Дызайн як сэнс жыцця

№ 8 (1447) 22.02.2020 - 29.02.2020 г

Не так даўно ў Мінску, у раёне Усход з’явіўся новы шматпавярховы будынак цікавай сучаснай архітэктуры. Будынак пабудаваў колішні выпускнік кафедры дызайну Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) Уладзімір Трафіменка (на здымку). Гмах мае агульную плошчу 8 000 квадратных метраў. Тут месцяцца адміністратыўныя і лабараторныя памяшканні ўнітарнага прадпрыемства дызайн-студыя СЭНС. Уладзімір Трафіменка з’яўляецца заснавальнікам і нязменным кіраўніком гэтага прадпрыемства, якое было створана трыццаць адзін год таму, у 1989-м. Трэба сказаць, што зямельны ўчастак для будаўніцтва новага памяшкання студыі Трафіменку быў выдзелены па загадзе самога Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка высока ацаніў той унёсак, які прадпрыемства магло даць эканоміцы рэспублікі і вырашыў падтрымаць яго кіраўніка.

/i/content/pi/cult/786/16950/14_1.jpgДызайн-студыя СЭНС уяўляе з сябе моцнае праектнае прадпрыемства з вытворчай базай. Фірма працуе па двух накірунках. Першы — распрацоўка і вытворчасць знакаў адзнакі, ордэнаў і медалёў. Менавіта тут былі зроблены многія дзяржаўныя ўзнагароды, якія атрымалі лепшыя людзі нашай краіны. За час працы студыі выраблена больш за 500 000 штук урадавых, ведамасных і юбілейных медалёў, знакі можна лічыць мільёнамі. Другі накірунак дзейнасці студыі — стварэнне рэнтгенаўскіх камп’ютарных сістэм рознага прызначэння. Сярод дасягненняў у гэтым накірунку можна назваць створаныя па замове Міністэрства аховы здароўя сумесна з заводам “Дыяпраектар” і НВП “Адан” камп’ютарныя рэнтгенаўскія апараты “Пульмаскан-760”. Былі распрацаваны таксама гэтак званыя паліклінікі на колах на базе шасі МАЗа — “Пульмаэкспрэсы” для абслугоўвання экалагічна неспрыяльных раёнаў краіны. Вяла дызайн-студыя і распрацоўку кантрольных сістэм на падставе новага прынцыпу выкарыстання рэнтгенаўскіх промняў. Гэтыя прыборы могуць ужывацца для кантролю пасажыраў у аэрапортах, на мытнях, на блоксетках, для кантролю наведвальнікаў у банкаўскіх сховішчах і рэзідэнцыях з мэтай знаходжання забароненых рэчаў. Яшчэ адной/i/content/pi/cult/786/16950/14_2.jpgцікавай распрацоўкай дызайн-студыі СЭНС стала кантрольная сістэма Consis, прызначаная для выкарыстання ў аэрапортах. Асаблівасць гэтай сістэмы ў тым, што яна дазваляе абследаваць пасажыра ў поўны рост. У дызайн-праекце была ўлічана арганізацыя пасажырпатока і палепшана эрганоміка працоўнага месца аператара.

Кіраўнік дызайн-студыі СЭНС Уладзімір Трафіменка атрымаў дыплом у 1975 годзе. Тэма яго дыпломнай работы была “Мабільная жылая ячэйка для адпачынку ў зімовых умовах”. Пасля заканчэння інстытута Уладзімір працаваў на розных прамысловых прадпрыемствах Мінска. Шмат намаганняў ён аддаў працы на Мінскім гадзіннікавым заводзе “Прамень”. Яму належаць распрацоўкі рознага тыпу гадзіннікаў: наручных, дзіцячых, пластыкавых і ювелірных, мінібудзільнікаў. Таксама менавіта Уладзімір з’яўляецца аўтарам дызайн-праекта гарадскога гадзінніка на вежы Мінскага завода “Прамень”. Акрамя гадзіннікаў, Трафіменка стварыў таксама такія распрацоўкі, як схема развіцця нацыянальнага парка “Нарач”, інтэр’еры гасцініцы “Арбіта”, распрацоўка канцэпцыі Экацэнтра спорта, актыўнага адпачынку і ўсвядомленага даўгалецця “Сілічы”, прадстаўнічы сувенір да Чэмпіянату свету па хакеі 2014 года для ўручэння кіраўніком дзяржаў-удзельнікаў спаборніцтваў і іншыя. Ёсць у багажы Уладзіміра і сапраўдныя вынаходніцтвы. Так, ён прапанаваў дызайн-канцэпцыю мабільнага комплексу прамянёвай перадпасяўной апрацоўкі зерня. Пры гэтым выключаецца хімічная апрацоўка, паляпшаецца экалогія, ураджайнасць павышаецца на 10 — 15 працэнтаў

