Хутка кінапрэм’ера!

№ 7 (1446) 15.02.2020 - 22.02.2020 г

або “Аванцюры Пранціша Вырвіча” выходзяць у пракат
19 сакавіка ў рэспубліканскі пракат выходзіць адзін з вядомых праектаў кінастудыі “Беларусьфільм” — гістарычна-прыгодніцкая карціна “Аванцюры Пранціша Вырвіча”, знятая па рамане беларускай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай. Трэйлер стужкі на гэтым тыдні з’явіўся на Youtube-канале студыі, анансуючы будучую прэм’еру.

/i/content/pi/cult/785/16913/2_4.jpgУ ігравым фільме, рэжысёрам якога выступіў Аляксандр Анісімаў, дзеянне адбываецца ў часы Рэчы Паспалітай. “ХVIII стагоддзе. Юны шляхціц Пранціш разам з доктарам, алхімікам Бутрамеем Лёднікам трапляе ў вір інтрыг уплывовых магнатаў вакол трона Рэчы Паспалітай”, — так гучыць анатацыя да карціны. Стваральнікі стужкі абяцаюць гледачу прыгоды, подзвігі і ліхія бойкі. Гэтаксама гісторыя не абыйдзецца без кахання.

Козыр карціны — беларуская каманда акцёраў. Георгій Пятрэнка, Іван Трус, Вераніка Пляшкевіч іграюць галоўныя ролі; у акцёрскім ансамблі таксама — і Сяргей Чекерэс, Віктар Манаеў, Сяргей Жбанкоў, Сяргей Юрэвіч, Вячаслаў Паўлюць, Дзмітрый Енісевіч...

Каб перадаць эпоху Рэчы Паспалітай, стваральнікі “Аванцюраў…” задзейнічалі розныя лакацыі. Здымкі ладзіліся ў Лідскім, Нясвіжскім і Мірскім замках, у мястэчку Сноў, Бабруйску і Мінску. “Адмыслова для праекта на кінастудыі “Беларусьфільм” па чарцяжах Леанарда да Вінчы быў пабудаваны яго знакаміты танк”, — пазначаецца ў прэс-рэлізе да карціны. Была праведзена вялікая праца па аднаўленні касцюмаў ХVIII стагоддзя (мастак па касцюмах — Наталля Адзінцова). Таксама на пляцоўцы кінапрадпрыемства былі створаны адмысловыя дэкарыцыі, стылізаваныя пад аблічча інтэр’ераў тагачасных збудаванняў (мастак-пастаноўшчык — Уладзімір Царыковіч).

Музыку да карціны напісаў Віктар Капыцько. Аператар-пастаноўшчык на праекце — Дзмітрый Рудзь.

Што публіка атрымае ў выніку — пабачым у бліжэйшы час.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"