Ян Яраш: “Быў рэальна шокавы стан”

№ 11 (1450) 14.03.2020 - 21.03.2020 г

Калі сёлета беларускі адбор на конкурс песні “Еўрабачанне” абышоўся без традыцыйных скандалаў, то чалавечую драму мы ўсё ж такі назіралі. Здавалася б, вось ён — наш удзельнік форуму — Ян ЯРАШ, але тут абвяшчаюць балы, атрыманыя дуэтам VAL пры глядацкім галасаванні, і... прабач-бывай, Ратэрдам, — будучая сталіца знакаміта-неадназначнага фестывалю. А, можа, яно і да лепшага, што ўсё так выйшла? Упэўнены, музычная кар’ера таленавітага выканаўцы і без дадзенага творчага спаборніцтва складзецца выдатна.

/i/content/pi/cult/789/17004/023.JPGЗ конкурсамі скончана?

— Што адчувае артыст, які ўжо адной нагой знаходзіцца на “Еўрабачанні”, а на самым фінішы галасавання яго абыходзіць іншы прэтэндэнт на паездку на конкурс?

— Я першапачаткова не меркаваў заняць высокае месца, на першае ўжо сапраўды не разлічваў. А члены прафесійнага журы раптам адзін за адным сталі ставіць мне вышэйшы бал. Заставалася справа за галасаваннем гледачоў. І тады падумалася, што якую ацэнку яны б ні паставілі, усё роўна на конкурс еду я — ніхто з канкурэнтаў ужо не зможа абагнаць. Быў рэальна шокавы стан. І тут мяне гледачы апусцілі на зямлю, даўшы ўсяго шэсць балаў. І гурт Chakras мяне нагнаў, а гурт VAL і ўвогуле перагнаў. Значыць, усё правільна, значыць, простым людзям іх нумар спадабаўся больш. Аднак мне вельмі прыемна, што менавіта міжнароднае журы адпаведным чынам адзначыла маю песню. Значыць, іду ў сваёй творчасці дакладнай дарогай, а любоў публікі... прыйдзе. Яна ўжо прыйшла — праўда, не масавага слухача. А ці стрэсануў я ад таго павароту падзей, аб якім ты казаў? Безумоўна.

— На мой погляд, кампазіцыя Fire, з якой ты “адбіраўся”, што б хто ні казаў, цалкам у фармаце “Еўра”. На ім перамагаюць і ў “топах” альбо безумоўныя баевікі, альбо вось такія песні — здавалася б, не хітовыя (ужо прабач), але вельмі прафесійна, класна зробленыя, стыльна аранжыраваныя.

— Калі казаць аб нашым з хлопцамі-інструменталістамі нумары наогул, яго нельга было сапсаваць. Ён не складаны — там няма харэаграфіі, працы з тэлекамерамі, з заднікам сцэны. Але ён — так, дужы. Лаканічны, інтэлігентны. Я разумею, што “Еўрабачанне” — гэта перш за ўсё шоу. Аднак і нармальным песням на конкурсе месца знаходзіцца. Fire — песня нармальная. З вакалам, з музыкай, з гісторыяй. Прыгожы, якасны прадукт. Пра яго 80 працэнтаў журналістаў казала так: “Як ты сабе ўяўляеш гэтую песню ў рамках шоу-конкурсу?” А мне не цікава шоу. Мне цікава пісаць нармальныя песні, выконваць іх, граць нармальную музыку. Можа, конкурсы — сапраўды не маё?

— Адсюль падрабязней, калі ласка. Дзядзька Ваня мне неяк сказаў, што ён, было, “падсеў” на конкурсы, раз за разам прымаючы ўдзел у іх. За тваімі плячыма таксама не адзін конкурс…

— Конкурс — выдатная магчымасць самапіяру — і аблічча творчага, і, уласна, твару чалавека. Артысту ж, калі ён не моцна пажылы, натуральна, хочацца даваць больш канцэртаў. І калі выканаўца не занадта вядомы, папулярныя конкурсы і даюць яму магчымасць заявіць аб сабе вялікай аўдыторыі, стаць вядомым. Гэта самы танны спосаб прарэкламаваць уласнае імя. Тым больш, калі музыка ў спевака першапачаткова не камерцыйная, не адкрыта на продаж — як у маім выпадку. А бацькі мае не нафтавікі. І прадзюсары не ліпнуць. Я б, дарэчы, не адмовіўся ад тлумачальнага маркетолага. Расейцы прапаноўвалі сябе ў прадзюсары, прапаноўвалі кантракты — кабальныя, тэрмінам ад пяці да дзесяці гадоў, што мяне, вядома, не прывабіла.

