Незвычайна пра звычайнае

№ 8 (1447) 22.02.2020 - 29.02.2020 г

Расказаць незвычайную гісторыю праз камеру смартфона запрашаюць усіх, хто хоча паспрабаваць сябе ў ролі кінарэжысёра. Стартаваў ІХ сезон Міжнароднага фестывалю мабільнага кіно VOKA Smartfilm. Сёлета ён праходзіць пад слоганам “Сезон незвычайных гісторый”.

/i/content/pi/cult/786/16943/8_2.jpgУдзельнікам яго можа стаць кожны кінааматар. Для тых, хто марыць пра кінаіндустрыю гэта выдатная магчымасць праявіць сябе і зрабіць у кінамастацтве першыя крокі, распавесці пра тое, чым ён жыве і што хвалюе. Галоўныя крытэрыі, паводле якіх будуць ацэньвацца работы, як падкрэсліў кіназнаўца, дырэктар праграмы ігравога кіно фестывалю “Лістапад” Ігар Сукманаў, — талент і шчырасць. Ён разважаў пра тое, чаго чакае ад фестывалю як член прафесійнага журы:

— Гісторыі, якія распавядаюцца — вельмі важныя для нас, але хацелася б, каб яны карэлявалі з нашым жыццём. Каб была верагоднасць, нават у самым фантастычным кіно. Героі могуць лятаць у космас, апускацца ў глыбіні акіяна, быць вампірамі альбо кім заўгодна, галоўнае, каб за гэтым стаяў творца…

А кіраўнік народнага журы, якое будзе ацэньваць фільмы паралельна з прафесіяналамі, сцэнарыст і рэжысёр Влада Сянькова прызналася, што чакае звычайных гісторый, бо гэта і ёсць самае складанае ў кіно — незвычайна і цікава зняць тое, што многім падаецца звыклым.

У серыі майстар-класаў, якія пройдуць у межах фестывалю, плануецца ўдзел расійскіх кіназорак. Запрошаны да ўдзелу і ўраджэнец Беларусі, вядомы акцёр Кіану Рыўз, які ў адным з фільмаў вуснамі свайго героя згадвае Беларусь як месца нараджэння.

Каб прыняць удзел у фестывалі, дастаткова мець мабілы тэлефон з камерай ды ідэю, добра ўяўляць тое, чым хочаш падзяліцца. Як заўважыў кіназнаўца і кінакрытык, сябар прафесійнага журы Антон Сідарэнка, практыка апошніх гадоў паказала: часам на смартфоны здымаюць выдатныя фільмы, якія маюць поспех, у процівагу некаторым карцінам з вялікім бюджэтам і спецэфектамі, якія зусім не карыстаюцца попытам і не нясуць гледачу нічога для душы. Ідэя і талент пераважаюць любыя бюджэты!

Удзельнікі з Беларусі не адзін год аказваліся ў ліку прызёраў фестывалю; работы, прадстаўленыя імі, былі канкурэнтаздольнымі. Самым першым пераможцам фестывалю Smartfilm быў айчынны аўтар Дзмітрый Сямёнаў-Алейнікаў. Ён набыў адукацыю ва ВГИКу, а летась пачаў здымаць фільм “Адлюстраванне” (але цяпер афіцыйная назва “Забароненая зона”), які атрымаў фінансаванне ў Міністэрстве культуры і будзе ў пракаце і ў Беларусі. Гэта сур’ёзны ўзровень, калі згадаць, што ўсё пачыналася аматарскімі здымкамі на камеру мабільніка. Ёсць і іншыя айчынныя рэжысёры, якія перамагалі, напрыклад, Кірыл Нонг. Яго фільм выйграў Гран-пры ў 2017 годзе, і цяпер Кірыл — паспяховы кліпмэйкер.

Пра ўзнагароды, якія чакаюць пераможцаў, расказаў намеснік генеральнага дырэктара кампаніі А1 па лічбавых платформах і кантэнту Антон Бладзік:

— Будзе гран-пры і прызы за 1, 2 і 3 месцы: мабільныя тэлефоны і грашовыя ўзнагароды. Але найлепшая ўзнагарода — калі аўтары знаходзяць свайго гледача. Гэта і павінна быць галоўнай матывацыяй, якую дае Smartfilm рэжысёру-пачаткоўцу: публіку і аматараў.

Каб пазмагацца за ўзнагароду, да 21 сакавіка на электронны адрас фестывалю трэба адправіць кароткаметражны фільм (працягласцю не больш ад 10 хвілін), зняты на камеру мабільніка. Падрабязней з умовамі ўдзелу можна азнаёміцца на сайце фестывалю. Ажыццяўляецца праект кампаніяй А1 пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Яна БУДОВІЧ

Фота аўтара