Таямніца каменнай лавы

№ 7 (1446) 15.02.2020 - 22.02.2020 г

Знаходка, што памятае дотык класіка
Чым вядомая былая вёска Радкоўшчына, аб якой цяпер нагадвае толькі невялічкая памятная дошка, прымацаваная да валуна? Найперш тым, што падчас Другой сусветнай вайны ў гэтай мясцовасці адбыўся люты бой савецкіх войскаў з немцамі, якія патрапілі ў “кацёл”. Уласна, таму і няма цяпер вёскі — яна згарэла ўшчэнт. Для краязнаўцаў і гісторыкаў мінуўшчына паселішча куды больш глыбокая — і не толькі трагічная. Як па мне, Радкоўшчына са сваёй гісторыяй займае сярод “манюшкаўскіх” мясцін адно з самых важных месцаў — калі не цэнтральнае. Таму ўвага гісторыкаў, грамадскасці і турыстаў да яе цалкам можна прагназаваць. Але заўсёды будзе ўзнікаць пытанне: што паглядзець? Воляй выпадку, нядаўна нам удалося адшукаць там сапраўдную адметнасць. Цяпер пытанне хіба ў тым, як яе захаваць.

Пад старой лістоўніцай

Прадстаўнікі славутага роду Манюшкаў валодалі гэтым маёнткам амаль 100 гадоў. Спярша — дзед кампазітара Станіслаў, пазней Дамінік — самы вядомы з дзядзькоў — затым бацькі кампазітара і ўрэшце ён сам. Пасля смерці Станіслава Манюшкі ў 1872 годзе яго ўдава прадала Радкоўшчыну.

/i/content/pi/cult/785/16927/14_1.jpg

Камяні Дамініка Манюшкі ў Алесіна.

Адпаведна, стваральнік беларускай і польскай оперы бываў у тых мясцінах часцяком і падоўгу — цягам усяго жыцця, ад маленства да смерці. Спярша ён назіраў за неверагодна смелымі для свайго часу грамадскімі эксперыментамі Дамініка Манюшкі, які, паводле выразу пісьменніка Аляксандра Ельскага, “быў гуманістам у поўным сэнсе слова”. Яшчэ ў 1820-я ён вызваліў сваіх сялянаў ад прыгоннага права і пабудаваў для іх дзве школы (для хлопчыкаў і дзяўчынак). Памёр ён у 1848 годзе ад халеры ў Менску і быў пахаваны на Залатой горцы (чаму б не ўшанаваць памяць годнага чалавека, усталяваўшы там сімвалічнае надмагілле?). Пазней сюды прыязжалі на летнія вакацыі жонка і дзеці самога кампазітара. Тут памерлі яго дзядзькі — Казімір і Юзаф, а таксама бабуля Эва (з Вайніловічаў), але былі пахаваныя яны на могілках у Смілавічах. А вось бацькі кампазітара — Альжбэта (з Маджарскіх) і Чэслаў Манюшкі — спачылі ў капліцы на радкоўскіх могілках. Ад яе засталіся толькі падмуркі. І хочацца верыць, яе аднаўленне — справа будучыні.

На сёння ад былой велічы засталося зусім небагата. На невысокім пагорку — месцы колішняй сядзібы — толькі засыпаныя зямлёй ды часткова адкрытыя “чорнымі капальнікамі” падмуркі. Непадалёк — старая-старая лістоўніца, якую, магчыма, пасадзіў яшчэ дзед кампазітара Станіслаў. Было б цікава даведацца пра яе рэальны ўзрост: выглядае яна на ўсе 200!

/i/content/pi/cult/785/16927/14_2.jpg

 

 

Камень Эвы Манюшка, бабулі кампазітара.

У свой час вядомы мінскі краязнаўца Ігар Гатальскі, аўтар публікацый пра гэты маёнтак і ягоных уласнікаў, звярнуў увагу на некалькі прыдарожных камянёў. Аказалася, што на двух з іх былі надпісы. З іх вынікала, што камяні гэтыя ўсталяваныя ў гонар славутага гуманіста Дамініка Манюшкі 20 ліпеня 1861 года. Пасля публікацый у СМІ кіраўнік аднаго з прадпрыемстваў перавёз гэтыя камяні ў Алесіна, дзе яны захоўваюцца пад адкрытым небам, абгароджаныя драўляным плоцікам. Чаму б не ўпарадкаваць тэрыторыю вакол камянёў, не паставіць інфармацыйны шчыт, і крыху прыўзняць камяні, каб можна было чытаць надпісы, не стоячы на іх?

Яшчэ адзін камень спадар Гатальскі пазней знайшоў выпадкова. Ён быў амаль цалкам засыпаны зямлёй, але на бачным баку чыталася “przechodniu spoczniy, SP, DM, Ru 1827”. Даведаўшыся пра гэты камень, я вырашыў выправіцца да яго ў “адведзіны” ў кампаніі з мастачкай Марыяй Сыракваш, Юліяй Сцяпанавай і Максімам Калітоўскім. І выезд аказаўся надзвычай плённым.

Пашпарт для валуна

Здымаючы з камяня, які ляжаў амаль на самой дарозе, дзёрн, нарослы над ім за невядома колькі гадоў, мы заўважылі іншыя надпісы, а таксама даволі дзіўную форму самога камяня. Праз паўгадзіны асцярожнай працы рыдлёўкай, шчоткай і губкай выявілася вось што.

Камень гэты — не проста валун, як яго “субраты” ў Радкоўшчыне. Гэта каменнае крэсла, шчодра аздобленае надпісамі. Напэўна, яго зрабілі ў якасці лавы для сузірання навакольных краявідаў.

