З планам і без

№ 12 (1451) 21.03.2020 - 27.03.2020 г

Беларуская стужка стала пераможцай кінафестывалю
Міжнародны кінафестываль кароткага метра “Нефільтраванае кіно”, у конкурснай праграме якога сёлета былі сабраныя 29 стужак з больш чым 15 краін, упершыню за сваю шасцігадовую гісторыю прысудзіў Гран-пры беларускай стужцы. Пераможцам унікальнага форуму са сваёй канцэпцыяй і адметнай атмасферай стала дакументальная карціна Алеся Лапо, знятая на студыі “Летапіс” — “Усе мерапрыемствы згодна з планам”. Фільм быў прызнаны лепшым не толькі ў сваёй секцыі — беларускага кіно, але ўзяў і галоўны прыз.

Нефарматная пляцоўка “Нефільтраванага кіно”, якім столькі гадоў кіруе кінаман і энтузіяст Аляксандр Мартынюк, — гэта сапраўдная магчымасць для рэжысёраў з усяго свету патрапіць у поле дасціпнага і сур’ёзнага кіно, зробленага як прафесіяналамі, так і аматарамі. Фільмы-ўдзельнікі такіх сусветных форумаў як Берлінале, Канскі кінафестываль суседнічаюць у конкурсе з карцінамі малавядомых аўтараў — і ад гэтага суседства становіцца толькі цікавей. Бо “Нефільтр” на тое ён і не фільтр, каб стварыць асаблівую пляцоўку для зносін, дзе рэгаліі не маюць асаблівага значэння, а важны — менавіта дыялог, пошук межаў паміж кіна- і медыямовай, нечаканыя тэмы, формы кіно.

У праграме фэсту можна знайсці секцыі анімацыі, дакументальнага, ігравога кіно, а таксама і эксперыментальнага; беларуская праграма збіраецца з, лічы, апошніх навінак, якія могуць “заходзіць” на тэрыторыю медыя, а таксама быць і цалкам у рэчышчы “класічнага” кіно.

“Усе мерапрыемствы згодна з планам”: у дадзеным азначэнні — гэта і ёсць дакументалістыка, якая бліжэй да знаёмага метаду адкрытага назірання за героем. Малады і амбітны работнік культуры Дзяніс Дашкевіч плануе адкрыць у аграгарадку курсы камп’ютарнай пісьменнасці для пажылых людзей. Разам з калегай па ўстанове культуры ён абыходзіць дамы вёскі і запрашае сталых вяскоўцаў запісацца на навучанне. Аднак справа не ладзіцца. У людзей увесь час знаходзяцца неадкладныя клопаты, якія ўсё ніяк не стасуюцца з курсамі. У кагосьці — гарод, у кагосьці — унукі, а хтосьці толькі вось пахаваў мужа. “Мерапрыемствы…” падаюцца амаль такой замалёўкай па тэме, аднак эскізныя партрэты жыхароў аграгарадка зліваюцца ў адно аблічча.

У стужцы Алеся Лапо шмат гумару, у яго сімпатычны і апантаны герой, які амаль як Д’Артаньян з паламанай рукой хоча навучыць людзей валодаць камп’ютарам, але вось асяродак не адгукаецца. Разам са смехам непазбежна паўстае і сум: вось вам — і шчырая ініцыятыва, і асабістае запрашэнне, але штосьці не гатовы сельскі жыхар далучыцца да прагрэсу. Фільм, які доўжыцца трынаццаць хвілін, становіцца акенцам у свядомасць вясковага беларуса. Сярэднія планы людзей вёскі ў іх атачэнні, вясковая бібліятэка, на стале якой стаяць лэптопы, за якімі ніхто не сядзіць, і рэпетыцыя чарговай дыскатэкі…

Журы аднагалосна аддало Гран-пры Алесю Лапо за ўменне проста і нязмушана расказаць пра сур’ёзныя рэчы. Спадзяемся, што у гледача, нягледзячы на сітуацыю з пандэміяй каранавіруса, яшчэ будзе магчымасць пазнаёміцца з гэтай работай на вялікім экране.

І выдатна, што на карце культурных падзей Мінска, ёсць такі фестываль, што дазваляе ўбачыць падобнае кіно.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"