Ідучы на тэлеконкурсы — іх у мяне... шэсць, ці што, — я заўсёды наступаў на адны і тыя ж граблі, заяўляючы песні не для шырокай аўдыторыі гледачоў: іх маглі ацаніць прафесіяналы, але не масавы слухач. І я прынцыпова адмаўляўся прымаць тыя правілы гульні, якія дыктавалі праекты, што трэба курчыць з сябе пакутніка, распавядаць пра пераадоленне жыццёвых цяжкасцяў, “гнаць” іншую сацыялку. Гледачам, мне казалі, былі патрэбныя менавіта такія “сторыз” — з трагедзінкай, а не мае аповеды аб занятках фартэпіяна і вакалам па восем гадзін у дзень. Вось усе мае цяжкасці. І на фрыка я, вядома, не цягну, на тэлевізійнае “гарматнае мяса”, калі людзі прыходзілі на конкурсы чыста па прыколе, для “хайпа”, паржаць. Ці калі з людзей рабілі немаведама што. Гледзячы на гэта, мне рэальна станавілася не па сабе, думаю, і для іх псіхікі падобныя метамарфозы бясследна не праходзілі. Я не белы і пухнаты, і таксама спрабаваў розныя мадэлі паводзін, аднак заўсёды заставаўся чалавекам, а на паказ канфліктным, плеткаром, байкапісцам быць не магу. Дабіла ж тое, што адбылося на ўкраінскім “Х-фактары”, калі яго ўдзельнікі ўсталі ў лінію і па камандзе кінуліся да супрацьлеглай сцяны, на якой віселі паперкі з назвай песні, што трэба вывучыць за дзень. Натуральна, гэты “статак” па тэлевізары і паказалі, а не мяне, які спакойна ішоў ззаду ўсіх. Напэўна, тады я і вырашыў: больш удзельнічаць у падобных конкурсах не буду. Дык што, толькі адна мая “голая” творчасць не моцна цікавіла тэлебачанне? Крыўдна, ёсць такое. Зрэшты, адкрыты “зашквар” характэрны менавіта для “X-фактару”. Украінскі “Голос країни”, расійскія “Голас” і “Песні” значна інтэлігентней. На ўкраінскім праекце працавалі класныя менеджары і настаўнікі — я, між іншым, да Славы Вакарчука трапіў. Усё было па-людску, усё рабілася для таго, каб удзельнікі адчувалі сябе камфортна, розныя службы пад іх падладжваліся, не апускалі адмыслова ў нейкія неймаверныя ўмовы, як на тым жа “...Фактары”, калі адна са здымак скончылася ў дзесяць вечара, у дзве гадзіны ночы нас пасадзілі ў аўтобусы, адвезлі за 50 кіламетраў ад Кіева, засялілі ў жудасную, халодную гасцініцу і пад’ём прызначылі на шэсць раніцы. Расійскія “Песні” проста суперарганізаваная машына, дзе ўдзельнікам з іншых краін аплачвалі пералёты, пражыванне, харчаванне. Але такому няньканню трэба было адпавядаць — заўсёды ўсё рабіць на здымачнай пляцоўцы па раскладзе.

Без “БЕЗ БИЛЕТА”

— Для цябе стала сюрпрызам, што Віталь Артыст у канцы мінулага года распусціў свой гурт “БЕЗ БИЛЕТА”?

— Я прыйшоў у яго ў 2011-м, калі мне было 17. Прыйшоў, лічу, у пару самага росквіту каманды, адыграў у ёй гады тры. І з Віталікам пасля мы размаўлялі ўсё менш і менш... Так, дзіўнае рашэнне. Нядрэнна ведаючы Артыста, яго схільнасці ў чымсьці да “аферыстычных” учынкаў, ставіўся да заяваў Віталіка пра “закрыццё” ў снежні гурта як да чарговага маркетынгавага ходу. Я спрабаваў з ім пагаварыць на адборы на “Еўра” на гэтую тэму, аднак ён гаварыць адкрыта не стаў... Мне вельмі добра працавалася ў “БЕЗ БИЛЕТА” — шмат гастроляў, поўныя залы. Неверагодны вопыт набыў, будучы ў гурце.