/i/content/pi/cult/785/16927/14_3.jpg

 

 

Андрэй Вайцяховіч стварае “пашпарт аб’екта”.

У Беларусі багата мясцінаў, якія памятаюць Станіслава Манюшку — баюся, усіх нават і не пералічыць. Але амаль адсутнічаюць рэчы, якіх краналася яго рука. А каменная лава, без усялякага сумневу, памятае кампазітара. Яна магла назіраць за тым, як хлопчык рос, пераўтвараўся ў юнака, мужчыну. Магчыма, стала той кропкай апоры, на якой малы Стась задумаўся пра свой лёс. Магчыма, седзячы на ёй, ён слухаў родныя спевы вызваленых ягоным дзядзькам Дамінікам Манюшкам падданых. А можа, менавіта тут упершыню зрабіў нотны запіс.

У дадатак да надпісу, расчытанага Ігарам Гатальскім, мы дадаем наступнае “z 1812 gospodarza, w Radomiu Radkows... (пашкоджана куляй)”. На жаль, часу ў нас было няшмат, ды і надвор’е не вельмі спрыяла, таму іншыя надпісы расчытаць не ўдалося. Ёсць здагадка, што там напісаны вайсковы чын Дамініка Манюшкі.

Праз чатыры дні мы яшчэ раз выехалі ў Радкоўшчыну каб завершыць расчытку і праманіторыць абстаноўку. І аказалася, што нейкія добрыя людзі з мясцовых за гэты час цалкам абкапалі камень і нават падперлі яго камянем паменей, каб ён не заваліўся.

Яшчэ пра некалькі дзён мы выехалі на месца з археолагам Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэем Вайцяховічам, ужо згаданым Ігарам Гатальскім, вядомым музыколагам Святленай Немагай, каб правесці фотафіксацыю, абмерныя працы і прывязку знаходкі да геаграфічных каардынатаў. Цяпер у камяня з’явіцца “самы сапраўдны” пашпарт аб’екта з дакладнай “прапіскай”.

Што да ягонага лёсу, то пакуль ён няпэўны. Выказваліся розныя прапановы — закапаць “ад граху падалей”, перавезці ў больш людную навакольную вёску Алесіна. Але найлепшым, як мне падаецца, было б наступнае.

Месца на ўзгорку

Як я ўжо казаў, гістарычная каштоўнасць Радкоўшчыны будзе толькі ўзрастаць. Яна і цяпер ужо з’яўляецца важнай турыстычнай кропкай маршруту “Шляхам Манюшкі”. Але на сёння ўсё, на што можна там паглядзець, абмяжоўваецца лістоўніцай на пагорку (а прайсці туды праз поле, якое часам добра ўгнойваецца, не кожны дасць рады), ды месцам, дзе пахаваныя бацькі кампазітара. Улетку мы навялі там парадак, пра што пісаў у адной з пубікацый у “К”. Але цяпер яно зноў заваленае зямлёй і валунамі.

/i/content/pi/cult/785/16927/14_4.jpg

Адна з апошніх знаходак Ігара Гатальскага. 2016 год. Фота Ігара ГАТАЛЬСКАГА

На сёння далёка не ўсе змогуць адшукаць камень-лаву без дапамогі гіда. Як і яшчэ адзін адметны камень — той, які ўлетку 2019 года знайшоў вядомы музыка Аляксей Фралоў. Чэслаў Манюшка прысвяціў яго памяці сваёй маці Эвы з Вайніловічаў. Усталяваны ён быў у Радкоўшчыне таксама 20 ліпеня 1861 года. На гэту ўрачыстасць нават прыехаў кампазітар — пагатоў, гэта яшчэ і дзень яго нараджэння, а таксама дзень шлюбу — і такое вось супадзенне. Камень той ляжыць у прыдарожнай канаве і яго перыядычна завальвае зямлёй, лісцем і галлём. Падчас аднаго з выездаў у Радкоўшчыну ўлетку 2019-га мы трошкі яго расчысцілі, а неўзабаве ён таксама будзе мець пашпарт.

Дык вось, прапанова зводзіцца да даступнага: і камень Эвы, і камень Дамініка Манюшкаў, варта пакінуць у Радкоўшчыне. Перавезці іх можна на пагорак, дзе была сядзіба. Дадаць валун з шыльдай, а таксама інфармацыйны шчыт. Падобная мадэль паспяхова апрабавана на месцы колішняй капліцы роду Пішчалаў блізу гарадзішча на Менцы. І спатрэбілася толькі скаардынаваная праца грамадскіх энтузіястаў ды падтрымка мясцовага кіраўніцтва.

Працягваючы год Станіслава Манюшкі, які ў Беларусі быў вельмі насычаным культурнікімі імпрэзамі самага рознага ўзроўню і маштабу, мяркую, варта заняцца гэтым праектам не марудзячы часу. І, напрыклад, да чарговага дня народзінаў бацькі кампазітара (і дня ягонага шлюбу) — 20 ліпеня — прымеркаваць урачыстае адкрыццё “каменнай групы”, спалучыўшы яе з музычна-паэтычным-гістарычным фестывалем — які мог бы стаць нават штогадовым. Прынамсі я гатовы прыкласці да гэтага ўласныя высілкі. Пагатоў, Станіслаў Манюшка даводзіцца сваяком і Тадэвушу Рэйтану і Самуэлю Корсаку, і нават Станіславу Багушэвічу — усім тром героям сойму 1773 года, якія ўжо даўно мяне ўражваюць і цікавяць!

Фота аўтара

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар