Урокі фарсі і Берлінале

№ 9 (1448) 29.02.2020 - 07.03.2020 г

Прэм’ера ў Berlinale Palace, дзесяціхвілінныя авацыі, цёплыя водгукі прэсы, — так прынялі на 70-м Берлінскім кінафестывалі стужку Вадзіма Перэльмана “Урокі персідскай”, зробленую ў сумеснай вытворчасці Расіі, Германіі і Беларусі. Аглядальніца “К” Дар’я Амяльковіч пабывала на прэстыжным кінааглядзе, і паспела не толькі паглядзець карціну, але і сфатаграфаваць на чырвонай дарожцы генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзіміра Карачэўскага, які прысутнічаў на паказе. Калі эмоцыі суцешыліся, самы час разабрацца, у якой стужцы наша краіна прыняла ўдзел, і што нам далей з гэтым рабіць.

/i/content/pi/cult/787/16956/3_4.jpgВядома, убачыць Уладзіміра Карачэўскага на чырвонай дарожцы было прыемна. Сусветная/i/content/pi/cult/787/16956/3_5.jpg кінапрэм’ера, у якой прымае ўдзел прадстаўнік тваёй краіны — гэта гонар. Генеральны дырэктар кінастудыі “Беларусьфільм” ахвотна адгукнуўся на заклік да гутаркі, і тут жа на дарожцы даў невялікі каментарый, паабяцаўшы, што кіно ўжо пераважна беларускай вытворчасці абавязкова будзе прадстаўлена ў будучыні на кінафестывалі.

Пакуль жа беларускія кінавытворцы апынуліся ў такой кампаніі. Прадзюсарам “Урокаў персідскай” выступіў Цімур Бекмамбетаў і кампанія Hype film. Сцэнарый, паводле навелы Вольфганга Кальхаазе, напісаў Ілья Цафін. У галоўных ролях — еўрапейскія зоркі кіно: Ларс Айдзінгер (знаёмы публіцы па фільме “Мацільда” Аляксея Учыцеля) і аргенцінец Науэль Перэс Біскаярт (прагучаўшы ў “120 удараў у хвіліну” Робэна Кампіё). Аператар — Уладзіслаў Апельянц (“Лета”, “Стомленыя сонцам-2”). Рэжысёр карціны — галівудскі кінематаграфіст родам з Кіева Вадзім Перэльман, аўтар “Дома з пяску і туману”. Усе складнікі карціны інтрыгавалі — і трэба адзначыць, што чаканні спраўдзіліся: фільм атрымаўся, як міжнародны праект на няпростую тэму.

1942 год. Бельгіец яўрэйскага паходжання Жыль трапляе ў транзітны лагер, і, каб пазбегнуць гібелі, называе сябе персам. Падзіўным збегу абставінаў, у лагеры выяўляецца нямецкі повар Кох, які прагне вывучыць фарсі, каб пасля вайны з’ехаць у Іран і адкрыць там рэстаран. Кох цікавіцца Жылем і “наймае” таго навучаць персідскай. Але справа ў тым, што бельгіец не ведае фарсі, і ўсё, што яму застаецца… выдумаць новую мову.

На першы погляд, гэта гісторыя выжывання разумнага чалавека ў нечалавечых умовах. Але/i/content/pi/cult/787/16956/3_1.jpg стужка Вадзіма Перэльмана аказваецца не такой простай. Штучны фарсі, словы якога кожны дзень прыдумляе Жыль, гэта вельмі яскравая метафара. І — як мова стасункаў паміж двума героямі, людзьмі з розных “лагераў”, і як мова калектыўнай памяці пра Халакост, і як нават мова гвалту…

Цікавыя змены ў працэсе яе сачынення адбываюцца і з Жылем: у стане пастаннага стрэсу і страху ён пачынае размаўляць на выдуманым фарсі нават у непрытомнасці, чым канчаткова пераконвае многіх, што ён — перс. Мова, у дадзеным выпадку, становіцца знакам яго новай — таксама прыдуманай — ідэнтычнасці, усвядоміўшы якую, Жыль адчувае не палёгку, а яшчэ большую стомленасць і сорам. І не габрэй, і не перс… А так, хтосьці невядомы. У размовах са сваім вучнем і катам ён паскардзіцца: “Я баюся, што калі знікну, ніхто не заўважыць маёй адсутнасці”.

У каменданта Коха праўда іншая: раптам праз урокі персідскай у ім прачынаецца хтосьці для яго нечаканы. Прагматычны, педантычны і эгаістычны, гаўптштурмфюрэр Кох пачынае складаць вершы на фэйкавым фарсі, клапаціцца пра свайго падапечнага, ды нават болей — цаніць яго выключнасць. Яны ўжо не ворагі і не сябры, аднак штосьці паміж імі адбываецца.

Цікавая дэталь: рэжысёр разам з філолагам сапраўды прыдумаў 600 словаў фэйкавага фарсі, у якіх зашыфраваны імёны ахвяраў Халакоста.

