Vuraj — “Этнатрадыцыя” — “Традыцыйны строй”

№ 6 (1445) 08.02.2020 - 15.02.2020 г

Каардынатар праекта “Традыцыйны строй” Віталь Чымбур паведаміў “К”, што іміджавая доўгатэрміновая акцыя накіравана на відэафіксацыю аўтэнтычных рэгіянальных строяў і інтэграцыю іх у сучаснае грамадства. Праект рэалізуецца сумесна з Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

/i/content/pi/cult/784/16909/11_5.jpgА пачалося ўсё з 2010 года, калі Сяржук Доўгушаў утварыў этна-гурт Vuraj і пачаў эксперыментаваць з палескім фальклорам. Эксперыменты прывялі да аўтарскага перастварэння аўтэнтыкі. Далей — болей. На базе этна-гурта была створана грамадская суполка “Этнатрадыцыя”, якую ўзначаліў таксама спадар Доўгушаў. А “Этнатрадыцыя” ў сваю чаргу спарадзіла праект “Традыцыйны строй”. Каардынатарам яго і стаў Віталь Чымбур — сябра “Этнатрадыцыі” і энергетык па прафесіі. Працэс цалкам лагічны. Аўтэнтыка ў фольк-рокавых спевах не магла не прывесці да аўтэнтыкі ў сцэнічных строях, і не толькі ў сцэнічных.

Сталых спонсараў у арганізацыі і праекта няма. Спадзяюся — пакуль. Асноўны прынцып дзейнасці, калі можна так сказаць, — валанцёрскі. Вось пра што распавядае Віталь Чымбур: “Вынік праекта “Традыцыйны строй” — першая онлайн-энцыклапедыя аўтэнтычных традыцыйных строяў Беларусі. Яна змесціць каля 154 відэакліпаў ды шэраг майстар-класаў. Да кожнага відэакліпа будзе далучана адмысловая інфармацыя з дэталёвым тлумачэннем рэгіянальных адметнасцяў. Энцыклапедыя прызначана і для недасведчанага карыстальніка. Эстэтычнае задавальненне дапаможа разуменню асаблівасцяў нашай традыцыі. А пераклад на англійскую мову прывабіць і міжнародную аўдыторыю”. Віталь Чымбур падкрэслівае, што каманда праекта заўжды гатова супрацоўнічаць з усімі ахвотнымі. А пакуль вядуцца навуковыя даследаванні, назапашваецца фальклорны матэрыял.

 

Фота прадастаўлена арганізатарамі праекта

Першыя вынікі праекта.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"