Час перамен — не заўсёды да лепшага

№ 10 (1449) 07.03.2020 - 14.03.2020 г

Да 95-годдзя беларускага кіно
(Заканчэнне. Пачатак у №№ 2 —4, 8, 9.)

/i/content/pi/cult/788/16975/023.JPG“Кінашколу” на фільме Корша “Першыя выпрабаванні” прашоў і Валерый Рыбараў. За яго дэбют у 38 гадоў з 20-хвіліннай навелай “Жывы зрэз”,  вядома ж, тэма мінулай вайны — ён атрымаў прыз за лепшы фільм на ІІ фестывале маладых кінематаграфістаў.

Перада мной даведнік “Беларускія пісьменнікі”. Магу адкрыць яго на 8-й, магу на 20-й, 10-й старонках — і бадай ва ўсіх месца нараджэння: вёска, сяло, хутар. І пісалі яны пра тое, што добра ведалі: пра вясковае жыццё. Поўнаметражная карціна “Чужая бацькаўшчына” — экранізацыя Рыбаравым раманаў ураджэнца вёскі Варакомшчына Дзятлаўскага раёна Вячаслава Адамчыка. Перадваенная Заходняя Беларусь: прадчуванне навалы, катастрофы, сутыкненне нацыянальных інтарэсаў беларусаў і палякаў, барацьба за зямлю, тую самую “бацькаўшчыну”, драматычныя любоўныя калізіі — усё праўдзіва, грунтоўна, глыбока.

Валерый у мастацкае кіно прыйшоў, маючы багаты вопыт дакументаліста; тонка, вобразна працуюць дакладна адабраныя дэталі побыту. Шмат дакументаў, уключаны як сведчанні. Уражліва-пранізлівыя вобразы стварылі Антаніна Бендава і Стэфанія Станюта — бязмежна таленавітыя беларускія актрысы.

З першых кадраў “Мяне клічуць Арлекіна” я адразу ж пазнаў тыпавы вакзал яшчэ царскай пабудовы: Парэчча — памежная з Літвой станцыя. Адсюль некалі ішла галіна чыгункі на Друскенікі.

Па праглядзе міжволі ўзнікла параўнанне стужкі “Мяня клічуць Арлекіна” з серыялам “Апошняе лета дзяцінства”: і там, і тут — героі прыкладна равеснікі; і там, і тут — злом часоў у гісторыі краіны. У серыяле Рубінчыка — канец НЭПа, надзеі моладзі на шчаслівае жыццё ў маладой краіне СССР; у фільме Рыбарава — поўнае бязвер’е, непрытульнасць маладых у СССР на парозе развалу краіны.

Адсутнасць у героеў мэты і веры хаця б ува што, акрамя фізічнай сілы. Яны — і сам “Арлекіна”, у першую чаргу, — не разумеюць закону бясконцасці лічбаў: да ўсякага вялікага можна дадаць “плюс адзін”. Якую заўгодна сілу можна зламаць сілай большай, што і прыводзіць героя Алега Фаміна да краху.

Яго маладзёжная банда, “ваўкі”, змагаецца за справядлівасць у сваім разуменні, здзекуецца з безабаронных, беручы верх над такімі ж маладымі, але слабейшымі.

Але і ў другой банды такія ж паняцці, яны нават мацнейшыя…З выхадам “Арлекіна” Валерый Рыбараў адразу ўстаў у шэраг майстроў беларускага кіно.

Паўтараю: творца не роўны сам сабе — і наступны фільм Рыбарава “Прыкаваны” нават не правал, а штосьці большае.

Камплексуючы воін-афганец — Уладзімір Гасцюхін — адзін селіцца ў дамку на скале. Туды падсяляецца да яго дзяўчына-скрыпачка — актрыса не тое, што іграць, нават проста трымаць скрыпку не ўмее. Ён ідзе ў пакоі па лесвіцы, прыгаворваючы: “Нам трэба пагаварыць”. Ну дык гавары! Падняўшыся на дзве — тры прыступкі, ізноў: “ Мне шмат чаго трэба сказаць”. Ну дык гавары ж — чаго марудзіш?!

Далей, седзячы ўжо за сталом, прапануе: “Трэба паразмаўляць па душах”. Але ледзь яна задае нейкае ўдакладняючае пытанне, як ён узрываецца: “Што ты мне лезеш у душу?! — “Дык вы ж самі казалі…”

І ён увесь час бубніць змрочна: “Афган... Афган... ”

Што — Афган?! Хаця б для яснасці ўставілі нейкі кранальны факт, узрушваючы эпізод. Акцёру шырокіх магчымасцяў далі сцэнарную палітру з адной фарбай.

