На шасці партрэтах прадстаўленыя найбольш славутыя і адметныя гістарычныя асобы, якія ў розныя часы кіравалі Мінскам і яго ваколіцамі. Тут і першы мінскі князь Глеб — сын славутага Усяслава Чарадзея, і кашталян Ян Глябовіч, пры якім пачалі забудоўваць Верхні горад, і мінскі стараста і ваявода Кшыштаф Станіслаў Завіша, дзякуючы якому Мінск займеў каштоўную рэліквію — мошчы святога Феліцыяна, нябёснага апекуна горада.
Працягваюць галерэю славутых постацяў мінуўшчыны грамадзянскія губернатары Мінска і Мінскай губерніі Захарый Карнееў і Вікенцій Гячан-Гячэвіч, дзякуючы якім горад набываў новае аблічча ў першай палове ХІХ стагоддзя, а таксама гарадскі галава Караль Ян Гутэн-Чапскі, які вядомы тым, што збудаваў у Мінску першую электрастанцыю і распачаў рух конкі.
Як мы паведамлялі раней, вобразы шасці колішніх кіраўнікоў Мінска выканалі ў тэхніцы роспісу па ляўкасе тры прафесары Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў — народны мастак Беларусі Уладзімір Тоўсцік, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Уладзімір Зінкевіч і лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае Адраджэнне” Уладзімір Ганчарук.
У дзень прэзентацыі пра лёсы і здзяйсненні колішніх кіраўнікоў Мінска распавялі даследчыкі іх біяграфій — трое кандыдатаў гістарычных навук. Археолаг Сяргей Тарасаў гаварыў пра тое, як выглядаў сярэднявечны горад, і чаму Глеб Усяславіч варагаваў са сваімі братамі. Алег Дзярновіч прысвяціў свой выступ гісторыі Мінска ў складзе Вялікага Княства Літоўскага ды Рэчы Паспалітай і прыгадаў забытую дату, у якую тагачасныя мінчане святкавалі Дзень горада. А Андрэй Кіштымаў завяршыў лекцыю-экскурсію аповедам пра развіццё губернскага Мінска ў складзе Расійскай імперыі, згадаўшы аб дарэвалюцыйных каранях сучаснай планіроўкі горада і зрабіўшы невялікі экскурс у тэатральнае мінулае будынка ратушы. Больш падрабязны агляд цікавостак з гэтых выступаў чытайце ў наступным нумары.