У тэзаўрусе Беларусі

№ 8 (1447) 22.02.2020 - 29.02.2020 г

Памяці Энгельса Дарашэвіча
14 лютага на 88-м годзе жыцця пайшоў ад нас вядомы беларускі філосаф і культуролаг, доктар філасофскіх навук, прафесар Энгельс Канстанцінавіч Дарашэвіч.

/i/content/pi/cult/786/16935/3_3.jpgЭнгельс Канстанцінавіч стаў адным з бліскучых прадстаўнікоў гісторыка-філасофскай школы, якая атрымала развіццё ў інстытуце філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ім створаны выдатныя працы, прысвечаныя выбітным дзеячам беларускай філасофскай, эстэтычнай і навуковай думкі XVII — XVIII стагоддзяў. За вялікі ўклад у рэканструкцыю важных этапаў станаўлення філасофскай думкі Беларусі ён быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі (1984 год). З 2000 года Энгельс Канстанцінавіч працаваў у Беларускам дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва на пасадзе прафесара кафедр культуралогіі, этналогіі і фальклору, падрыхтаваў шэраг прац, якія прысвечаны праблематыцы тэорыі фальклору, бытавання традыцыйных каштоўнасцяў у сучасным грамадстве, тезаўрасу беларускай культуры, кіраваў аспірантамі і дактарантамі, бліскуча чытаў курсы лекцый для студэнтаў і аспірантаў. Усе, хто ведаў Энгельса Канстанцінавіча, вучыўся ў яго, адзначаюць яго неверагодны інтэлект, вялізныя веды, цудоўныя аналітычныя здольнасці, прастату, ветлівасць, таварыскасць гэтага ўнікальнага Чалавека, аднаго з самых яскравых і ўплывовых прадстаўнікоў сучаснай гуманітарнай думкі Беларусі.

Найбольш сенсітыўныя даследчыкі заўсёды адчувалі неабходнасць комплекснага вывучэння культуры, яе велізарную ролю ў структуры сучаснага грамадства. Энгельса Дарашэвіча як аднаго з заснавальнікаў беларускай культуралогіі, сацыёлага культуры, гісторыка навукі, педагога і даследчыка нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі заўсёды хвалявала праблема тыпалогіі і тэзаўрыравання культуры Беларусі. Пачатак навуковай кар’еры Дарашэвіча прыпадае на часы “адлігі” 1960-х гадоў, пасля была адданая праца ў акадэмічных навукова-даследчых установах (1970 — 1990-я гады), а таксама паспяховая педагагічная дзейнасць у 2000 — 2020-я ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў.

Энгельса Дарашэвіча лічаць адным з прадстаўнікоў айчыннай школы гісторыка-філасофскіх даследаванняў, да якой таксама адносяць Сямёна Падокшына, Уладзіміра Конана і Альфрэда Майхровіча. У значнай ступені намаганнямі гэтых даследчыкаў беларуская гуманітарыстыка пазбавілася так званага “ідэалагічнага прэсінгу” і правінцыяналізму, што ўнесла шмат плёну ў культурнае жыццё нашай краіны, стварыла перадумовы для больш дакладнага самавызначэння і ідэнтыфікацыі беларусаў.

Бліскучым вынікам сумеснай працы з філосафам Уладзімірам Конанам стаў “Нарыс гісторыі эстэтычнай думкі Беларусі”, які даў эпічную тысячагадовую панараму станаўлення айчыннай культуры ад хрысціянізацыі першых княстваў беларусаў да ХХ стагоддзя, акрэсліў яе тыпалогію і перыядызацыю. Дзякуючы ёй, айчынная культура гістарычнага часу была ўведзена ва ўсходнееўрапейскі і нават у еўразійскі навуковы абарот (паколькі была выдадзена на рускай мове ў часы СССР). Выданні з удзелам Энгельса Дарашэвіча, прысвечаныя гісторыі айчыннай педагагічнай думкі, персаналіям і заканамернасцям Асветніцтва на беларускіх тэрыторыях, пашырылі месца беларускай культуры ў асяродку культур народаў свету.

Пошук генезісу айчыннага культурна-гістарычнага матэрыялу, прааналізаванага ў “Нарысе…”, падштурхнуў Энгельса Дарашэвіча звярнуцца да міжкультурных даследаванняў у “Культурнай спадчыне”, а калектыўная манаграфія “У тэзаўрусе Беларусі”, з’явілася, па сутнасці, своеасаблівай данінай павагі і ўдзячнасці прафесару Энгельсу Дарашэвічу ад шырокага кола сяброў, калег і вучняў. Метадалагічны талент вучонага быў акрэслены ў “Тэорыі фальклору”, над якой прафесар працаваў у 2009 — 2015 гадах. Добрую глебу для стварэння гэтай кнігі дала супрацоўніцтва Энгельса Дарашэвіча з “легендай” беларускай аўдыявізуальнай антрапалогіі Зінаідай Мажэйкай.

Апошняя кніга майстра “Мае ўспаміны” пабачыць свет цягам бягучага года, яе вельмі чакаюць яго сябры, калегі і вучні, для якіх Энгельс Дарашэвіч — назаўжды застанецца прыкладам самаадданасці адвечным каштоўнасцям навукі, духоўнасці, справядлівасці і сапраўднага патрыятызму.

Ён быў дзейным прафесарам да скону…

Вячаслаў Калацэй, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, кандадат культуралогіі, дацэнт, Віктар Языковіч, прарэктар па навуковай рабоце БДУКіМ, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт