста мой блізкі сябра: я быў суаранжыроўшчыкам песень праекта Val, выступаў з ім. Насамрэч у нас нямала музыкантаў, якія ствараюць актуальную музыку, але пры гэтым застаюцца ў ценю. І ў нас ёсць мноства слухачоў, якія любяць такую музыку, і знаходзяць яе на Захадзе, у Расіі, ва Украіне — але чамусьці не ў Беларусі. У маладых беларускіх музыкантаў існуюць пэўныя страхі, што іх не ацэняць, не зразумеюць, не пачуюць, не дадуць дарогі, калі яны будуць рабіць нешта актуальнае: падставы для падобных сумненняў ёсць. Перамога Val у нацыянальным адборы для мяне як знак таго, што нешта змяняецца ў правільным накірунку.

У прынцыпе, я не магу сказаць, што ў Беларусі не гучыць добрая сучасная музыка — ды й мае песні пастаянна ў радыёэфірах. Але нямногія нашы музыканты яе робяць: неверагодна таленавітыя людзі потым сутыкаюцца з тым, што іх творчасць мала каму патрэбная. А іншым артыстам з добрымі вакальнымі дадзенымі самім не хапае пачуцця густу, камусьці не хапае смеласці і рашучасці. Пры тым, што маладым музыкам у нас даюць вельмі добрую адукацыю. Асабіста я атрымаў цудоўную базу ў каледжы мастацтваў, у мяне былі выдатныя выкладчыкі, з дапамогай якіх я здолеў развіць свае музычныя таленты — як і іншыя, хто са мной вучыўся. Напрыклад, мой аднакурснік Міхаіл Сасуноў — Мichael Soul — вельмі добры артыст і музыкант: зараз у яго развіваецца кар’ера, але ж не сказаць, каб абставіны яму спрыялі і ў беларускіх конкурсах яго вельмі цанілі.

— Для ўдзелу ў адборы да “Славянскага базару ў Віцебску” вы на некалькі дзён прыехалі ў Беларусь з Масквы. Якія ў вас справы ў Маскве?

— Я вучуся на гукарэжысёра ў ГИТИСе, вучуся завочна — мне застаўся пяты курс і дыплом. Акром таго, у мяне многа музычнай працы: я часта выступаю як артыст — са сваім аўтарскім рэпертуарам, і на нейкія прыватныя мерапрыемствы мяне запрашаюць паспяваць каверы. І яшчэ я пішу вельмі многа музыкі для іншых артыстаў, займаюся саўндам, раблю аранжыроўкі, звядзенне, мастэрынг і да таго падобнае.

— Ці можаце назваць вашы аўтарскія песні, якія выконваюць папулярныя расійскія артысты?

— Я не маю магчымасці канкрэтна ўказаць на многія мае аўтарскія творы, таму што існуе такая рэч як ghost production (смех). Зараз гэта вельмі распаўсюджаная з’ява — калі ты пішаш для кагосьці песні і адмаўляешся ад аўтарства. А так — я шчыльна супрацоўнічаю з Аляксеем Вараб’ёвым: нядаўна выйшла песня “Подоконник на шестом”, для якой я цалкам рабіў увесь прадакшн. Многа працую з Мотам, з артыстамі лэйбла Цімаці Black star — з AMCHI, напрыклад, i з iншымi, хто трапілі на лэйбл пасля тэлевізійнага праекта “Песні” на тэлеканале “ТНТ”. Як у спевака і аўтара ў мяне ў хуткім часе будуць цікавыя калабарацыі — дуэты з рознымі артыстамі. Ужо выйшаў і стаў дастаткова папулярным мой дуэт з M’Dee — гэты казахскі выканаўца зараз працуе на лэйбле Скрыптаніта, наша сумесная песня называецца “Под небом твоим”.

— Я так разумею, што па вялікім рахунку беларуская сцэна вас ужо згубіла, і вы развіваеце ў асноўным расійскую поп-музыку і менавіта там бачыце сваю будучыню?

