Пра лёсы ды здзяйсненні

№ 11 (1450) 14.03.2020 - 21.03.2020 г

Зала славы кіраўнікоў Мінска
Як “К” паведамляла ў папярэднім нумары, 3 сакавіка ў Мінскай гарадской ратушы адбылася прэзентацыя серыі жывапісных работ “Імя ў гісторыі Мінска. Гістарычныя асобы ў партрэтах сучасных мастакоў”, прымеркаваная да даты першай летапіснай згадкі пра горад у “Аповесці мінулых гадоў”. На шасці партрэтах прадстаўленыя гістарычныя асобы, якія ў розныя часы кіравалі Мінскам і яго ваколіцамі. У дзень прэзентацыі пра лёсы і здзяйсненні колішніх кіраўнікоў Мінска распавялі даследчыкі іх біяграфій — кандыдаты гістарычных навук Сяргей Тарасаў, Алег Дзярновіч і Андрэй Кіштымаў. Прапаноўваем агляд цікавостак з гэтай лекцыі-экскурсіі.

/i/content/pi/cult/789/17006/026.JPGПершы мінскі князь

Аблічча Глеба Усяславіча мы можам бачыць яшчэ на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу і сярэднявечных манетах, а для мінскай ратушы яго партрэт стварыў Уладзімір Тоўсцік. Дакладнай даты нараджэння Глеба мы не ведаем, але ўпершыню ён згадваецца ў летапісах акурат у 1067 годзе, адразу ж пасля першай згадкі пра Мінск у сувязі з бітвай на Нямізе між полацкімі і кіеўскімі войскамі. Праз чатыры месяцы пасля бітвы кіеўскія князі, браты Яраславічы, запрасілі полацкага князя Усяслава Чарадзея на Дняпро каля Оршы для перамоваў. Усяслаў прыехаў туды з двума сынамі, Яраславічы пакляліся на крыжы не рабіць ім шкоды — і тут жа парушылі сваю прысягу, узяўшы палачан у палон і кінуўшы ў поруб. Адным з гэтых двух старэйшых князевых сыноў (а ўсяго іх налічвалася пяць) і быў Глеб.

Як вядома, неўзабаве Усяслаў з сынамі выйшаў з порубу — яго вызвалілі жыхары Кіева, якія паўсталі супраць сваіх уладароў і пажадалі, каб полацкі князь узначаліў кіеўскае войска ў змаганні супраць полаўцаў. Пасля гэтага Усяслаў перанёс багата іншых нягодаў ды прыгодаў, і, пражыўшы яшчэ амаль чвэрць стагоддзя, памёр у 1101 годзе. Полацкае княства ён перад смерцю падзяліў паміж сваімі сынамі — так Глеб зрабіўся першым мінскім князем. Атрымаўшы пасад у Мінску, ён варагаваў са сваімі братамі і нават ваяваў супраць іх — але, тым не менш, працягваў і ўнутраную, і знешнюю палітыку свайго бацькі.

Аб праўленні Глеба распавядае археолаг, знаўца сярэднявечнага Мінска Сяргей Тарасаў. Горад на Нямізе ў часы Усяслава Чарадзея меў плошчу тры гектары, быў абнесены валам акружнасцю амаль у кіламетр, схілы якога былі ўмацаваныя 44 кубічнымі метрамі драўніны. Глеб жа ўмацаваў і павялічыў памеры замка: вышыня абарончых валоў пры ім дасягала васьмі метраў, а замкавыя сцены ўзвышаліся яшчэ на пяць. Таксама князь заклаў у замку мураваную царкву, якую, на жаль, не ўдалося дабудаваць. Пад уладай Глеба Усяславіча знаходзіліся землі ажно да Оршы і Копысі. Менскі князь быў настолькі заможным, што разам з жонкай ахвяраваў на патрэбы Кіеўскай Пячэрскай лаўры 140 кілаграмаў срэбра і 20 — золата.

