Вось якія акцыі прайшлі ў сталіцы 21 лютага. У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа рэалізоўваўся праект “Дзясятка — за Коласа!” Ахвотныя пісалі дыктоўку па творах Песняра. Пры гэтым трэба было адказаць, з якога канкрэтна твора ўзяты ўрывак. Хто справіўся з заданнямі на “дзясятку”, той атрымаў сувеніры. А была яшчэ інтэрактыўная гульня-віктарына “Жывы класік”. Больш за тое, у свой час музей запрашаў далучыцца да акцыі “Маё беларускае слова” ў Instagram. Для гэтага трэба было згадаць беларускае слова, якое выклікае ў вас усмешку замілавання; падабраць да яго фотаілюстрацыю; змясціць усё ў сетцы пад хэштегам #movakolas. Пераможцы таксама вызначаліся 21 лютага.
У любові да мовы прызнаваліся і ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Тут прайшоў першы этап (чытанні) ІІ вучнёўскай навукова-практычнай канферэнцыі “Беларусь, ты збудавана з беларускіх слоў!” Старшакласнікі ўстаноў агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі сталіцы і Мінскай вобласці працавалі ў трох секцыях: мовазнаўчай, літаратуразнаўчай і краязнаўчай. Партнёрамі канферэнцыі сталі інстытуты мовазнаўства і літаратуразнаўства Нацыянальнай акадэміі навук ды Саюз пісьменнікаў Беларусі.
А ў прэс-цэнтры Дома прэсы ў той дзень наша мова вяла рэй на прэс-канферэнцыі “Роля мастацкага перакладу ў міжкультурным дыялогу. Сумесныя праекты пісьменнікаў ЗША, Ізраіля і Беларусі”.
Зразумела, гэта далёка не ўсё тое, што было зроблена ў краіне для ўшанавання матчынай мовы.
Пра рэгіянальныя мерапрыемствы чытайце ў аглядзе пісьмаў на старонцы 10 “К”.