/i/content/pi/cult/787/16956/3_11.jpgСтасункі галоўных герояў развіваюцца на тле лагернай завядзёнкі. Зняволеныя працуюць, пакутуюць, і паміраюць, а ў нацысцкага складу, да прыкладу, пікнік на прыродзе, ды раманы з дзяўчатамі. Такая банальнасць зла, на якую глядзіш з цалкам жыццёвага боку.

Яшчэ адна адметнасць “Урокаў….” — гумар. Нягледзячы на тое, што каманда фільма зрабіла заўважную працу ў аднаўленні адпаведнага антуражу (за ўзор браўся транзітны лагер Natzweiler Struthof паміж Францыяй і Германіяй), усё ж рэалістычнасць не перашкаджае іроніі. Вадзім Перэльман асмеліваецца з дапамогай пэўнай аўтарскай інтанацыі змясціць акцэнт з адлюстравання жахаў вайны на чалавека, яго сілы духа: наколькі, увогуле, асоба здольна ўсвядоміць сябе, свае дзеянні ў тых умовах, што склаліся?

На прэс-канферэнцыі, прапануючы ключ да сваёй карціны, рэжысёр прызнаўся, — у гэтай гісторыі яго зацікавіла ідэя чалавечнасці. “Мы часта кажам, што тады былі такія часы, — тлумачыць ён. — Але гэта не так”. Па яго словах, калі мы ўбачым у Клаусе Кохе не робата, а чалавека, гэта дапаможа нам сёння быць больш самакрытычнымі, падштурхне да таго, што і ў нашай сучаснасці мы таксама мусім быць адказнымі і ўважлівымі.

Усё гэта, сапраўды, мае месца быць. Як тое, што ў сваёй кінамове Вадзім Перэльман прытрымліваецца галівудскага стандарту./i/content/pi/cult/787/16956/3_3.jpgЕўрапейскі флёр карціне надае, уласна, ігра акцёраў: менавіта іх стрыманы перформанс “змягчае” галівудска-канадскую школу. У фільме нават ёсць хэпі-энд, дзе кожны з герояў атрымоўвае сваё. Стваральнікі гісторыі выходзяць формай на прытчу, ды ўсё ж перад намі — арт-мэйнстрым, які не адмяняе пэўнай камерцыйнай пралічанасці праекта. Невыпадкова і стужка дэманструецца на фестывалі не ў конкурсе, а ў праграме Berlinale Special Gala. Тым не менш, карціна гаворыць аб прафесійным майстэрстве яе стваральнікаў, і ідзе толькі на карысць краінам-партнёрам.

А што ж беларускі ўнёсак? Калі хтосьці мяркуе, што прысутнасць нашай краіны ў стужцы цалкам умоўная, спяшаюся аспрэчыць. Ужо першыя кадры “Урокі персідскай” паведамляюць — “пры ўдзеле кінастудыі “Беларусьфільм”. Пазнаць знаёмыя лакацыі не прадстаўляецца складаным (здымкі, у прыватнасці, ладзіліся ў капліцы Рэйтанаў у Грушаўцы), як і вядомых акцёраў — “наша ўсё” Ігар Сігоў з’яўляецца ў кадры ў знаёмым амплуа — праўда, на гэты раз, ваеннага ў нямецкай форме. Таксама акрамя кінастудыі “Беларусьфільм”, унёсак у карціну зрабілі і іншыя айчынныя кампаніі, у прыватнасці, Filmwagen.

“Урокі персідскай” вучаць таму, што Беларусі ёсць што прапанаваць міжнароднай кінаіндустрыі: быць часткай прафесійнага праекта, несумненна, удача. Іншая справа, наколькі актыўна мы прасоўваем кінапатэнцыял, які маецца? У той час, калі пра “Урокі персідскай” піша ўся сусветная прэса, на жаль, на Еўрапейскім кінарынку Берлінале, адным з самых прадстаўнічых у свеце, нашага стэнда так і не ўдалося адшукаць. А так было б лагічна выйсці на новых партнёраў...

Больш падрабязны агляд Берлінскага кінафестывалю чытайце ў бліжэйшых нумарах “К”.

Мінск — Берлін — Мінск / Фота аўтара

НА здымках: на прэм’еры, што адбылася 22 лютага, ад беларускага боку прысутнічаў Уладзімір Карачэўскі; на чырвонай дарожцы Берлінале рэжысёр “Урокаў персідcкай” Вадзім Перэльман і выканаўцы галоўных роляў Науэль Перэс Біскаярт і Ларс Айдзінгер; габрэя-перса ў стужцы таленавіта ўвасобіў аргенцінец Науэль Перэс Біскаярт (Фота — @Hype film); здымкі карціны адбываліся ў Беларусі, у кадры — капліца Рэйтанаў у Грушаўцы.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"