Мінчукі і палачане ХІ стагоддзя адносіліся да розных плямёнаў — яшчэ Усяслаў Чарадзей заваяваў Мінск, дзе жылі дрыгавічы, і далучыў яго да свайго Полацкага княства, населенага крывічамі. Змагаючыся за новыя ўладанні, Глеб Усяславіч пастаянна супернічаў з кіеўскімі князямі за землі дрыгавічоў, а са смаленскімі — за Падняпроўе. Калі ў 1119 годзе кіеўскі княжыч Мсціслаў, сын Уладзіміра Манамаха, узяў Мінск у аблогу, Глеб Усяславіч з сям’ёй быў вымушаны выйсці з горада насустрач кіеўскаму войску, пасля чаго яго схапілі і даставілі ў Кіеў, дзе ў тым самым годзе ён і памёр — як мяркуецца, ва ўзросце каля шасцідзесяці гадоў. Сімвалічна, што “Аповесць мінулых гадоў”, якая апісвае падзеі ад заснавання свету, завяршаецца менавіта паведамленнем аб гэтым здарэнні.

Калі з’явіўся Верхні горад

Ян Глябовіч, выяўлены на карціне Уладзіміра Ганчарука, жыў у часы, калі Мінск ужо ўваходзіў у склад Вялікага Княства Літоўскага. Ён нарадзіўся ў 1544 годзе і ва ўзросце 19 гадоў падчас Лівонскай вайны ўдзельнічаў у абароне Полацка ад аблогі войскамі Івана Грознага. Падчас аднаго з рэйдаў за сцены замка Ян быў узяты ў палон і вывезены ў Маскву, дзе адзначыўся тым, што вёў з самім царом багаслоўскія дыспуты з пазіцый пратэстантызму — у выніку ў 1566 годзе яму ўдалося вярнуцца з палону на радзіму. Тут яго спрабавалі нават абвінаваціць у дзяржаўнай здрадзе, але Глябовічу ўдалося апраўдацца, давёўшы, што ён збіраў у Маскве разведвальную інфармацыю. Ужо ў 1571 годзе Ян Глябовіч быў прызначаны кашталянам у новаствораным Мінскім ваяводстве.

Гісторык Алег Дзярновіч удакладняе, што кашталян быў намеснікам ваяводы, але ў яго адсутнасць з’яўляўся фактычным кіраўніком замка і яго наваколля — а ваяводы ў падначаленыя ім замкі наведваліся надта рэдка. Пры Яне Глябовічы ў Мінску быў збудаваны першы кальвінскі збор — пратэстанцкі малельны дом. Ён стаяў на сённяшняй вуліцы Інтэрнацыянальнай, якая ў тыя часы з гэтай прычыны звалася Зборавай (на адрэзку ад плошчы Свабоды ў бок Гарадскога Вала).

Яшчэ ў 1547 годзе Мінск пацярпеў ад вялікага пажару, і з Вільні была прысланая камісія, якая вызначыла новы накірунак развіцця горада. Такім чынам узнік так званы Высокі рынак, альбо Верхні горад — раён на паўднёвы ўсход ад замка, які пачалі забудоўваць у стылі барока акурат падчас кіравання ў Мінску Яна Глябовіча. І менавіта ў тыя ж часы, у 1581 годзе, Мінск, разам з Вільняй і Навагрудкам, стаў адным з гарадоў, дзе засядаў найвышэйшы апеляцыйны судовы орган Вялікага Княства Літоўскага — Галоўны Трыбунал. Памёр Ян Глябовіч у 1590 годзе, пакінуўшы Мінск з зусім іншым абліччам і статусам, чым раней.

Яшчэ адзін Дзень горада

Партрэт Кшыштафа Станіслава Завішы таксама выканаў Уладзімір Ганчарук. Завіша, народжаны ў 1660 годзе, з 1685 быў мінскім старостам, а з 1720 — яшчэ і ваяводам. Ён вядомы сваімі літаратурнымі творамі ды мемуарамі, а таксама тым, што спрыяў пашырэнню асветы і развіццю духоўнага жыцця.