/i/content/pi/cult/786/16950/14_4.jpg/i/content/pi/cult/786/16950/14_3.jpg

З самага часу стварэння Беларускага саюза дызайнераў у 1987 годзе Трафіменка з’яўляецца сябрам гэтага прафесійнага аб’яднання айчынных дызайнераў. Некаторы час ён займаў пасаду віцэ-прэзідэнта БСД. Восем гадоў быў сябрам мастацка-тэхнічнага савета Міністэрства прыборабудавання СССР. У 1997 годзе Уладзімір уступіў у рады Міжнароднай грамадскай асацыяцыі “Саюз дызайнераў”. У 2004 годзе яго абралі правадзейным членам Міжнароднай акадэміі навук аб прыродзе і грамадстве. Яшчэ ў савецкі час дызайнер быў узнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”, а пасля таго, як Беларусь стала незалежнай, яму быў уручаны айчынны ордэн “Пашана”. Сярод узнагарод Трафіменкі таксама шмат медалёў, у тым ліку тры медалі. Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі за яго дызайнерскія распрацоўкі. Узнагароды былі і на розных міжнародных форумах — у 2010-м у Маскве на выставе “Інтарпалітэх” залаты медаль, у 2018-м у Швейцарыі медаль і спецыяльны прыз “За якасць”. Былі таксама выставы MILEX у Мінску, Міністэрства ўнутраных спраў Расіі ў Дамадзедаве і іншыя.

“Творы дызайну, якія фарміруюць асяроддзе прабывання, — гаворыць УладзімірТрафіменка, — безумоўна, з’яўляюцца твормі мастацтва. Па маім меркаванні, дызайн сярод іншых відаў мастацтваў займае галоўнае месца, бо ў сваім жыцці чалавек часцей мае стасункі з аб’ектамі дызайну”. Уладзімір з’яўляецца кіраўніком вялікага дызайнерскага прадпрыемства і канечне ж ён працуе не адзін, а ў калектыве таленавітых калег-аднадумцаў. Сярод іх можна назваць такіх выдатных дызайнераў, як Міхаіл Бялоў, Мікалай Бушын, Дзмітрый Ігнатовіч. Верным /i/content/pi/cult/786/16950/14_5.jpgадзінадумцам у рэалізацыі ідэй і канцэпцый студыі з’яўляецца таксама намеснік дырэктара прадпрыемства Уладзімір Трэгуб. Безумоўна, Уладзімір працуе ў калектыве, але, як ён лічыць, для рэалізацыі творчых задум і праектаў трэба мець асабістую справу, каб самому прымаць рашэнні і самому адказваць за іх ажыццяўленне.

Акрамя дызайнерскай творчасці, герой аповеда сур’ёзна захапляецца спортам: плаванне, крос,/i/content/pi/cult/786/16950/11_6.jpgальпінізм і турызм. Асобую ролю ў яго жыцці адыгрываюць лыжы, якімі Трафіменка займаецца больш за 50 гадоў: і ўвосень, і ўзімку, і ўвесну. Зараз ён марыць пабудаваць летнюю гарналыжную трасу і катацца на лыжах нават летам. Ёсць ужо праект такога комплексу, які, па меркавнні Уладзіміра, павінен паўстаць пад Мінскам, у Сілічах. Пабудова будзе мець арыгінальную архітэктурную форму на ўзроўні апошніх дасягненняў у галіне архітэктурнага дызайну і павінна прыцягнуть да Беларусі ўвагу шматлікіх замежных турыстаў. Трэба сказаць, што Уладзіміра ў яго занятках спортам падтрымлівае ўся сям’я — жонка, дачка, і дзве ўнучкі. Дарэчы, менавіта дачку Уладзімір Трафіменка лічыць сваёй спадкаемкай, ёй ён перадаў значкова-медальную фірму “СЭНС-геральдыка”, яна з’яўляецца афіцыйным дырэктарам гэтага прадпрыемства.

Ён не збіраецца на адпачынак, не хоча падводзіць вынікі, ставіць кропку ў сваёй дзейнасці. Ён яшчэ поўны сіл, і наперадзе шмат цікавай, плённай работы на ніве айчыннага дызайну.

У сувязі з 75-гадовым юбілеем Уладзімір Трафіменка быў адзначаны медалём Францыска Скарыны.

Якаў ЛЕНСУ, Анатоль ЦЕХАНОВІЧ, сябры Беларускага саюза дызайнераў

На фота: Будынак, дзе месціцца дызайн-студыя СЭНС, Рэнтгенаграфічны комплекс кантролю якасці зверхбуйных габарытных шын,

Інтраскоп для праверкі ручной паклажы, Знак-сімвал для Ватыкана, Праект летняй гарналыжнай трасы ў Сілічах.