Між фільмамі ў Валерыя вялікія па часе разрывы. Агідна: два дзесяцігоддзі нічога не здымае. У нас — яшчэ адзін недагружаны рэжысёр, недаацэнены таленавіты прафесіянал.

Летам 1984 года мяне запрасіў Элем Клімаў сыграць кагосьці: ці то фашыста, ці то здрадніка ў яго карціне на партызанскую тэму “Ідзі і глядзі”. Загружаны працамі, заклапочаны неўладкаванасцю побыту — кватараванне па чужых хатах з двума малымі, — ды яшчэ дазнаўся ад Элема Германавіча, што здымкі ўсё лета ў балотах, — ветліва адмовіўся.

Прагледжаны фільм літаральна ўзрушыў… Сталеючы ад пачатку да фіналу падлетак Флёра… Раздзіраючы душу фінал. Клімаў, можна лічыць, закрыў партызанскую тэму.

Нядаўна, у чарговую горкую гадавіну хатынскай трагедыі ізноў паглядзеў па ТБ “Ідзі і глядзі”. Ізноў перажыў узрушэнне… Спрабаваў здагадацца: пэўна, вось гэты… а мо, вось гэты адмоўны персанаж планаваў для мяне выдатны Майстар..

Мы пазнаёміліся яшчэ на фільме “Каханая” ў 1964-м. Юрый Марухін — першы з нашых аператараў, хто здымаў Мінск з верталёта: сядзеў проста ля адчыненай дзверы, звесіўшы ногі, прымацаваны пасам. Гэтымі кадрамі ён выратаваў нашу з Глебавым песню “На ранку”: прапанаваў выкінуць сцэну пустой балбатні герояў і ўставіць музычна-відавы кліп. Тое з кволага фільма адно і памятаецца.

Юра гадзінамі чакаў жывапіснага заходу сонца, а на досвітку здымаў жыта, што падступала проста да вокнаў першага паверха “хрушчовак” новых мікрараёнаў горада.

Ён быў вельмі патрабавальным да літаратурнай асновы: са Сцяпанавым “Апошні хлеб”, са Спешневым “Чорнае сонца” і “Хроніка ночы”, прэміраваны серыял Пташука “Час выбраў нас”, з Чацверыковым “Зацішша”, “Сад” — амаль усюды годныя сцэнарыі.

І вось, што цікава: аператары, якія працавалі з Валерыем Рубінчыкам, пазней падаваліся ў рэжысуру: Таццяна Логінава, Юрый Елхоў, Юрый Марухін, быццам Рубінчык зараджаў іх нейкім “вірусам рэжысуры”. Марухін працаваў з ім на “Магіле льва” — і з часам таксама стаў пастаноўшчыкам.

Усе карціны, пастаўленыя былымі аператарамі, атрымаліся ўдалымі. Лепшыя фільмы Марухіна рэжысёра: “Радаўніца”, “Маці ўрагана” — беларуская тэма, буйная нацыянальная літаратура.

Ён бы паспяхова здымаў і далей… Апошні раз кантактавалі з ім падчас паездкі вясной 2001 года ў Дзяржынск, дзе ён, як старшыня Праўлення Саюза кінематаграфістаў, прадстаўляў працаўнікам кінаархіва і запрошаным гледачам мой фільм “Побач з ім”, прысвечаны 100—годдзю з дня нараджэння класіка нашага кіно Уладзіміра Корш-Сабліна.

А ў снежні яго не стала. Карыфей мультыплікацыі Ігар Воўчак зняў аб ім карціну-ўспамін “Наш Юрый”, а на “Лістападзе” існуе аператарскі прыз “Імя Юрыя Марухіна”.

Яшчэ калі Чырвоны касцёл быў нашым Домам кіно, я на пасадзе старшыні секцыі тэлевізійнага кіно запрасіў з Масквы на творчую сустрэчу свайго даўняга прыяцеля Генадзя Палоку. Звёў нас у 1970-м Міша Казакоў. Гена тады здымаў на “Масфільме” “Адзін з нас”, і запрасіў мяне сыграць эпізод шафёра-панікёра.

І тады ж Палока ў адным з застолляў паведаў пра свой спрэс забаронены фільм “Узлёт і падзенне радзіны Ксідзіяс” паводле “Інтэрвенцыі” Льва Славіна. І вось з выкрадзенай копіей тае карціны — клептаманія такога роду за творцамі водзіцца — Генадзь Іванавіч прыехаў у Мінск. Прагляд прызначыў я ў нядзелю на 8 раніцы, каб не было звычнага шматлюддзя і залішніх “вушэй”. Ажыятажу не было, а “вушы”, пэўна ж, прысутнічалі. З тае пары апальны беспрацоўны Палока прыкіпеў да нашай студыі.