— Тады чаму з яго сышоў?

— Пытаннейка ты задаў... Зараз падумаю... Успомню... Паралельна з “БЕЗ БИЛЕТА” я граў у нейкіх складах кавера і ў гурце Yellow Brick Road. З маім прыходам калектыў пачаў больш эксперыментаваць з гучаннем “змешваючы” Led Zeppelin і Depeche Mode. У “БЕЗ БИЛЕТА” мы з Віталікам старанна, плённа працавалі з сінтэзам гуку, наогул Артыст шмат у мяне чаго музычнага ўклаў. І вось гэтыя мае клавішныя навыкі я ўжываў і ў Yellow Brick Road. А тут у Мінску адбыўся канцэрт Depeche Mode. Так атрымалася, на яго я прайшоў за пляшку каньяку. І дзве з паловай гадзіны, разявіўшы рот, глядзеў надзвычайны канцэрт. З таго моманту і зразумеў, што хачу граць сваю музыку. Сваю, сваю, сваю... У “БЕЗ БИЛЕТА” “граў” думкі, якія хацеў выказаць Віталік. Пагаварыў з ім, растлумачыў, ён усё зразумеў.

— Мне вельмі падабаецца тое, што ты робіш. Але я разумею: на тваю стыльную, прыгожую, абсалютна сучасную якасную заходнюю музыку наўрад ці “дзяўбне” масавы айчынны слухач, якому бліжэй усе гэтыя славянскія “хоп-хэй, лала лэй”, хай даруе мне выдатны Агуцін. Ты сам разумееш тое ж?

— Я ж гады чатыры шукаў патрэбную стылёвую асаблівасць. І сачыў за тым, ці “трапляю” ў масавага слухача ці не. У мяне розныя па накіраванасці, па структуры, па аранжыровачнай думцы песні — нават у тым жа леташнім альбоме “Час не лечыць”. Шукаў, шукаў і ў рэшце рэшт зразумеў, што ў мэтавыя аўдыторыі 12+, 16+ мне не патрапіць, хоць я іх, сорамна прызнавацца, пазначаў. На “Час не лечыць” гучала самая што ні на ёсць поп-музыка, не такая — “саўковая”, “эстрадная”, — аднак усё ж поп-музыка. Але яна была... музычная! Я зразумеў — не хачу, не магу спрашчаць сваю творчасць. Ведаеш, што мне грэе душу? Калі людзі кажуць: “Ты ўсё правільна робіш. Хай у цябе будзе зала са ста чалавек, але яны ёсць дакладна толькі твае людзі, якiя падзяляюць твае прынцыпы — жыццёвыя, творчыя”. І яшчэ. У Стынга якая музыка? Прыгожая, інтэлігентная, разумная. Колькі на яго канцэрт прыйшло, калі ён да нас прыязджаў? Ні ў якой меры не параўноўваю сябе з геніем, але, значыць, можна “прабіць” масавага слухача? Буду старацца.

— Што ў цябе з песнямі на беларускай мове?

— ...Я заўсёды баяўся на ёй спяваць, хоць спрабаваў. Не таму, што камусьці чагосьці павінен — людзям, радзіме, а таму што хацеў спяваць на беларускай, была такая ўнутраная патрэба. І ёсць. Але... баяўся аблажацца. Быў — сорамна ў тым прызнавацца — не ўпэўнены ў сваім вымаўленні. А ў пачатку года праспяваў Стынга на мове (на віяланчэлі мне падыгрываў сам Міхаіл Радунскі!): для арыгінальнай песні Shape Of My Heart тэкст на беларускай напісаў радыёвядучы і музыкант Мікіта Найдзёнаў. Пытанні па вымаўленні ўсё роўна ў мяне засталіся, аднак у цэлым водгукі аб маёй беларускай былі станоўчыя. На новым альбоме, які выйдзе ў 2020-м, паспрабую пагуляцца з мовамі: ён уключыць у сябе кампазіцыі на рускай і англійскай. І на беларускай!

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"