Большасць канцэртаў — вячэрнія, ёсць нават адзін начны, што разлічана, вядома, на дарослых слухачоў. Ладзіцца фэст пры падтрымцы пасольстваў Вялікабрытаніі, Францыі, Швецыі ў Беларусі, Польскага інстытута ў Мінску, Праекта Еўрапейскага саюза MOST, шматлікіх спонсараў. А выступаюць там знаныя беларускія музыканты, уключаючы Паўла Аракеляна, гурт Apple Tea і іншых.
Фестываль мае таксама асветніцкі кірунак: акурат сёння ў яго рамках праходзіць майстар-клас — “Майстэрня вакальнай імправізацыі з Клiўлендам Уоткісам”, куды маглі запісацца і дарослыя, і дзеці. Уладальнік безлічы найпрэстыжных прэмій і ўзнагарод, гэты спявак з Вялікабрытаніі — актыўны ўдзельнік усіх фестывальных дзён. Ён жа выступіць у дабрачыннай акцыі “Джаз для дзяцей ад дзяцей”, што пройдзе ў нядзелю. Грошы будуць пералічаны на Міжнародны дабрачынны фонд дапамогі дзецям “Шанс”.
— Акрамя іншых, у майстар-класе і дабрачынным канцэрце ўдзельнічае Студэнцкі хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, — гаворыць кіраўнік калектыву, загадчыца кафедры харавога дырыжыравання, дацэнт Інэса Бадзяка. — Дабрачыннасць даўно стала неад’емнай часткай дзейнасці нашага калектыву. А джаз, такі прыцягальны для моладзі, таксама класіка вышэйшага гатунку, як і акадэмічная музыка. Тым больш, калі з’яўляецца цудоўная магчымасць творчых стасункаў нашых студэнтаў з лепшымі музыкантамі свету.