“Пан Мечык, навучыце!”

№ 8 (1447) 22.02.2020 - 29.02.2020 г

Прыватная школа гарманістаў
Цэнтральная фігура гэтага артыкула — самабытны музыка з Арэхаўкі Мечыслаў Багдановіч. Самародак. Асоба. Напісаць гэты матэрыял мяне падштурхнула пісьмо ад скульптара Уладзіміра Церабуна: “Браты Багдановічы былі вядомымі музыкамі на Смаргоншчыне ў пасляваенны час. Памятаю, як яны гралі на вяселлі ў маёй сястры. Аднаногі акардэаніст Мечык адначасова падыгрываў на невялічкай дудцы. Музыка вельмі па-майстэрску рухаў губамі, у выніку мелодыя прыгожа злівалася з акардэонам. Усё гэта дадавала эмоцый. А побач з Мечыкам — яго меншы брат Зыгмунд — на самаробных цымбалах. І атрымлівалася вельмі арганічна, гучна, жыва, гарэзліва… Мне гэта вельмі запомнілася, хоць я на той час быў яшчэ малым хлапцом”.

Дынастыя

/i/content/pi/cult/786/16947/11_1.jpgІ я стала раскручваць цікавы клубок, вывучаць невядомы пакуль мне брэнд самабытных музыкаў Багданоў (менавіта так іх звалі ў народзе)…

Бацька Мечыка і Зыгмунда прыехаў на Смаргончыну ў пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя. “Дагэтуль ён жыў у Рызе і быў капельмайстрам Рыжскага ваеннага аркестра, — удакладняе Галіна Іванова, дачка Мечыслава Багдановіча. — Граў практычна на ўсіх інструментах, многія з іх прывёз з сабой. Пасяліўся на хутары Бабялужа паблізу Дзевятнёў. Яго дальняя сваячка пасватала дзеда Пецю да ўдавы з трыма дзецьмі. У Лісічыне жанчына мела сваю хату, зямлю, лес. І яны ажаніліся. Дзед быў прыгожы, імпазантны, бабуля зусім простай знешнасці. Нарадзілі яшчэ траіх дзяцей — дваіх сыноў, якія сталі вядомымі музыкамі, і дачку Стасю. Мечыслаў нарадзіўся ў 1923 годзе, Зыгмунд — у 1926.

Дзед хлопцаў музыцы не вучыў. Самі вучыліся. І рана сталі граць на вяселлях. Мой бацька — з дванаццаці гадоў. Пакуль не прыйшлі немцы…”

У час вайны Стася Багдановіч — партызанка. Мечык працаваў на чыгунцы ў Маладзечна — сцэпшчыкам у дэпо. Хлопец таксама дапамагаў партызанам. Аднойчы на таварняку ён ехаў дадому. Не даязджаючы да Гавуцяў, саскочыў з цягніка, але няўдала. Трапіў пад кола, і яму адрэзала нагу па шчыкалатку. З паўгода знаходзіўся ў шпіталі ў Вільні. Двойчы яму рабілі аперацыю (віной усяму — гангрэна, рана ніяк не хацела загойвацца), нагу адрэзалі практычна да калена.

З 1939 года Мечык сустракаўся з мацюлянскай дзяўчынай Яняй. Яны збіраліся пабрацца шлюбам, але строгаму Янінінаму бацьку будучы зяць быў не па душы. Маўляў, які з яго муж, з музыкі наогул хлеб невялікі…

Яня праведвала свайго Мечыка практычна кожныя выхадныя (чым моцна гнявіла бацьку) — выходзіла ў суботу позна вечарам, усю ноч ішла, раніцай у нядзелю была ў шпіталі.

— Янечка, што з намі будзе? — шаптаў пакалечаны хлопец.

— Як дамаўляліся, так і будзе, - упэўнена адказвала дзяўчына.

Напрыканцы 1944 года Мечык вярнуўся дадому. Хутка маладыя сталі жыць разам. У 1946-м нарадзіўся хлопчык, якога назвалі ў гонар дзеда-музыкі — Пятром. Пасля дзве дачкі — Леакадзія і Галіна.

Нарасхват

Стася, якая была ў партызанах, з вайны не вярнулася. Аднойчы немцы прыходзілі да Багдановічаў у Лісічына. Шукалі дзяўчыну. Яна забегла дадому ненадоўга (відаць, нехта паведаміў пра гэта немцам). Схавалася ў адрыне з саломай, віламі немцы ператыкалі тую салому, нават паранілі дзяўчыне шчаку, але яна сцярпела і засталася незаўважанай. Маці і братоў паставілі пад хлеў — страшылі, што расстраляюць, калі не скажуць, дзе Стася. Нічога не даведаліся. Але жыць пакінулі. Сястра вярнулася да партызанаў і хутка загінула. Дзе пахавана, ніхто не ведае.