Ён ананімна, пад псеўданімам “выцягваў” карціну Юрыя Дубровіна “Яго адпачынак”. Але нават “вока майстра” не выратавала кволы сюжэцік на вытворчую тэму пра нейкія каталізатары ці то аналізатары… Затым ён сам зняў серыял “Наша прызванне” — мелася на ўвазе педагогіка 70-х, але з рэтраспектывай у 20-30-я — улюбёную эпоху Палокі: узгадаем славутую “Рэспубліку ШКІД”, наступную расійска-беларускую карціну “Вяртанне браненосца”.

Неблагія акцёры — спрэс маскоўскія, канешне, нашых Гена і ведаць не хацеў — іграюць пераканаўча, але нешта зусім далёкае ад нас і тады, і тым больш сёння. Побач з “педагагічнымі” па тэме “Дажывем да панядзелка”, “Чучала”, “Пацаны” — школьны серыял “Наша прызванне” кволы, занудны.

Але ў 2007-м на “Беларусьфільме” паўтаралі жарт: “Фільм “Вока за вока” здымае Палока!”

Літаратурнай падставай сталася невялікая аповесць Барыса Лаўранёва “Сёмы сведка”. Творы пісьменніка бы створаны для кіно: узгадаць хаця б не аднойчы экранізаванае апавяданне “41-шы”.

На студыі Палока, можна лічыць, свой чалавек, яшчэ засталіся супрацоўнікі, з якімі працаваў раней: аператар Таццяна Логінава, мастак-грымёр Рыгор Храпуцкі.

Сутнасць падзей: арыштаваныя бальшавікамі царскія афіцэры і чынавенства — у адной зале, напаўгалодныя, упокат на саломе.

Большую частку роляў і ўсе эпізоды, ваенных і чыноўнікаў, выконваюць у фільме мінскія акцёры: Генадзь Гарбук, Аляксандр Ткачонак, Уладзімір Гасцюхін, Арнольд Памазан, Анатоль Цярпіцкі, Валерый Мароз, я і, канешне ж, усюдыісны Аляксандр Кашпераў, прысутнасць якога ў кадры ці хаця б у агучцы адразу тлумачыць: гэты фільм — беларускі.

Мяне ён папрасіў знайсці і да ранішняй здымкі прынесці падвойныя прозвішчы шляхты, кшталту: Воўк-Мацюшэўскі, Рак-Лымарэўскі... І яшчэ: штодзень Генадзь Іванавіч прыносіў на здымкі новыя, удакладненыя рэплікі выканаўцам — сам жа аўтар сцэнарыя! — і абяцаў у канцы кожнай змены з нязменнай усмешачкай: “Да заўтрашняй здымкі яшчэ штосьці вам прыдумаю”. І назаўтра мы, акцёры, атрымлівалі паперкі з выразамі, напісанымі рукой Палокі: дакладныя, пранізліва-вострыя, смешныя і заўсёды — парадаксальныя. Як у жыцці.

Здавалася б, наперадзе — бясконца нарастаючы росквіт вытворчасці! Але…

Але наперадзе сумна-небяспечныя 90-я: развал СССР, развал адзінай усесаюзнай сеткі кінапракату, адсюль — развал кінавытворчасці.

“Беларусьфільм” кланіруецца на паўтузін “студыек” з майстрамі на чале, шыльдачкі на кожнай дзвяры: “Таццяна”, “Грамада”, “Імя Ю. Тарыча”, “Спадар Д.”, “Акарына”, “Сінемарэк”… Вось яна ўрэшце — жаданая незалежнасць!

З’яўляюцца спонсары са сваімі трыма мэтамі: атрымаць 500 працэнтаў набытку, заваяваць “Оскара” і дамагчыся ўзаемнасці актрысы-гераіні фільма. Ведаю дакладна: дзве першыя мэты нікім дасягнутыя не былі.

У 1991-м у студыі “Грамада” Барыса Гарошкі я экранізаваў аповесць Вікторыі Токаравай “Хэппі энд”, які потым неаднаразова дэманстраваўся па тэлебачанні. Чым ганаруся: “Хэппі энд” на штогоднім выніковым паказе беларускіх фільмаў атрымаў прыз з важнай для мяне фармулёўкай: ”За павагу да беларускіх артыстаў”.

Што далей? Развал.

Не стала былога дзяржфінансавання, ніхто не меў вопыту наладжвання пракату фільмаў, і як следства: уцечка кадраў. Лёсавызначальнае пытанне: ці ўвогуле беларускае кіно?

І вось, як звычна ацэньвалі тады, “у наш цяжкі час” — цуд — прадэманстраваны т/а “Тэлефільм” Дзяржтэлерадыёкампаніі Беларусі!

У цікавы час выжылі і ўдала паспрабавалі ствараць. Ды — надзвычай паспяхова.

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр

Фота з архіва аўтара і з Сеціва