— Я не думаю, што згубіла. Да таго ж, грань паміж беларускім шоу-бізнесам і расійскім вельмі тонкая. Я дагэтуль супрацоўнічаю са многімі беларускімі артыстамі і праектамі, пэўны час працаваў у ансамблі “Сябры” — нават выступаў з імі на сцэне. Пісаў я музыку і для ўнука Анатоля Ярмоленкі — DJ Анатоля: яшчэ калі Ціма Беларускіх не быў “Беларускіх”, мы з ім рабілі альбомы для малодшага Анатоля. На нядаўняй беларускай “Песні года” гучала нямала маіх трэкаў ад маладых артыстаў. Мае песні ці з маімі аранжыроўкамі спяваюць Ягор Шаранкоў, Яна Громава, Вераніка Цубікава, Улад Чыжыкаў, Аляксей Грос, Дзiма Ермузевiч… Але я працую не толькі на Расію і Беларусь — насамрэч, у мяне вялізная колькасць праектаў і ў іншых краінах. Па такім прынцыпе можна сказаць, што я развіваю музыку Дубаі — бо і там у мяне ёсць праца. (смех)

І я заўсёды з радасцю адгукаюся на ўсе беларускія прапановы. Нават крыху крыўдна, што мяне так мала куды-небудь запрашаюць. Можа, думаюць, што я заняты, не прыеду ці нешта падобнае. Але я наадварот — гатовы памяняць свае планы, каб толькі паўдзельнічаць у беларускай праграме, праекце, фестывалі. Да таго ж, я нярэдка бываю ў Мінску, а ў сувязі з падрыхтоўкай да “Славянскага базару ў Віцебску” і яшчэ часцей буду бываць.

— Гэты віцебскі фестываль вам знаёмы з маленства — вы ўдзельнічалі яшчэ ў дзіцячым конкурсе. І ўвогуле прайшлі праз вялікае мноства спаборніцтваў. Як пачытаеш вашу біяграфію, такое адчуванне, што ўсё сваё яшчэ нядоўгае жыццё вы працавалі, і дзяцінства ў вас практычна не было.

— Дык гэта ж класна, калі дзіця ўвесь час чым-небудзь добрым занятае! У маім дзяцінстве мне хапала забаў і я не лічу сябе ў нечым абдзеленым. Па меншай меры, я ўжо з ранняга ўзросту разумеў, што такое самому зарабляць сабе на жыццё. Таму што, напрыклад, сваю першую аўтарскую песню, за якую мне заплацілі грошы, я напісаў у 12 гадоў. Гэтая цікавая гісторыя звязаная з тым, як я пачаў займацца менавіта аранжыроўкамі і музычным прадакшнам. У мяне тады была хваля некаторай вядомасці, звязаная з удзелам у фестывалі “Детская Новая волна”, і да мяне звярнуўся адзін чалавек з Краснаярска з просьбай напісаць гімн для парашутнай каманды. Я і песню напісаў, і аранжыроўку зрабіў, і запісаў — у студыі мне дапамаглі больш дарослыя калегі па гукарэжысуры. І той чалавек — па розных прычыных я не хацеў бы называць яго імя — спытаў: “Што табе трэба, каб ты мог самастойна ўсё рабіць, сам запісваць песні на студыі ў сябе дома?” І дапамог з усім гэтым. Каб вы зразумелі памер дапамогі — я дагэтуль запісваю песні на той мікрафон, які ён мне тады падарыў. Гэтаму чалавеку я заўсёды буду шчыра ўдзячны.

— У Віцебску вы плануеце выступаць з тымі ж конкурснымі песнямі, што і ў Лідзе, ці будзеце нешта змяняць? І ці думаеце ўжо пра наступныя фестывалі і конкурсы?

— Канешне, штосьці давядзецца дапрацоўваць — хоць бы таму, што ўсё трэба будзе зрабіць адпаведным такой вялікай пляцоўцы, як сцэна віцебскага амфітэатра, і жывому аркестру ў нацыянальны конкурсны дзень. Пакуль адназначна не магу сказаць, ці памяняю я другую кампазіцыю, але дакладна, што “песняй беларускага аўтара” будзе менавіта мая аўтарская “Свяча” на верш Максіма Багдановіча. Што яшчэ з конкурсамі — думаю, можа, як-небудзь паспрабую сябе на дарослай “Новой волне”, і, канешне, на “Еўрабачанні”. Але на “Еўрабачанне” я падам заяўку толькі тады, калі ў мяне будуць абсалютна бясспрэчныя песня і нумар, яскравыя і пераканаўчыя.