Пасля вайны браты Багдановічы сталі граць на вяселлях. Мечык — на акардэоне, Зыгмунд — на цымбалах. Калі гралі Багданы, уся акруга збіралася іх паслухаць і патанчыць.

“Музыканты Багдановічы былі сапраўды нарасхват, — згадвае Ірына, нявестка Мечыслава Багдановіча. — Гралі на вяселлях не толькі ў Смаргонскім раёне, але і ў Ашмянскім, Астравецкім, Маладзечненскім… У Вільнюс ездзілі, у Брэст… Замаўлялі іх загаддзя, не менш чым за месяц”.

З музыкі — неблагі кавалак хлеба

З музыкі хлеб невялікі? Народная мудрасць так сцвярджае. Але ж у любой справе бываюць выключэнні. І музыкі Багданы былі тым выключэннем.

“Для мяне то з грання быў у свой час неблагі кавалак хлеба. І хату адбудаваў, і дзяцей вучыў, — сцвярджаў 69-гадовы Мечык Багдановіч. — Увогуле, раней жа наша музыка была ў модзе. Цяпер, гадоў дваццаць ужо, ніхто акардэаніста граць вяселле не запрашае. Падавай ім ансамблі, грукаці над вухам і што найгучней. Вось тады будзе эфект. Эфект, а не сапраўднае вяселле, якое перадавалася нам з пакалення ў пакаленне са сваімі абрадамі і традыцыямі. Можа, дасць Бог, вернецца калі і мода на гармонік. Унукі і праўнукі такога дачакаюцца, я ўпэўнены”.

У 1993 годзе акардыяніста Мечыка не стала. У 2009 памёр яго сын Пеця.

…Мечык меў выключны музычны слых. Пачуе мелодыю — і тут жа перадасць яе на інструменце. Граў на клавішных, акардэоне і баяне. Нотнай граматай таксама валодаў. Пачаў яе спасцігаць у даволі сталым узросце. Вучыў дзяцей граць на акардэоне.

Сярод вучняў Мечыслава Багдановіча — Уладзімір Кабак, цяпер яму 71 год, а на вучобу “да Багдана” ён трапіў у 12-гадовым узросце. “Мой тата ў дзяцінстве марыў стаць музыкам, але бацькі не падтрымалі яго. Таму ён вельмі хацеў, каб я навучыўся граць на акардэоне, — распавядае Уладзімір Кабак. — Купіў мне інструмент, і мы накіраваліся ў Лісічына. Там ён мяне і пакінуў. Дом у музыкі быў малы. Дзяцей сваіх трое ды яшчэ я. Спалі на гарышчы ў прыбудове, на сене. Усе дзеці разам. І гулялі разам, і кароў пасвілі. Усё лета, на працягу тыдня, я жыў у Багданоў, а на выхадныя ездзіў на сваім дамскім веласіпедзе дадому ў Вострава (гэта кіламетраў з пятнаццаць). Настаўнік мяне музыкай не муштраваў, ён наогул быў вельмі добрым, спакойным чалавекам, нястрогім. Вучыў полькам, вальсу, факстроту — таму, што звычайна гралі на вясковых танцах і вяселлях. Не па нотах. Прапаноўваў і на трубцы паспрабаваць граць. Але ў мяне не атрымлівалася — надта інструмент казытаў у роце. А на акардэоне я патроху граць навучыўся. Таму цешыў сваіх дамашніх музыкай, і дзецям на вуліцы танцы арганізоўваў”.

Дарэчы, на вяселлі ва Уладзіміра Кабака гралі менавіта “Багданы”. Па асабістых падліках Мечыслава Багдановіча, ён меў каля 200 вучняў. Дачка Галіна ўспамінае, што кожнае лета хлопцы жылі ў іх дома. Часам па восем — дзевяць адразу. Яны разам з дзецьмі Мечыка покатам спалі на сене. У якасці аплаты настаўніку — зерне, мука, часам дзеці дапамагалі па гаспадарцы. Дзяўчат у вучаніцы Мечык да сябе не браў, нават дачок і ўнучку не стаў вучыць. Чатырохгадовая ўнучка Алёна садзілася і самастойна ўтаймоўвала маленькі гармонік, які дзед Мечык сам ёй падарыў. “До рыпаць!” — казаў, калі “ігра” дзяўчынкі яму надакучвала.

Прыпомніла Галіна Мечыславаўна анекдатычны выпадак наконт аднаго сталага “вучня”. Да яе саракагадовага бацькі прыехаў мужчына з Астравеччыны гадоў шасцідзесяці.

— Пан Мечык, надта хачу граць на гармоніку. Навучыце?