Менавіта падчас кіравання Кшыштафа Станіслава ў Мінску збудаваныя езуіцкі кляштар і калегіум з цяперашнім Архікафедральным касцёлам, дзе захоўвалася атрыманая Завішам ад Папы Рымскага хрысціянская рэліквія — частка мошчаў святога Феліцыяна, у гонар якога размешчаную непадалёк вуліцу назвалі Феліцыянаўскай (цяпер Камсамольская). А дата памінання Феліцыяна, 6 лютага, была ў XVIII стагоддзі своеасаблівым тагачасным Днём горада, бо святы лічыўся нябёсным апекуном Мінска.

Першае імя праспекта

Напрыканцы XVIII стагоддзя Мінск, у выніку раздзелаў Рэчы Паспалітай, апынуўся пад уладай Расійскай імперыі. Адным з самых вядомых кіраўнікоў Мінскай губерні быў другі па ліку — Захар Карнееў, які заняў гэтую пасаду ў 1796 годзе. Ягоны партрэт для мінскай ратушы выканаў Уладзімір Зінкевіч.

Менавіта пры Карнееве з’явіўся і пачаў рэалізоўвацца генеральны план Мінска, які ў многім сфарміраваў і вызначыў сённяшнюю планіроўку горада. Акурат паводле гэтага плана ўзнікла і вуліца Захар’еўская, названая ў гонар самога губернатара, якая ўжо ў ХІХ стагоддзі стала галоўнай гарадской артэрыяй, і сёння вядомая як праспект Незалежнасці. Таксама Захар Карнееў заклаў гарадскі парк, які тады называўся Губернатарскім садам, а сёння носіць імя Максіма Горкага.

Тэатр у ратушы

Сёмым па ліку мінскім губернатарам быў Вікенцій Гячан-Гячэвіч, партрэт якога таксама створаны Уладзімірам Зінкевічам. Гячан-Гячэвіч кіраваў у Мінску 13 гадоў, з 1818 да 1831 — на той час гэта быў вельмі доўгі тэрмін. Адметна, што ён быў адным з двух ураджэнцаў Беларусі на гэтай пасадзе (а ўсяго іх змянілася да 1917 года 30 чалавек). Як адзначае гісторык Андрэй Кіштымаў, цікава, што ў свой час Гячан-Гячэвіч распарадзіўся пераабсталяваць мінскую ратушу для патрэб гарадскога тэатра — то-бок, менавіта пры ім гэты будынак пачаў выкарыстоўвацца ў сферы культуры.

Адметна, што калі ў 1830 годзе на землях былой Рэчы Паспалітай пачалося паўстанне, адзін з сыноў губернатара служыў у царскім войску, а іншы апынуўся на баку інсургентаў. Тым не менш, гэта не перашкодзіла кар’еры самога Вікенція Гячан-Гячэвіча — ён пайшоў на павышэнне, і скончыў сваё жыццё ў Пецярбургу ў 1840 годзе.

Вуліца Чапскага

На апошнім партрэце серыі, выкананым Уладзімірам Тоўсцікам, можна пабачыць гарадскога галаву Мінска Караля Яна Гутэн-Чапскага, які займаў гэтую пасаду з 1890 па 1901 год. Гарадскі галава — пасада выбарная, і займаў яе Гутэн-Чапскі ажно тройчы — тры кадэнцыі па тры гады (быў абраны і чацвёрты раз, але адмовіўся з-за хваробы). Менавіта пры ім у Мінску з’явілася першая электрастанцыя, а на гарадскіх вуліцах — конка, таксама адкрылася скатабойня, што значна палепшыла санітарны стан горада. Для атрымання дадатковых даходаў на карысць горада былі нават выпушчаныя адмысловыя аблігацыі.

Караль Ян Гутэн-Чапскі пакінуў па сабе ў мінчукоў настолькі добрую памяць, што пасля яго смерці была вынесеная прапанова назваць у яго гонар вуліцу Міхайлаўскую (сённяшняя Камуністычная) — але, на жаль, гэта так і не здзейснілася. Хто ведае, мо ў будучыні вуліцы нашай сталіцы яшчэ атрымаюць імёны герояў гэтай жывапіснай серыі? А сцены ратушы, тым часам, чакаюць партрэтаў наступных кіраўнікоў Мінска, якія дбалі пра развіццё і добраўпарадкаванне горада ў ХХ стагоддзі.