Шляхам экспазіцый

№ 8 (1447) 22.02.2020 - 29.02.2020 г

Міністэрства інфармацыі і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь сумесна з лаўрэатам прэміі “За духоўнае адраджэнне” Уладзімірам Ліхадзедавым плануюць маштабны культурна-гістарычны праект “Вайна і мір. Беларусь памятае”, прымеркаваны да 75-годдзя Перамогі.

/i/content/pi/cult/786/16931/2_3.jpgУ рамках праекта будзе зладжаны шэраг выставачных экспазіцый, якія распавядуць аб удзеле беларусаў у войнах з 1812 па 1945 год. Арганізатары праекта прапаноўваюць прасачыць традыцыю і шлях фарміравання патрыятызму, які быў праяўлены падчас Вялікай Айчыннай вайны — бо многія яе ўдзельнікі, альбо іх бацькі, былі таксама героямі Першай сусветнай вайны, а іх дзяды і прадзеды — героямі Айчыннай вайны 1812 года. Менавіта на гэтую повязь пакаленняў будзе звернутая ўвага ў выставачным праекце. А Вялікую Перамогу 1945 года аўтары праекта хочуць паказаць як кропку спынення кровапраліцця на беларускай зямлі і пераходу да новых мірных перамог.

Як адзначыў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, арганізатары праекта ставяць перад сабой задачу зацікавіць маладое пакаленне, прымяніўшы новыя падыходы пры расповедзе аб гістарычных падзеях, аддаленых у часе ад сучаснасці. Таксама варта падкрэсліць каштоўнасць мірнага перыяду, які доўжыцца ўжо 75 гадоў, для развіцця і квітнення Беларусі.

Кожная выстава будзе прысвечаная канкрэтнаму часаваму перыяду войн альбо міжваенных гадоў з 1812 па 1945 год, і будзе дэманстраваць работу калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава, рэалізаваную ў рамках выдання серыі “У пошуках страчанага”, якая налічвае ўжо 27 кніг.

Першая выстава праекта адкрылася 21 лютага 2020 года ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, яна прысвечаная падзеям вайны 1812 года. Між іншага, тут прадстаўлены літаграфіі ўдзельніка напалеонаўскіх паходаў, нямецкага мастака-баталіста Фабера дзю Фора, а таксама літаграфіі паводле карцін вядомага мастака-баталіста Васіля Верашчагіна. Гэтыя творы адлюстроўваюць шлях войск Напалеона праз беларускія землі.

Наступныя выставы таксама плануюцца сумесна з вядучымі музеямі і бібліятэкамі краіны. А напярэдадні святкавання 75-годдзя Перамогі ўсе экспазіцыі аб’яднаюцца ў адну маштабную выставу, якая пройдзе ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і будзе змяшчаць прадметы са збораў калекцыянераў і пісьменнікаў з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Германіі і іншых краін.