— Запозна ўжо, мусіць, — пачуў у адказ.

— Ну, тады прабачце, — і выйшаў з хаты.

На наступны дзень раніцай — зноў з’явіўся.

— Учора вы сказалі, што запозна. Дык я сёння раней прыехаў…

Як выкруціўся бацька з сітуацыі, дачка не помніць. Але больш гэты чалавек не прыязджаў.

Дружба двух мэтраў

Дома ў Мечыка Багдановіча часта бываў Аляксандр Дзяруга, стваральнік першага ў Беларусі цымбальнага аркестра. Ірына Іванаўна згадвае, як немалады ўжо, зухаваценькі, але вельмі рухавы Аляксандр Анісімавіч на сваёй старэнькай “дамачцы” прыязджаў са Смаргоні ў Арэхаўку. Пані Яніна, жонка Мечыка, моцна бянтэжылася, калі галантны Дзяруга ёй цалаваў у руку.

Дарэчы, між сабой музыкі размаўлялі часцей за ўсё па-польску. Агульных тэм і спраў у іх было нямала. Аляксандр Дзяруга запісваў на магнітафон, як грае самабытны музыка. Як вядома, маэстра шмат ездзіў па вёсках, запісваў мелодыі, якія пазней апрацоўваў і ўводзіў у рэпертуар цымбальнага аркестра.

А яшчэ ён часта прывозіў Мечыку ў рамонт музычныя інструменты. Цымбалы, скрыпкі, домры, акардэоны… Дарэчы, у Мечыслава былі акардэоны, якія ён сам рабіў, дакладней, збіраў з некалькіх старых.

Сярод нешматлікіх фотаздымкаў Мечыка Багдановіча, якія захоўвае нявестка Ірына, ёсць два фота, зробленыя Аляксандрам Дзяругам. Бацька з сынам Пецем выступаюць на сцэне Дома культуры. У 60 — 70-ыя гады мінулага стагоддзя яны не толькі гралі на вяселлях, але і часта ўдзельнічалі ў розных аглядах-конкурсах мастацкай самадзейнасці, у традыцыйным штогадовым свяце песні і працы, галоўным арганізатарам якога быў Аляксандр Дзяруга. У Галіны ёсць здымак бацькі, зроблены Дзяругам менавіта на гэтым свяце.

Дачка Зыгмунда на той час грала ў цымбальным аркестры Дзяругі на скрыпцы, займалася ў музычнай школе. Іра скончыла музычную вучэльню і кансерваторыю. Грала ў Беларускім дзяржаўным харэаграфічным ансамблі “Харошкі”, а пасля выкладала ў акадэміі музыкі. Літаральна летась, у 65-гадовым узросце, пайшла на адпачынак. Яе малодшая сястра таксама скрыпачка, выйшла замуж у Іарданію. І сын — музыка, жыве ў Францыі.

Усе тры хлопцы Пеці маюць музычныя здольнасці, але ў музыку не пайшлі. З шасці ўнукаў Мечыка толькі дачка Галі стала прафесійнай скрыпачкай. Грае таксама на акардэоне, баяне, фартэпіяна, гітары. Алена Шыдук чвэрць веку выкладае скрыпку ў Сольскай школе мастацтваў. Удзельніца трыа камернай музыкі “Унісон”. Гэты калектыў можна часта сустрэць на імпрэзах, што ладзяцца ў музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага.

У 80-я гады сталага музыку час ад часу можна было ўбачыць на розных канцэртных пляцоўках Смаргоні. Зусім нечаканай аказалася публікацыя ў часопісе “Беларусь” (№ 11 1989 год). Вялікі фотаздымак, які зрабіў вядомы фотамастак Анатоль Кляшчук. Побач з фота ён змясціў адкрыты ліст да Мечыслава Багдановіча: “Добры дзень Вам, Маэстра! Не ведаю, як вас завуць і як склаўся Ваш лёс. Адно ведаю, што Вы — смаргонскі, бо сустрэў Вас у калаўроце местачковага кірмашу. Наўрад ці Вы заўважылі мяне ў натоўпе тых, хто стаяў каля Вас і плакаў ад Вашай музыкі. А Вы ігралі і ігралі, забыўшыся, мусіць, пра ўсё на свеце, і так хораша рабілася на душы, нібы пасля споведзі, і ўспаміналася далёкае дзяцінства і адзін чалавек, вельмі падобны на Вас… Вы нагадалі мне маю маленькую радзіму і далі сапраўдную радасць успомніць пра яе мужнасць, высакароднасць і нязломны дух. Дзякуй Вам”.

Галіна АНТОНАВА

Смаргонь

На фота: Маэстра Мечык Багдановіч. Фота Анатоля Клешчука.